Выбрать главу

Сваё – тое, што належыць нам паводле закону спадчыннасці. Альбо набытае ва ўласнасць працаю, намаганнямі, і часам немалымі. Калі ж нешта чужое нас прываблівае, і займець яго ў якасці свайго надта хочацца, тады адзіны шлях да задавальнення такога неадольнага свербу — скарыстаць узор жаданага чужога дзеля стварэння гэткага ж свайго. Прыкладна так мне думалася ў цягніку з Вільні на Мінск падчас вяртання з Готланда. Ззаду засталіся пералёты з Вісбю ў Стакгольм і са Стакгольма ў Вільню, яшчэ зусім свежыя былі ўражанні ад выспы і гасцінных, зычлівых гаспадароў Baltic Centre, а мне хацелася як хутчэй апынуцца ў Беларусі. Канечне, такую мясціну, як Готланд, не палюбіць немагчыма. Ды, надзіва, асаблівага смутку ад расстання з зямным раем не было — толькі стома ды жаданне адасобіцца ад не ў меру схільных да размоваў суседзяў па купэ. Апошнім штрыхом утомнага ваяжу сталі тры піражкі ў будынку мінскага вакзала, якімі я не даў рады не спакусіцца з-за неймавернай іх (у параўнанні са шведскімі коштамі на прадукцыю падобнага кшталту) таннасці. Якія тут жа, нягледзячы, што былі тыя піражкі каляныя, бы глыжы, похапкам і праглынуў: дома, вядома, і салома ядома.

Выспа Смерць

Эсэ

Калі праўда, што жыццё – найвялікшая вартасць, то найвялікшая антывартасць тады, канечне ж, – смерць. Выспа, на тле якой каштоўнасць жыцця выдае недарэчным вычварэнствам прыроды без каліва мэтазгоднасці і сэнсу – цудоўная падстава для змрочных сентэнцый рознага кшталту цынікаў і мізантропаў, адмысловая глеба для ўзгадавання ў душы і свядомасці таго, што робіць у нашым уяўленні любыя праявы жыцця і прэснымі, і нелагічнымі, і марнымі. Але тут, праўда, шмат што залежыць ад адметнасцяў асабовага ўспрыняцця чалавекам факта смерці. Вядома ж, што нават самыя цынічныя ды мізантрапічныя з роду людскога, калі справа даходзіць да ўласнае персоны, выяўляюцца насамрэч далёка не такімі, як сябе дэкларуюць. І асабліва выразна выяўляецца тое ў хвіліну блізкага скону, калі нелюбоў да іншых неўпрыкмет чэзне пад ціскам невыказнага жалю да сябе: човен непрыняцця бліжняга, якім бы непатапляльна-непрыступным ён нам часам ні здаваўся, якімі б ніткамі якіх філасофій і канцэпцый ні мацаваўся, аб крутыя берагі выспы пад назовам смерць разбіваецца ўшчэнт.

Мае продкі, прынамсі, тыя, чый адыход з жыцця зямнога збольшага памятаю, смерці не баяліся. Магчыма, вера ў жыццё вечнае была прычынаю, а хутчэй за ўсё — папросту не мелі на боязь часу. Паміралі, бы дрэва падчас буры: узляцела сярод белага дня віхура, вырвала з коранем з глебы, і ўсяе мітрэнгі. Гэтак дзед, бацькаў бацька, памёр. Пахіліўся долу, шкрабануў, намагаючыся ўтрымацца на нагах, пазногцямі шпалеры на сцяне і сканаў. Другі дзед, праўда, крыху хварэў, ды таксама дарэшты збрыдзець сабе і іншым праз уласную нямогласць не паспеў. Найменей бабулі, бацькавай маці, пашанцавала: аж тры гады адпакутавала нябога. Спалярушаная інсультам, стукала кійком па рабрыне ложка, брыдка лаялася на дзеда, з якім дагэтуль ніколі не сварылася, бо заўжды дагаджаў, з-за рознае  драбязы. Ні нараканняў на пакуты ды боль, ні словаў жальбы – нічога, апроч заўсёднага жадання ўсё рабіць па-свойму, адпаведна негалоснаму статусу галавы сям’і.

Гарадскія паховіны, як старая памрэ (старых мужчынаў штосьці наогул не бачна, ні ў труне, ні па-за ёю): з два дзясяткі чалавек, з іх ці не палова – бабулькі-суседкі, сяброўкі нябожчыцы. Адна адну праводзяць, аплакваюць пад абыякава-похаплівую мітусню сваякоў памерлай. Дамова такая ў жанчын між сабою: памрэ каторая — астатнія абавязкова павінны прыйсці на пахаванне. Не так, можа, дзеля самога развітання (наразвітваліся ўлетку-ўвосень на лаве пры шматпавярхоўцы), як дзеля надання цырымоніі якой-кольвек прыстойнасці ды падабенства людскасці: скрушліва, ды дзелавіта,  адно што без музыкі і доўгіх прамоваў.

Бацька ў маладосці не так смерці – надта ж нябожчыкаў баяўся. Ды так ажно, што, калі пачаў канаць дзед Данат, у якога яны з маці і мною, немаўлём, часова кватаравалі на хутары ў Вяце, пакінуўшы мяне ў зыбцы сам-насам са старым (маці дома не было), стрымгалоў выбег з хаты на двор. А тым часам у размовах датычна смерці заўсёды выяўляў іранічную абыякавасць. «Толькі без слёз мяне праводзьце, — казаў, малюючы ўголас сцэну ўласнага пахавання. – Наадварот, каб весела было. Ад могілак зачынайце танчыць». У апошнія гады жыцця, быццам прымерваючы на сябе стан нябожчыка, падчас пахавання каго-небудзь са сваякоў ці суседзяў знарок клаўся ўнаначкі пасля адыходу спявакаў у пакоі з памерлым. Можа, боязі гэткім чынам хацеў пазбыцца, не ведаю. А паміраў вельмі спакойна. Быццам і не паміраў, а проста некуды збіраўся адысціся на кароткі час. Але што смерць пры галавах – дакладна, здаецца, ведаў і разумеў. Так паціснуў сястры, пасля казала, на развітанне руку, быццам штосьці хацеў у спадкі перадаць. Маці, наадварот, турбавалася напрыканцы. Не за сябе — за нас, дарослых ужо дзяцей. З усіх памерлых родных ды сваякоў яна, бадай, адзіная выказала смерці рашучую нязгоду з часам яе аб’яўлення.