Ліст Сашку незразумелы, ды і як тут даць рады што-кольвек зразумець, калі замест апісання – спрэс адны недаказкі-недагаворкі. Ну, хай сабе гурбы, хай сцюжа, хай хвоя-спарыш з арэлямі, гэта зразумела. А пры чым да ўсяго нейкая пайка ды братавы пялюшкі, якія цётка Люба мусіць сушыць, абгарнуўшы іх вакол уласнага цела? І чаму яна выносіць цела брата, а назад не вяртае – што гэта значыць? Нішто сабе Поўнач, нішто сабе аповяд. Ці тое гэта, пра што то адзін, то другі з суседзяў не-не ды і згадае паўшэптам у размове? Хоць папытайся ў каго са старэйшых, напрыклад, у дзядзькі Зюзялька? Але ж пытацца ў абыход Люсінай персоны не выпадае. Як-ніяк яны з Люсяю сябры, а што такое праўдзівае сяброўства, ён, Сашка, ўжо няблага кеміць. Асабліва зараз, па прыездзе Лёлі, якая і глядзець у іх з Люсяю бок, фанабэра, не жадае. Ды і цьмяная здагадка, што крыецца за Люсіным лістом штосьці больш сур’ёзнае, чым проста занурыста-зацятая звычка бязбацькавіцы рабіць з усяго таямніцу, стрымлівае Сашкаву дапытлівасць.
Ён сядзіць у самоце на звыклым месцы, у альтанцы, чакае, калі выйдзе з барака госць Гарнакоў. А разам падчэквае і Люсю, якая выправілася з паўгадзіны таму з цёткаю Карусяй ў пассавет па сахарыну.
Госць Гарнакоў з’яўляецца ў двары першы. Гэта моцна збіты мужчына год трыццаці з тонкімі, як намаляванымі вусікамі і спружыністай хадою, што хутчэй за ўсё выдае ў яе ўладальніку або вайскоўца, або службоўца міліцэйскай сістэмы. Па ягоным расчырванелым твары бачна, што ён не ў гуморы. Ён выцірае насоўкаю пот на ілбе, сыходзіць з ганка, шырокім крокам, ажно разлятаюцца ўбакі полы дыхтоўнага на тле сціплае штодзённае апраткі тутэйшага люду плашча, прастуе прэч ад барака. Цётка Люба праз хвіліну выскоквае на двор, подбегам імчыць за ім, і яны ўдваіх знікаюць неўзабаве па-за ліпавымі прысадамі.
— Хахаль, няйначай, — хіхікае-цвеліцца з вакна Зюзялёк, і бацькаў стрыманы голас, таксама з вакна, толькі насупраць, асаджвае яго:
— Сціхні ты! Чым вярзці абы-што, пад жонку лепей падышоў бы. Там, можа, гэтулькі тае сахарыны далі, што і не прывалачэш адною ходкай. Гэтулькі, можа, што і каня, глядзі, не лішне было б запрэгчы.
Кулепадобная пастава цёткі Карусі вымыкаецца з-за прысадаў, і па яе панылым твары няцяжка здагадацца, што не толькі каня, а і блыху, бадай, запрагаць дзеля гэткага багажу было б не варта.
Лёля пераймае цётку Карусю ля дзвярэй пад’езда, штосьці кажа напаўголаса. І хоць ні гуку не далятае да альтанкі з тае нячутнае гаманы, па непрыязным паглядзе, які кідае ўпотайкі Лёля на вокны Гарнакоў, Сашку зразумела, пра каго размова. Дзядзька Зюзялёк перахоплівае пагляд пляменніцы, усмешліва хмыкае:
— От табе прырода жаночая: колькі тае дзеўкі, а ўжо натурыцца, быццам суперніцу ў іншай адчувае. А што будзе, як падрастуць?
Што здарылася нешта надзвычайнае, першымі даведваюцца Сашка з дзядзькам Зюзяльком. Навіну прыносіць паштарка. Яна толькі што з таго канца мястэчка, і там, калі даваць ёй веры, дзеецца штосьці неверагоднае: люд стабуніўся ля млына, а на доле пад вакном, на камянях нібыта ляжыць мярцвяк.
— Сцягацца паглядзець, — кажа дзядзька Зюзялёк і перакідвае праз падваконнік (ісці праз дзверы яму ці то лянота, ці то боязна, што не пусціць на тыя гледзіны цётка Каруся) хударлявае сваё, з непрапарцыйна даўгімі рукамі цела. Бацька далучаецца да яго, яны скіроўваюць з двара. Сашка спрабуе прыпусціць следам за імі, але яны тут жа спыняюцца, гоняць яго прэч. Яны адыходзяць, а ён, счакаўшы колькі хвілін, ідзе да барака. Люся (яна колькі хвілін таму вярнулася следам за цёткаю Карусяй з пассавета) паказвае яму на мігі з-за шыбіны, каб уваходзіў, і цёмнае, праніцанае пахам спарахнелага дрэва і тарпы – так называюць у пасёлку торф для паліва – прадонне калідора праглынае яго.
Люся сядзіць у здранцвенні пры вакне, лічыць пігулкі сахарыны. У пакоі цемнавата, але, здаецца, нават і самая густая цемра не перашкодзіла б Сашку, далёка не выбрэду, чарговы раз уразіцца яго беднасцю: самаробны старэнькі стол у куце, тапчан, два зэдлі-калечкі ля парэпанага, складзенага сяк-так з карыстанае цэглы шчытка.
— Ты ліст мой прачытаў? – пытаецца Люся і строга дадае: — Калі прачытаў, то аддай яго мне.
— Які ж то ліст, крыжаванка нейкая, а не ліст, — адказвае Сашка. – Што ў ім зразумееш?
— Усё адно аддай. Які б ні быў...
Ён хоча запярэчыць, што дасланыя лісты не вяртаюць, але не паспявае: з двара даносяцца галасы.
Люся падымаецца з зэдля, напружана, ажно падрыгваюць павекі, глядзіць паўз фіранку ў вакно.