Першая пала адзіная ў вёсцы камлюкаватая хвоя на ўскрайку гародаў – пайшла ці то на выраб падваконнікаў, ці то яшчэ чагосьці. Затым прыйшла чарга алеяў бэзу, язміну і іншага дэкаратыўнага кустоўя. Памятаю, як жанчына па імі Стася, якая неўзабаве па ўсім тым жаху з’ехала назаўжды да сваякоў у Польшчу, хадзіла па вёсцы з сякераю за поясам і секла на дровы ўсё, што можна было ссекчы. Наўрад сумленне мучыла яе: іншасвет, да якога яна калісьці і марыць наблізіцца не магла, калі і не ўяўляўся ёй варожым, дык і сваім, тым, што не толькі дакляруе, але і абавязвае, дакладна не стаў.
Знішчыўшы дэкарацыі сядзібы, узяліся за самі пакоі. З даху, вядома, пачалі. Ну, а потым… Цягнулі ўсё, што трапляла пад руку: дрэва, цэглу, камень, кафлю. Сверб разбурэння аказаўся такі заразны, што крышылі і цягнулі нават тое, у чым у гаспадарцы не мелася ніякай патрэбы. Так быў знішчаны другі паверх будынка, што ўзводзіўся, як сведчаць архіўныя дакументы, не менш за два стагоддзі. Пакінуты на спажыву дажджам і вятрам першы, цагляны, супраціўляўся больш рашуча, але і ён у рэшце рэшт здаўся, не маючы сілы процістаяць напору стыхіі і чалавечай дурноты. Гэткі ж лёс чакаў і будынак млына ва Устшэжы, і іншыя пабудовы ў наваколлі. Свет хараства нішчыўся на вачах, і кожны з нас міжволі зрабіў у справу разбурэння пэўны ўнёсак.
Гэта дзіўнае адчуванне: ты стаіш на і без таго ўжо знявечанай сцяне калісьці шыкоўнага дома і трушчыш, трушчыш рэшту цэглы носам чаравіка – бяздумна, бязмэтна, машынальна, як робяць усе навокал. Такая моц стаднага інстынкту, такі закон разбурэння, уласцівы не толькі нам, беларусам. Дзікунства ў дачыненні да ўласных матэрыяльных і духоўных набыткаў – рэч не такая рэдкая ў гісторыі. Варта было жыхарам Сан-Марына адчуць волю і беспакаранасць, як яны тут жа пачалі расцягваць на будматэрыялы сваю знакамітую старажытную фартэцыю. Не лепшым чынам паставіліся да сваіх храмаў жыхары Малой Азіі. Рымскі Калізей, сцвярджаюць навукоўцы, больш за ўсё пацярпеў не ад варвараў знешніх, а ад саміх рымлянаў, дарэчы, ужо ў эпоху Адраджэння. Але ўсё гэта – слабое суцяшэнне, калі наогул можа ім быць.
Апошняй ахвярай незваротных пераменаў у мясцовым краявідзе стала рака. Камусьці з калгаснага начальства прыйшло ў голаў узвесці ў вёсцы дамбу для падвышэння ўзроўню вады, і для Вяткі насталі найгоршыя часы. Асабліва для рыбы. Яна ў літаральным сэнсе слова засталася на водмелі і адчайна чаплялася за любую ямку, любую западзінку ў дне. Мы лавілі бездапаможных шчупакоў, акунёў ды плотак, што мітусіліся па абмялелых вірках у пошуку паратунку, з дапамогай накрывак і дзяружак, і спажыва наша была як ніколі багатая і разнастайная. Толькі вось чамусьці радасці з яе нагоды шторазу спадарожнічала адчуванне няёмкасці. І не дзіўна: то была несумленная гульня.
*
Гэткае ж пачуццё, як тады, падчас лоўлі рыбы ў абмялелай рацэ, ахоплівае мяне сёння, калі я прыязджаю ў сваё паўразбуранае Міжрэчча і бачу на месцы пакояў рэшту сцяны ды груду патрушчанай, бітай цэглы – усё, што засталося ад будынка. Толькі зараз да адчування няёмкасці прымешваецца яшчэ і адчуванне, што сама вёска мяне адпрэчвае. «Дзеля чаго гэты флірт з мінулым?» – быццам пытаецца вачніцамі асірацелых хат, не пакідаючы ані шанца на ўваскрашэнне той вялікай, як мне заўсёды здавалася, узаемнай любові, што так доўга сілкавала мяне ў пошуках больш-менш прыдатнага зямнога прыстанку.
Але што там вёска – нават рака, здаецца, не радая госцю. Калісьці гэтак прыязная, яна, быццам сцвярджаючы ісціну пра ваду, у якую двойчы не ўвойдзеш, усё больш рашуча намякае на адчужэнне. То зацягне багнаю, якой тут ніколі не было, любімае месца купання, то сцягне цячэннем з нагі абутак, то сутыкне на прыбярэжнай сцяжыне з новым гаспадаром мясціны – дзікім зверам, што, асмялелы на бязлюддзі, бесцырымонна пашырае свае ўладанні за кошт апошніх, нямоглых насельнікаў Міжрэчча. Назаўжды застанецца ўва мне сімвалам уласнае счужэласці родным мясцінам выпадак, што адбыўся на Вятцы ў адзін з апошніх маіх прыездаў.
Ціхім надвячоркам я стаяў у адзіноце па грудзі ў вірку пад навіслым на вадою кустоўем, як раптам з кустоўя таго рынулася на мяне штосьці чорнае велічынёй з сярэдняга росту сабаку. То быў бабёр, які, мусіць, заўважыўшы ўмяшальніцтва старонняга ў свае бабрыныя справы (я напярэдадні ачысціў дно вірка ад падазрона свежага альховага галля), вырашыў падпільнаваць зламысніка і давесці яму такім чынам пра свае гаспадарскія правы. І хоць бабёр, як вядома, — істота не такая ўжо агрэсіўная, ці ўзнікне ў мяне калі-небудзь яшчэ жаданне акунуцца ў маім асвечаным памяццю пра мінулае вірку яшчэ раз – не ведаю. Наўрад.