Пагрозлівы вокрык адэптаў новага творчага саюза ўпершыню агаласіў Віцебск у лістападзе 2006-га, падчас чарговага збору журы па прысуджэнні штогадовай прэміі імя Уладзіміра Караткевіча. Ужо напярэдадні ў літаратарскім асяроддзі пранеслася чутка, што ў гэтым годзе прэмія ў намінацыі «Творчасць» прысуджацца не будзе – «з-за недастаткова высокага ўзроўню» (такая была афіцыйная версія, пацверджаная пазней у інтэрв’ю «ЛіМ»у адным з высокіх начальнікаў абласнога калібру) пададзеных на разгляд журы тэкстаў, у якасці якіх ад абласной суполкі Саюза беларускіх пісьменнікаў прапаноўваліся раман Ірыны Жарнасек «Будзь воля Твая» і паэтычны зборнік Леры Сом «Свабода Слова Зіма». Мае і дырэктаркі літаратурнага музея Святланы Казловай пярэчанні наконт такога рашэння ў разлік на пасяджэнні, вядома, прынятыя не былі. На твары старшыні журы, начальніка ўпраўлення культуры аблвыканкама М. Пашынскага, які давёў збольшага прысутным наспяваныя яму, відаць, кімсьці напярэдадні аргументы за скасаванне намінацыі, чыталася няёмкасць. А ягоная намесніца і наогул нічога лепшага, як выдаць на адрас літаратараў эмацыйнае «меньше надо политикой заниматься!», у апраўданне гэткага павароту справы не знайшла.
Што нашы чыноўнікі прызвычаеныя ацэньваць творчага чалавека найперш па тым, што і як ён думае, — агульнавядома. Маючы багаты досвед спатканняў з імі падчас працы ў другой палове 80-х у Бюро прапаганды літаратуры пры Саюзе пісьменнікаў і цягам 10 гадоў старшынства ў абласным аддзяленні Саюза беларускіх пісьменнікаў, з пэўнасцю магу сказаць, што ўсялякая дзея мае для іх значнасць толькі ў той ступені, у якой спрыяе або, наадварот, пагражае іх афіцыйнаму статусу, гэта значыць, заробку. Уплываць самахоць, без прынукі зверху на нейкія там творчыя справы, у тым ліку і арганізацыйнага кшталту, яны, як правіла, вялікага імпэту не выказваюць. Выключэнне складаюць прадстаўнікі так званага пісьменніцка-чыноўніцкага «памежжа» – дзяржаўныя службоўцы і дзеячы ад літаратуры ў адной асобе. Якраз гэткім у першую чаргу і было даручана стварэнне новай арганізацыі. Зрэшты, сцвярджаць, што толькі было даручана – таксама наўрад выпадае. Дакладней будзе сказаць: шчасліва легла карта апанаваных мрояй пра творчае першынства асобаў, для якіх іх адносна высокі службовы, афіцыйны статус — не толькі гарант нябеднага існавання, сінекура дабрабыту, грашовай стабільнасці, але адначасна і якая-ніякая зачэпка для рэалізацыі амбіцый у хоць часам і незразумелай і ненавіснай ім, але ж разам з тым такой прынаднай з гледзішча сцверджання ўласнага «я» творчай прасторы. Пацвярджэнне гэтага — значны адсотак у структуры новага саюза работнікаў так званага ідэалагічнага фронту, у тым ліку і, калі браць у маштабах Віцебшчыны, далёка не апошняй велічыні. Дастаткова ўзгадаць, што адным з першых, хто ўступіў у той саюз, быў нехта М. Кузьміч, шэф усёй ідэалагічнай службы Віцебшчыны. У немалой ступені менавіта дзякуючы такім асобам новая суполка праз адцясненне ад узаемадзеяння з намі ўстаноў культуры і прэсы не толькі атрымала карт-бланш ва ўсіх справах, але і ад самага пачатку зрабілася ў горадзе цэнтрам выканання функцый ідэалагічнага наглядчыка. Што, канечне ж, прылюдна не абвяшчалася, але што, як зазвычай у нас гэта прынята, «ненавязліва» падразумявалася. І што наўпрост вынікае з апошняга абзаца распаўсюджанага па ўстановах культуры ліста старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі М. Чаргінца прэм’ер-міністру С. Сідорскаму ад 1 лютага 2007 года: «Уверен, что в ближайшее время мы сможем укрепить Союз писателей Беларуси, который можно будет считать мощной политико-идеологической силой Республики Беларусь». Што да традыцыйных стасункаў літаратараў з чытачамі на Віцебшчыне, то на адным з абласных паседжанняў па культуры неўзабаве па стварэнні новага саюза прагучала больш чым выразна: «Без моей визы никто в аудиториях выступать не будет». Для грамадскай супольнасці з традыцыйна пакорлівым прыняццем любога гвалту як належнага сігнал дастатковы. Падмацаваны неўзабаве небезвядомым лістом міністра адукацыі А. Радзькова (копіі якога, бадай, сёння ў краіне толькі самы лянівы не мае і паводле якога пісьменніцкія выступленні ў аўдыторыях стала магчымым ладзіць толькі з дазволу ўладных структур і функцыянераў СПБ), сігнал гэты увобміг набыў моц негалоснага закона.