Глыбока ўсвядомленае прыняцце смерці як непазбежнасці на грунце веры ў вечнае жыццё па фізічным сконе робіць адыход чалавека прыгожым у эстэтычным плане. Сведкам такога адыходу пашчасціла быць колькі год таму на пахаванні далёкага сваяка на малой радзіме. Утульна было на тым пахаванні, цёпла – пад рэлігійныя спевы, перагукванні, згадкі-прыпаміны. Амаль не плакалі па нябожчыку, і цётка, ягоная жонка, – ці не менш за ўсіх сумавала. Распавядала, як добра ёй было з сужэнкам разам тут, у гэтым жыцці, прыпушчала, якім радасным ды шчаслівым будзе хуткае – навекі ўжо – спатканне ў жыцці нябесным. Гаманіла ўдава, а такое ўражанне было, быццам высучвае нітку яшчэ тут, што вось-вось выслізне з рук, ды не парвецца дарэшты, а толькі пераменіцца няўзнак у нітку там, дзе і ёй, старой, годнага месца не забракне. Якое яна хоць гэтае вось хвіліны гатовая прыняць, ды воля Божая на ўсё: як Ён, апірышча і сіла для слабога чалавека, распарадзіцца, так і будзе. Ёсць паняцце культуры жыцця, ёсць, адпаведна, – культуры смерці, і сувязь між імі, мабыць, нашмат больш моцная, чым нам уяўляецца.
У «Легендзе пра Нараяму» Сёхэя Імамуры старая маці, каб вызваліць сваякоў ад лішняга рота, цішком выбівае сабе ўначы глыжом ці то каменем апошні зуб, пасля чаго сын нясе нябогу, паводле звычаю, на гару, дзе і мае яна спаткаць у абсалютнай самоце сваю смерць. Жорсткая звычка, у якой, перадусім, паэзія брутальнага, то бок гіпертрафаванага калектыўнага інтарэсу, як ні дзіўна, і жорсткасць нівелюе, і, галоўнае, глыбіннай логіцы сутнасці нашага быцця, колькі б ні трылузілі мы пра гуманізм ды чалавекалюбства, здаецца, зусім не пярэчыць.
Хоць нашы продкі смерці і не надта баяліся — да яе, аднак, грунтоўна рыхтаваліся. Што апрануць у апошні шлях, як і дзе пахаваць, якую выкапаць магілу, каго паклікаць на хаўтуры – усё абмаўлялася, узгаднялася са сваякамі загадзя. Калі на пахаванне бабулі Галены прыйшло шмат людзей, дзед выказаў незадаволенасць на гэты конт: адкуль, маўляў, гэтулькі «пустога» народу? бач, наляцелі паесці-папіці… Вопратку часцей за ўсё, асабліва калі чалавек быў у веку, самі сабе замаўлялі ў знаёмых швачак і паказвалі на ўсялякі выпадак адзін аднаму, дзе што ляжыць. У асяроддзі людзей, якія прывыклі ва ўсім спадзявацца толькі на сябе, такі рацыянальны падыход да развітання са светам жывых – натуральная з’ява. Але ён не ва ўсіх знаходзіць разуменне і часам людзей шакуе. Калі я гады тры таму патэлефанаваў аднаму дырэктару могілак, каб замовіць для сябе месца на кладах побач са сваякамі, здзіўленню ягонаму не было межаў. Разам з тым піетэт чалавека перад бабаю з касой, узгадаваны, хутчэй за ўсё, на глебе забабонаў, аказаўся такі вялікі, што справа вырашылася літаральна за хвіліны: «Ну, як жа, канечне, едзьце адмерце сабе самі, колькі трэба».
Дзіўна, як у часы падаўлення чалавечай асобы адразу ж пачынае ўзрастаць культ працягласці жыцця. Праз сродкі масавай інфармацыі найперш. «Беражыце сябе!» – амаль ва ўсіх таблоідах у суправаджэнні падрабязных рэкамендацый, як засцерагацца, як лекавацца, як наогул жыццё падоўжыць: сад-гарод, травы-лекі, рэцэпты, парады – тэмы не забароненыя… Гэткі інструмент адцягнення ўвагі ад значнага праз выкарыстанне адвечнай нашай прагі заставацца на зямлі як найдаўжэй. Так, глядзіш, пры гэткім дбанні і сродак да несмяротнасці неўпрыкмет вынайдзем. Не хацелася б: на ўсіх не хопіць, самыя нахабныя ды паскудныя скарыстаюцца, і без таго не надта прывабная агульная карціна генафонду чалавецтва рэзка пагоршыцца.
Варажыць, калі напаткае цябе смерць, – справа і рызыкоўная, і неразумная. С. Моэм упершыню напісаў пра свае старэчыя адчуванні так, быццам ужо развітваўся з жыццём, у 60-гадовым узросце. А тое ягонае развітанне расцягнулася больш як на дваццаць гадоў. Але гэта, мабыць, калі жывеш не адзін і нават хаўрусніка, што спахапіўся б уранні, не чуючы гукаў з твайго пакоя, як Моэм, маеш. Для адзінокага ж чалавека смерць ( як і многае іншае, зрэшты) — галаўны боль. Тым больш калі месцішся на сёмым паверсе шматпавярхоўкі, і да могілак вёрст дзвесце, а традыцыяй крэмацыі ў наваколлі нават не пахне.
Нядаўна, завіхаючыся з рыдлёўкай на касцёльным дзядзінцы, убачыў чалавека гадоў пад шэсцьдзесят, што ў нерашучасці таптаўся пры браме. Разгаварыліся. Аказалася, шукае дзядзька каго-небудзь са святароў, каб з іх дапамогаю ўладзіць справу з уласным пахаваннем. Маўляў, хвароба смяртэльная, заставацца на гэтым свеце ўжо нядоўга, сваякоў не маю, вось і шукаю таго, хто ўзяў бы на сябе клопат годна праводзіць у лепшы свет. Хай без хрысціянскае цырымоніі, але ж каб толькі надзейна, і галоўнае – каб не заляжацца ў самоце па сконе на колькі дзён, а то і тыдняў… І так чалавек, відаць па ўсім, пераняўся тым дробным на старонні погляд клопатам, страхам і пасля адыходу застацца нікому не патрэбным, што нават няёмка было тое па першасці бачыць.