Выбрать главу

10 снежня 2007 г.

Незнаёмы, але, відаць, збольшага начуты пра ціск з боку ўладаў на літаратараў з апальнага, «няправільнага» творчага саюза чалавек падышоў на вуліцы:

— Интересно всё же: устоит ваша организация или нет? Как сами думаете?

Як на такое адказаць? Даводзіць неабазнанаму ў творчых справах, што асадку з рук толькі Бог можа ў чалавека вырваць?

Sapienti pauca (мудраму дастаткова намёку) — сцвярджалі старажытныя, быццам норавы нашага літаратурнага асяродку падглядзеўшы. Так шмат сярод нас, аказваецца, мудрых ды праніклівых, што іншым этнасам, напэўна, і на некалькі пакаленняў такой армады мудрацоў хапіла б. Асабліва яскрава выявілася тая мудрасць на пачатку ўсіх звязаных з пісьменніцкай арганізацыяй перыпетыяў. Вось яшчэ персонамі non grata не аб’яўленыя,– а ўжо нібыта пачуваемся імі, веніка, пад якім перасядзець-перачакаць навалу можна было б, бы тая мыш, шукаем. З пяціста з гакам асобаў пісьменніцкай сябрыны, у якую, дарэчы, ніхто нікога сілаю не цягнуў, на лёсавызначальным перадапошнім з’ездзе – дзве з паловаю сотні. Зразумела: дзень працоўны, ды непагадзь, ды мала што яшчэ... Перасцярога, вядома ж: а раптам угледзіць хто на той сходцы, і даводзь тады, што не вярб… апазіцыянер. Аціхнуць жарсці, тады і мы пасмялеем, пагамонім-паразважаем — можа, і прылюдна нават – пра... подзвіг Каліноўскага. «Ёсць такая шчэлка паміж сумленнем і подласцю. У гэтую шчэлку неабходна ўціснуцца», — пісаў у адным з апавяданняў С. Даўлатаў.

Найбольшаю праблемай па скасаванні ўладамі дамовы з нашым аддзяленнем аб арэндзе памяшкання і брыдкім, аўральным да непрыстойнасці, быццам у дзяржавы на той час і клопатаў іншых не было, як з намі змагацца, акце высялення 12 студзеня 2007 года з пакоя ў так званым доме прэсы па вуліцы Гогаля, 17 стала для нас здабыццё юрыдычнага адраса. Куды ні паткніся з заяваю аб арэндзе – усюды адмова. Пра дзяржаўныя ўстановы і казаць няма чаго, ледзь распачнеш размову, адразу махаюць рукамі: што вы! разумеем, канечне, ваша становішча і спачуваем вам, але ж не можам, прабачце… Урэшце знайшоўся-такі ахвотнік прытуліць бяздомных – адважная Валянціна Кудлацкая, кіраўнічка няўрадавай жаночай арганізацыі з Верхнядзвінска. Узгаднілі з ёю дэталі арэнды, падалі ў райвыканкам адпаведную супольную заяву. А прыкладна праз месяц атрымалі за подпісам старшыні адказ з адмоваю, у якой пасля традыцыйнага «отказать с учётом того, что…»  і такому цьмяна-няўцямнаму аргументу, як «с учетом ряда других обстоятельств…», знайшлося месца. Прыкладна гэткі ж лёс чакаў і нашу сумесную заяву з Адай Райчонак з Германавічаў на адрас Шаркаўшчынскага райвыканкама аб арэндзе пакоя ў доме-сядзібе Сікоры ў вёсцы Малыя Алашкі. Такая вось таемная моц «ряда других обстоятельств» ды прыкрапомных з савецкіх часоў варункаў тэлефонна-папернага права.

Быў цёплы вераснёўскі дзень, калі мне патэлефанавалі з раённага аддзела міліцыі: «Дзень добры, на вас прыйшла скарга ў органы, трэба тэрмінова сустрэцца. Дзе б вы хацелі?» — «Што за скарга? Здаецца, ні з кім не пабіўся, нікога не абразіў», — падумаў і прызначыў сустрэчу на наступны дзень у сябе дома.  «Магу запісваць нашу размову на дыктафон?» – спытаў, пазнаёміўшыся назаўтра збольшага са зместам пісьмовых абвінавачанняў на мой і Яўгеніі Мальчэўскай адрас кіраўнічкі новастворанай абласной суполкі Саюза пісьменнікаў Беларусі  Т. Красновай-Гусачэнкі. – «Калі ласка», — быў адказ.

Размова, як і дзве наступныя, дарэчы, ужо з прадстаўнікамі больш высокіх праваахоўных інстанцый, праходзіла ў дзелавой і даволі-такі паважлівай, наколькі гэта магчыма было з увагі на выкладзеную ў допісе заяўніцы дурноту, атмасферы. Утрымліваў той ці не 6-старонкавы, нібыта адобраны і блаславёны іншымі сябрамі новастворанай суполкі істэрычны лямант шмат чаго: ад скаргі на тое, што хтосьці ўначы выклікаў на кватэру аўтаркі нарад міліцыі на падставе, што там, маўляў, адбываецца п’яная оргія, да сцвярджэння, быццам я маю дачыненне да дасланага ёй кімсьці ад імя арганізацыі «Русское  национальное единство» ліста з падзякаю за ўдзел у разгроме беларускіх пісьменнікаў-нацыяналістаў. У якасці неабвержнасці факта маёй датычнасці да ліста «РНЕ» прыкладалася спасылка на выснову нейкага таямнічага спецыяліста-графолага. Інкрымінаваўся мне таксама адмоўны водгук на творчасць заяўніцы ў «ЛіМ»е ад 28 ліпеня 2006 г., на той падставе, што нібыта водгук той – вынік змовы паміж мною і тадышнім рэдактарам выдання Анатолем Казловым, бо я, маўляў, – яго «сокурсник и давнишний друг…». (З Казловым мы сустракаліся ўсяго  пару разоў за ўсё жыццё і ўжо ніяк не маглі быць сакурснікамі, бо розніца між намі ва ўзросце складае каля 10 гадоў, ды і вучыліся мы ў розных універсітэтах). Заканчвалася гэтая частка опусу нядвухсэнсоўным патрабаваннем «принять меры к Анатолию Козлову». Даводзілася таксама аб тым, што я, маўляў, пацярпеў «жизненное и творческое фиаско», а яшчэ тое, што, аказваецца, – «в молодости был склонен к суициду». А наогул допіс падаўся мне дастатковаю падставай для напісання сустрэчнай заявы — аб паклёпе ды захадах па абароне гонару і годнасці. Што я і зрабіў, даслаўшы адпаведны ліст ва ўпраўленне ўнутраных справаў аблвыканкама.