Хоць сволач і індывідуалістка, пры патрэбе яна лёгка хаўрусуецца з іншай сволаччу і робіцца калектывісткай. Як аднаасобнік цвыркун, што дзеля выжывання часта гарбузуецца ў стаі з да сябе падобнымі.
Сволач вераломная. Заблудзіўшыся сярод трох хвояў, яна не праміне звінаваціць у гэтым іншых. Як выдра, што зжарэ ў рацэ ўсю рыбу, а ўсім скажа, што гэта зрабіў бабёр.
Сволач не любіць, калі пры ёй разважаюць пра вытокі сволачнасці. Усялякую праяву сволачнасці ўласнай яна мянуе не іначай як цвярозым паглядам на жыццё, то бок неабходнасцю харчавацца. Як пальмавая кошка-канібалка музанг, што пры выпадку не пагрэбуе падсілкавацца ўласнымі кацянятамі.
Неад’емная рыса сволачы – непераадольнае жаданне навязаць іншым уласныя правілы гульні. Як тое робіць расамаха, што, пазбаўленая мажлівасці супрацьстаяць сабаку ў пазіцыі на поўны рост, кладзецца дагары на дол, пасля чаго хапае знізу суперніка кіпцюрамі і загрызае ўсмерць. Або як гіена, што заганяе спачатку буйвала ў багну, а потым жарэ, бездапаможнага, жывасілам.
Сволач схільная да пісання даносаў. Гэткім чынам яна сцвярджае сваю самасць, а разам – адданасць сволачы ўладнай. Як жывёліна, што яшчэ не нарадзілася і ніколі, мабыць, не народзіцца, бо фаўна на такое вычварэнства, здаецца, папросту не здольная.
Сволачы дзяржаўныя інтарэсы не абыходзяць. Яна лёгка выдаткуе дзесяткі мільёнаў на лухту пад грыфам сацыяльна значнай. (Няма аналагу).
І сволач мае сваю ахілесаву пяту: святло, праўда для яе – што адсутнасць мінімуму сонечных прамянёў для кактуса. Як барсук, якога, каб забіць, дастаткова як след квэцнуць па носе.
Сволач – заразная. Як трапічны сцынкавы гекон, аднаго толькі дотыку якога да другой істоты дастаткова, каб на целе апошняй засталіся рэшткі ягонае скуры.
Нязменнае і галоўнае апраўданне сволаччу ўласнае сволачнасці – абавязак здабывання харчу для дзяцей і ўнукаў. Што, як правіла, у адрозненне ад нашчадкаў любой жывёліны, не проста галодныя, а — галаднейшыя за ўсіх іншых.
Лек ад бацылаў сволачнасці – у іх нейтралізацыі праз стараннае, хай сабе і да ванітаў, перажоўванне. Як лек ад укусу скарпіёна, што гатуецца на сумесі праванскага алею і целаў змешчаных у тым алеі скарпіёнаў.
Сволач – паскудства, але і яна дзеля чаго-небудзь можа прыдацца, напрыклад, для палохання дзяцей з мэтаю выпрацаваць у іх імунітэт супраць сволачнасці. Як сырны клешч акар, фекаліі і скура якога, ператварыўшыся ў сыры ў пыл, становяцца кампанентам улюбёнага гурманамі прадукту. Або як тля, высушаныя парэшткі якой у тры разы пераўзыходзяць тлустасць гамбургера і з’яўляюцца, як сцвярджаюць навукоўцы, выдатным начыннем для бутэрброда.
Не тое дзівіць, што ёсць сволач, а тое, як шмат тых, хто гатовы пры нагодзе ёю стаць. Але, можа, гэта якраз і няблага. Было б яе мала ці наогул не засталося б – адкуль бралі б мы крытэрыі ацэнкі вартасцяў і ўчынкаў адно аднаго? Казаў той, птушачак шкада, канечне, ды што зробіш, калі жыццё такое – сво… цудоўнае.
Suum ciuque, або Пішам, таварышы!
Эсэ
З усіх вядомых выслоўяў пра сутнасць катэгорыі сумлення найбольш трапным падаецца выказванне Льва Талстога: сумленне – гэта памяць грамадства, засвоеная асобным чалавекам. Трапным, хаця, безумоўна, як след не разгорнутым. Уласна памяць, то бок простая сума ведаў пра штосьці – гэта адно. Рэгламентацыя ж сваіх, як, зрэшты, і ацэнка чужых учынкаў у адпаведнасці з яе (памяці) ўрокамі ды арыентацыяй на агульнапрынятыя катэгорыі маралі – нешта прынцыпова іншае. Ужо, здаецца, колькі чаго не змясціла наша ўзбагачаная рупнасцю гісторыкаў калектыўная памяць цягам толькі двух апошніх, калі браць за кропку адліку пачатак адраджэнскіх 90-х, дзесяцігоддзяў. Але што наедку з тае памяці, калі нават у часы адноснае волі вяртанне да прамінулых, характэрных для грамадства з аслабленым супраць нахабства і бессаромнасці імунітэтам уладных вычварэнстваў – заўжды ў нас у паўкроку, а збольшага абуджанае грамадскае сумленне — не больш як зручная паходня на шляху да ажыццяўлення нібыта годных, а насамрэч усё тых жа нялюдскіх, скіраваных на ўціск ды прыніжэнне чалавечай самасці намераў.
Больш за чатыры гады мінула, як была ўтвораная ў краіне новая творчая суполка – Саюз пісьменнікаў Беларусі. Падзея, якая, з аднаго боку, спешнасцю рэалізацыі задумы нагадвала ні то фарс, ні то трагікамедыю, з другога, – дакладна высвеціла ўсе хібы нашага дзяржаўнага, заснаванага на гвалце і непавазе да чалавека ўладкавання. Наогул, утвараць творчыя аб’яднанні, гуртавацца або разбягацца па кутках, як і пісаць кепска ці, наадварот, добра, нікому не забароніш. Так што з гледзішча захавання права асобы на свабоду волевыяўлення прэтэнзіі датычна самога факта ўтварэння новага літаратурнага аб’яднання быццам залішнія: была замова кіраўніцтва самага высокага ўзроўню, знайшліся гатовыя на яе адгукнуцца – і ў добры шлях. Як пісаў байкапісец, «ну і лады, гадуйце дзетак, не ведайце бяды»... Ды дзе там…