Выбрать главу

Вось так непрыязна сустракае мяне сёння Міжрэчча. І толькі западзіны побач з руінамі сядзібнага дома не-не ды і пададуць, як раней, знак гасціннасці, усцешаць ураджаем велізарных, памерам у тры чалавечыя галавы, грыбоў-дажджавікоў.

Гады з два таму адзін са школьных прыяцеляў з суседняй вёскі павёў мяне паглядзець склеп, які застаўся яму ў спадчыну ад бацькоў разам з хатай. Пабудова ашаламіла мяне памерамі і размахам фантазіі. Асабліва ўражвалі ўнушальныя, выкладзеныя з чырвонай, старадаўняга абпалу цэглы сцены. «Памятаеш млын ва Устшэжы? Адтуль усё», — бачачы маё здзіўленне, патлумачыў гаспадар. Я глядзеў на ўсю гэтую прыгажосць, і яна мяне зусім не радавала. Гэта не была прыгажосць, здольная сагрэць душу, занадта відавочна праступалі паўз яе абрысы халодныя прожылкі прадпрымальнасці і цынізму.

І гэтаксама вее сёння на мяне сцюжаю ад руінаў самога млына. Калісьці ўтульны райскі куточак са штучным вадаспадам на месцы плаціны ператвораны ў пляцоўку для масавых гульбішчаў, і спякотным летнім днём там літаральна не прапхнуцца сярод чужых. Такая Ніягара мясцовага значэння. Чужыя людзі, чужая вада, чужая мова. І гэткая ж атмасфера закінутасці і спустошанасці сустракае побач – на гарадзішчы. Крыж скрадзены, указальнік пра тое, што гэта помнік археалогіі 12 стагоддзя, павалены, наўкола такія джунглі з зарасніку лазы ды альхі, быльнягу і крапівы, што ўпару, здаецца, насяляць месца статкамі дзікіх жывёл. На жаль, страчаны не толькі дух мясцовасці, але амаль усё, што здольнае было б сілкаваць яго насуперак поступу часу. Як у ваду канула, напрыклад, знікла бясследна выява пакояў пэндзля Язэпа Драздовіча, што шмат гадоў упрыгожвала жытло нашых настаўнікаў.

Некалькі год таму згарэла наша хата ў Міжрэччы. Пакінутая на волю лёсу, нябога занялася полымем так імкліва, што двое старых суседзяў не тое што ўратаваць будыніну—ахнуць не паспелі. З таго часу і цаляе маё роднае котлішча комінам у неба, быццам у надзеі дагнаць у росце ствалы ацалелых падчас бязглуздага пілавання таполяў. Зрэшты, ужо дарэмна: два гады таму комін заняла пад гняздо пара маладых буслоў. Так што таполі могуць не хвалявацца: адносна вышыні пальма першынства застанецца за імі, прынамсі, ва ўяўленні тых, хто калі-небудзь іх бачыў, назаўжды.

Кожны раз, калі шчасціць наведаць нейкую знакамітую мясціну ў замежжы, я міжволі параўноўваю яе з якой-небудзь з нашых, міжрэчанскіх. Часта параўнанне не на карысць першай. Але гэта не здаецца мне дзіўным: справа не ў значнасці помніка для ўсяго чалавецтва. Справа – у самой памяці. У дадзеным выпадку – у памяці пра вёску-выспу аднаго пакалення, якая, раздзяліўшы са сваімі жыхарамі радасць сціплых сельскіх дабротаў у часы, калі жыццё бруіла тут крыніцай, і сама ціха згасла па яго адыходзе.

*

Пры ўсёй цынічнасці азначэння радзімы як месца, дзе мы знаходзімся тут і цяпер, штосьці ёсць у ім справядлівае. Сёння, калі Міжрэчча перастала быць маім домам у літаральным сэнсе гэтага слова, настальгія па яго букштынава-сунічных пагорках ўсё радзей і радзей наведвае мяне. Я пытаюся ў сябе, ці згадзіўся б зноў пачаць усё там, у блаславёных Богам ды адпрэчаных людзьмі садах, і не без каліва ўнутранай збянтэжанасці лаўлю сябе на рашучым «не». У сталым узросце і ў самых чароўных ды прыгожых мясцінах хораша блукаць, маючы пэўнасць, што яны дадуць табе штосьці не толькі для душы, але і для цела. Цёплай вады, каб без залішніх клопатаў ды высілкаў памыць перад сном ногі. Бярэма дроў, па якіх не баліць галава ў хвіліны кароткага, значна карацейшага, чым таго патрабуе наша чалавечая прырода, адпачынку паміж ходкамі на поле ці да статку. Мажлівасці хоць краем вока, хоць зрэдку, нараччас, як казалі калісьці мае аднавяскоўцы, зірнуць на іншы, можа, і не нашмат прывабнейшы, чым твой уласны, ды ўсё ж няведамы свет. Што гэта – адступніцтва? Здрада? Магчыма, і тое, і другое, ды штосьці мне за іх ані не сорамна.

Выспа Мова

Эсэ

Калі мне хочацца ўзгадаць родную гаворку, я вяртаюся ў думках дадому, у сваё сцішэлае, напаўзгаслае Міжрэчча. Акунуцца наноў у бяздонныя віры спрадвечнай гармоніі прадмета і слова, вывудзіць з тых віроў залатнік першароднага, не сфальшаванага стараннямі навукоўцаў ды поступам часу гучання – што можа быць лепш? Нават цяпер, калі самога дома ўжо колькі год як няма, адметнасці маўлення землякоў, апошніх носьбітаў і сведкаў моўнай размаітасці памежнага краю, так моцна трымаюць мяне пры сабе, што калі-нікалі прыходзяць і ў сне. Часам гарклявыя ад прыпаміну нейкага собскага саромнага ўчынку, імі абнаймененага, яны, аднак, ніколі не бываюць мулкімі: гарошына згадкі адно здатная разняволіць душу ды, даўшы накірунак фантазіі, бліснуць дыяментам і зноў згубіцца ў нетрах памяці – да наступнага, што з няведама якіх схронаў вымкнецца і з нітак якой прадаўніны стчэцца, аб’яўлення.