Дзіўна, але ў паселішчы з крыху больш за дзесятак хатаў адно і тое ж слова магло мець некалькі варыянтаў: ізнова – узнова – зновака – знова; сусём – сусім – саўсім – саўсём і г. д. Усе гэтыя словы не-не ды нагадаюць пра сябе, як ні з таго ні з сяго нагадала днямі, пасля вандроўкі ў прыгарадны лес, словазлучэнне «зноданае абуванне». Зноданае (ці зблочанае) – значыць збруджанае, недагледжанае, папсаванае. І вось жа выплыла неўпрыцям у памяці праз амаль што паўвека пасля таго, як апошні раз пачуў яго ці то ад бацькоў, ці то ад каго з аднавяскоўцаў.
Адметнасць нашых гаворак – іх неймаверная насычанасць саркастызмамі. А часам і відавочнымі сэнсавымі алагізмамі. Вось, напрыклад, што значыць характэрны для паўночна-заходняй ускраіны Прыдзвіння выраз — быў памёршы? Быццам памёр чалавек, але толькі часова, каб зноў уваскрэснуць? «Паехалі да таго дзядзькі і якраз на хаўтуры трапілі: бацька быў у яго памёршы, дык паміналі». Быў памёршы, быў сказаўшы, быў прыйшоўшы… А яшчэ ёсць форма быўшы – у значэнні быў. «Раней млын тут быўшы, а цяпер пустэльня во ўсюды».
Мабыць, толькі сярод такіх цнатлівых ды несапсаваных цывілізацыяй людзей, як мае землякі, мог нарадзіцца ды, галоўнае, успрымацца без юрлівае ўсмешкі бясспрэчны рэгіянальны моўны хіт — «даць парсюку». «Ты парсюку дала?» – «Дала, анягож!» – «То і я пайду дам свайму. Уранні дала, паўднём дала – усё мала яму, вішчыць ды вішчыць. Калі ўжо нажарэцца...».
Абабіць у агульнапрынятым значэнні – значыць абгарнуць чымсьці, вагонкаю, напрыклад, ці тканінай, ці бляхай. У нас «абабіць» – значыць дзіця пабіць, пакараць за нешта. Не збіць, не спаласаваць да шнараў, а так лёгенька, так бы мовіць, любоўна, — лазінкаю там ці рэменем пахадзіць па целе – абабіць.
А вось слова міндаліны паводле тлумачальнага слоўніка – калька з рускай, няйначай. У нас было – гручолы, з выбухным «г». Міжволі асацыявалася з тым, што грувасціцца ў роце, замінае. Бывала, так распухнуць па прастудзе, што, здаецца, рады дыхнуць неўзабаве не дасі. Памятаю, як дзесьці ў 14-гадовым узросце ірвалі ў бальніцы – лыжкаю. Лыжка тупая (востраю нельга – сасуды парэжаш), а яны, гручоліны тыя, упіраюцца, не жадаюць зрушвацца з месца. Твар доктарцы скрывавіў, керхнуўшы, злуецца кабета, ажно такі нешта не так зрабіла, колькі гадзін з заціскачом у роце давялося па працэдуры ляжаць.
Праўдзівыя «гручолы».
Насуперак распаўсюджанаму меркаванню аб ледзь не татальнай спольшчанасці насельнікаў колішніх «крэсаў», у нас у паваенным часе такой з’явы і блізка не назіралася. Наадварот, усё, што нагадвала пра нядаўняе «польскае» мінулае, не ўхвалялася, а то і з’яўлялася аб’ектам кпінаў: нашы выхаваныя ў крэсавых школах дзяды-прадзеды занадта добра ведалі сваё месца, каб замахвацца на большае, чым дазваляла ім іх паходжанне. Прычына гэткага феномену хаваецца не ў прыроднай сціпласці тутэйшага люду, а найперш у сацыяльнай няроўнасці карэнных жыхароў і тых іншаземцаў, каго яны цягам стагоддзяў мусілі мець за пана. Прорва паміж становішчам аўтахтонаў і тых, што іх паланілі, не дазволіла апошнім дасягнуць мэты ў справе асіміляцыі. Так ужо ўладкавана на свеце, што і прымусоваму чыну, каб стаць паспяховым, патрабуецца хоць які-кольвек складнік добраахвотнасці.
Размаўляць «з польскага» або «з рускага» на маёй малой радзіме заўсёды лічылася праяваю кепскага выхавання і фанабэрыстасці. Дастаткова было чалавеку аднойчы прадэманстраваць гэткім чынам сваю вучонасць перад вяскоўцамі, як ягоная рэпутацыя аказвалася беззваротна сапсаванай. Жыхары Міжрэчча і яго ваколіцаў у сваіх моўных прыхільнасцях былі кансерватыўнымі і ўжыванне іншамоўных словаў кшталту «папа» замест «тата» ўспрымалі не іначай, як праяву неадэкватных паводзінаў. Клішэ гэткага стаўлення да чужой мовы і па сёння жыве ў свядомасці многіх маіх землякоў. Калі пару год таму наша настаўніца матэматыкі, беларускамоўная кабета, загаварыла ў бяспамяцтве пасля інсульту «з рускага», гэта было кваліфікавана як адзнака вельмі кепскага стану вельмі хворага чалавека. Мяжа «сваё – чужое», «маё – не маё» ў дачыненні да рэчаў нематэрыяльных спаконвеку з’яўлялася ў нас гэткай жа недатыкальнай, як і мяжа пожняў для касьбы ці выпасу статку. Так што калі часам каторы з тубыльцаў дэманструе і зараз адноснае веданне чужой, да прыкладу, польскай мовы, гэта зусім не азначае факту яе наяўнасці ў моўнай яго стыхіі, а толькі сведчыць пра жаданне чалавека здавацца больш адукаваным, чым ёсць насамрэч.