Літаральна напярэдадні ад’езду ў Швецыю даведаўся з газет, што Вісбю, аказваецца, — пабрацім Віцебска. І што зусім нядаўна да нас прыязджала з мэтаю мацавання сувязей між рэгіёнамі губернатар выспы Марыян Самуэльсан. «Завязу ёй пару віцебскіх газет з матэрыяламі пра тую гасціну», – падумаў і паклаў іх у сумку. Ды дарэмнымі аказаліся турботы. Толькі дамовіліся з Ленай Пастэрнак пра візіт ва ўправу, як на наступны дзень мясцовыя выданні застракацелі артыкуламі пра адстаўку губернатара за тое, што дала згоду на набыццё адным з удзельнікаў гурта «АВВА» кавалка зямлі ў ваколіцах горада. Не за хабар. Дала згоду на продаж, мабыць, у знак павагі да музыкі — гэтага хапіла, каб увадначас пазбавіцца пасады за парушэнне пастановы аб забароне такіх аперацый і імгненна трапіць пад прыцэл газетчыкаў. Якія ў сваіх публікацыях празмернага піетэту датычна ўладных персонаў не выяўляюць. Хоць, зрэшты, і не клянуць без дай прычыны.
Пры знаёмстве з чужым горадам важна пабачыць яго ваколіцы. Прыгарадны ландшафт, рэльеф мясцовасці, нават моц ветру, што ў кожным закутку розная, — усё гэта спрыяе больш поўнаму ўяўленню аб самім горадзе, дае адчуванне яго прасторавай перспектывы. Так я зразумеў у свой час, ужо ладна пажыўшы ў горадзе над Дзвіною, свой Віцебск. Так раблю кожны раз, трапляючы ў незнаёмую дагэтуль мясціну. Тым болей калі мясціна такая пярэстая, як Готланд, дзе што ні дзесятак вёрстаў, то новы відарыс, новае ўражанне, адметная візуальная карціна.
Чым здзіўляе сельскі Готланд, дык гэта нераўнавагаю паміж «непрычасанасцю» прыроды і цывілізаванасцю сядзібаў. Дзікая, нейкая нават часам, здаецца, агрэсіўная ў сваёй першароднай дзікасці натура — і дагледжаныя, блісь ды ясь, будынкі. Жытло і адцяняе неўтаймоўнасць прыроды і разам з тым быццам суцішвае яе, падвысакароджвае, ці што. Так што нават пабудовы кшталту абораў для падкормлівання авечак, што раз-пораз узнікаюць сям і там усцяж складзеных са скальнай пароды загародак, не здаюцца на Готландзе рудыментамі прамінулага часу. Наш ватыканападобны Мосар у параўнанні з выспавымі готландскімі краявідамі – наадварот, аазіс хараства на тле ўбоства. Памятаю першае сваё, неспадзеўнае, па дарозе аднекуль, знаёмства з Мосарам. Быццам у казку ўехаў. А выехалі з таго парадызу: хаты пахілыя, шэрыя наўкола – і быццам і не было ніякага цуду.
Калі ландшафт уражвае на Готландзе размаітасцю кліматычных зрэзаў, дык лютэранскія шыркі, наадварот, — дзівяць аднастай¬насцю. Быццам адзін чалавек іх будаваў, гэтак падобныя яны адна да аднае. Прыгожыя, канечне, усе, ды адмалку звыкламу да розных стыляў культавых пабудоваў дзвюхканфесійнае краіны беларусу пададуцца яны сумнымі. Выключэннем стала бадай што толькі Форё Шырка, і то дзякуючы апошняму прытулку знакамітасці — магіле Інгмара Бергмана. Такой сціплай, якую толькі, напэўна, асоба гэткага маштабу, як Бергман, і магла сабе без увагі на імаверную перспектыву пертурбацый ацэнкі свайго творчага даробку ў будучыні дазволіць.
Мы ўжо збіраліся адыходзіць ад магілы Бергмана, як раптам пачулі з-за агароджы, што аддзяляе дзядзінец пры царкве ад астатняга свету, бляянне авечкі. Тоўстая, бы дзяжа, калматая, з неахайнымі пасамі воўны на баках і на спіне, яна нагадала сваёй прысутнасцю помную са школьных гадоў сцэну наведання сынавай магілы старымі Базаравымі. З той толькі розніцай хіба, што авечкі ля Форё Шырка ходзяць не «безвозбранно», як у Тургенева, а ўсё-такі больш-менш цывілізавана: каменная агароджа на клады не пускае.
Хоць канец ліпеня і пачатак жніўня і цёплыя на Готландзе, і Гальфстрым дае аб сабе знаць падчас купання ў моры, і сонца на пяшчоту не сказаць каб скупое, усё адно адчуванне, што гэта краіна паўночная, не пакідае ні на хвіліну. То вецер падзьме раптам з Балтыкі, вокамгненна зменіць краявід ды спупырышыць скуру на руках-нагах, то крывенькія хвоі ды іншыя прадстаўнікі мясцовай флоры ўсцяж дарогі пацямнеюць пад завесаю наплылых няведама адкуль хмараў, то трава збоч сцяжыны пахінецца долу пад ціскам дажджавых кропляў. Едзеш на ровары ўздоўж узбярэжжа і чамусьці міжволі ўяўляеш, як яно ўсё выглядае тут узімку: сцішна, самотна, маўкліва.