Няма такой сволачы дробнай, якая не жадала б стаць буйной, і няма такой буйной, якая пнулася б стаць дробнай. Як няма гніды, што не марыць стаць праўдзіваю вошаю, і як няма вошы, што, наадварот, марыла б вярнуцца ў стан гніды.
Габарыты сволачы не заўсёды прапарцыйныя яе разумоваму патэнцыялу. Што, аднак, не замінае ёй займаць высокае месца на сацыяльнай лесвіцы. Як сярод некаторых прыматаў, дзе становішча асобіны сярод суродзічаў вызначаецца не колькасцю звілін у мозгу, а выключна памерам цела і вастрынёй зубоў.
Затое калібернасць сволачы амаль заўжды прапарцыйная яе пасадзе. Чым вышэй пасада, тым заўважней наяўнасць сволачнасці. Як у скарпіёна, ступень атрутнасці джала якога ўзрастае прапарцыйна ўзрастанню камфортнасці месца бытавання.
Сволач моцна трымаецца за крэсла. Як уласна плод павука за шкарлупіну яйка, з якой ён так моцна зрастаецца, што яны ўяўляюць разам суцэльную, непадзельную субстанцыю-абалонку.
Сволач вёрткая. Як птушка анхінга, што ўскідвае падчас палявання голаў так хутка, што гэта можна параўнаць з нападам гадзюкі. Ці як каршун, што лёгка скрадзе з-пад носа ў грыфа кавалак падлы і, перш чым той паспее зрэагаваць на крадзеж, уцячэ з ім у хмыз. Або як рачная гідра, што, нават вывернутая навыварат, бы палец пальчаткі, без цяжкасці прыстасуецца да жыцця ў новым становішчы.
Сволач жывучая. Яе хоць у бездань марскую кінь, а яна ўсё адно выплыве – з рыбінай у зубах. Як рабак, яйка якога, пакладзенае, напрыклад, у алкаголь ці ў хромавую кіслату, не толькі не загіне, а, наадварот, пачне вокамгненна развівацца ў праўдзівую аскарыду. Або як аплодненая самка клапа, што, змешчаная на паўгода ў пушку без аніякага харчу, не толькі выжыве, але і паспяхова ў той пушцы разродзіцца нашчадкамі.
Сволач любіць паразважаць на сімпатычныя тэмы, напрыклад, пра ўласныя захады на карысць іншых. Як падманліва сімпатычны з выгляду скунс, не толькі жывое цела якога, а нават закапаныя ў глебу парэшткі распаўсюджваюць такі смурод, што месца захавання і праз колькі месяцаў не ўяўляе цяжкасці па тым смуродзе адшукаць.
Сволач не гідлівая і ўсё, што ні стрэне на шляху, без ваганняў скарыстае дзеля дасягнення сволачнай мэты. Як лічынка жука-магільшчыка, што пры ператварэнні ў кукалку два тыдні запар можа без аніякага-якога харчавацца падлаю. Або як жук-калаед, для якога найбольшая асалода — адкласці яйкі ў гной, што адначасна становіцца для яго і стравай.
Сволач валодае прымітыўнымі інстынктамі, таму лёгка прыжываецца на любой глебе. Як завезеная з Еўропы ў Амерыку гесенская муха, што, паспяхова адаптаваўшыся да ўмоваў на новым кантыненце, можа ўвобміг спустошыць там цэлае поле культурных пасеваў.
Сволач валодае фенаменальнай здольнасцю да мімікрыі, то бок, прыстасоўвання. Як аса crabronidae, што знешне падобная да мухі, на якую яна палюе.
Сволач крывадушная. Яна засыпе абшары зямныя газетнаю хлуснёй, а скажа, што гэта святая праўда і што ім, абшарам тым, толькі такая праўда і патрэбная. Як каторы сабака, што пазычае вочы каму заўгодна без вынятку, а потым дзівіцца, чаму гэта яго, такога добрага, у адным шэрагу з нейкай сволаччу згадваюць.
Сволач баіцца і ўсялякімі спосабамі пазбягае галоснасці. Ніводная сволач прылюдна не прызнаецца, што гэта яна загадала «не згадваць» і «не пушчаць» і напусціць на справу такога туману, што ніякі дазнаўца не дасць рады праз яго прадрацца. Як жук-лізун, што выкідвае з сябе жоўты камуфляжны пыл, каб ім жа прыкрыцца.
Сволач подлая. Яна выканае загады якога-небудзь цэрбера «не згадваць» ды «не пушчаць», а пасля запытаецца: «Чаму гэта вас быццам няма?» Як гіена, што зжарэ жывасілам апошнюю гну, а потым будзе прылюдна наракаць, што савана, маўляў, без дай прычыны дарэшты абязгнунела.
Сволач не любіць праўды і заўсёды камуфлюецца пад прыстойнасць праз дэманстраванне чыста вымытых рук. Як ястраб гарпія, што, перш чым праглынуць здабычу, кідае яе спачатку ў ваду, каб ачысціць ад бруду, і толькі пасля гэтага пачынае есці.
Сволач двурушная. Яна ўславіць словам таго і гэтага, а назаўтра ўчынкам напаскудзіць на іх магілкі. Як павучыха, што з’есць падчас каітусу бацьку сваіх будучых дзяцей, а ўсім будзе даводзіць, што гэта — для іх жа, нашчадкаў, шчасцейка.
Сволач схільная да карпаратыўнасці, але ў крытычны момант абараняе найперш собскі інтарэс. Як белы сін, што гарбузуецца ў зграю са сваякамі адно падчас кармлення, а як толькі акт сумеснага паглынання ежы мінае, тут жа на іх забываецца.