І яна таксама яго, здаецца, на шчасце ці на жаль, не пазнала. Ва ўсялякім разе на тую хвіліну абышлася з ім, як з абсалютна староннім чалавекам. Хіба што пасля даведалася прозвішча. Але дзеля чаго прыбіральшчыцы спраўджваць ягонае прозвішча? Магчыма, ён скажа ёй, хто ён, але не раней, як у дзень ад’езду. Калі, вядома, не надарыцца іншай якой нагоды.
Зэдаль ззаду ціха рыпіць: мабыць, то адыходзіць Зелянуха. Ён заўсёды адыходзіць ад стала ў адзін і той жа час, з дакладнасцю да хвіліны, і адзін і той жа рыплівы гук зэдля той да педантызму дакладны адыход педантычна абвяшчае.
Прыбіральшчыца зноў кідае ад клумбы пагляд на вакно, на месца, дзе толькі што сядзеў стары, і выраз ні то разгубленасці, ні то радасці застывае на яе твары. Яна рэзка падхопліваецца, ідзе насустрач Зелянуху, які ўжо паспеў высунуцца на ганак, і жылка няпэўнасці ў куточках яе вуснаў ледзь заўважна таргаецца ў такт шырокім, не па-жаночы размашыстым крокам.
Гэтыя крокі...
Яшчэ неба не паспела як след заірдзецца на даляглядзе таемным паўкругам апошняга перадночнага ззяння, а Лёля ўжо на рамарэнце: то выскачыць на двор паваксаваць і без таго наваксаваныя да глянцу туфлі, то высунецца ў вакно з люстэркам у руцэ, то з гучным спевам схіліцца над парэнчаю сходаў. Субота, на танцпляцоўцы пры клубе вечарына, і яна чакае не дачакаецца, калі ж урэшце агалосяць прыклубную прастору прызыўныя гукі прайгравальніка. Тыдзень з двух яе гасцявання ў дзядзькі Зюзялька ўжо мінуў, і яна, абражаная адсутнасцю ўвагі да сваёй персоны з боку мясцовых кавалераў, спадзяецца ўзяць рэванш перад іншымі дзяўчатамі за кошт заляцанак электраманцёра Вітака Дунчонка, аднаго з брыгады маладзёнаў, што вядуць лінію элетраперадач ад цэнтра мястэчка да нядаўна пабудаванага ў трох вярстах адсюль новага элеватара. Што Вітак нібыта жанаты, яна, канечне ж, начутая, ды што не зробіш дзеля падвышэння собскага прэстыжу? Лёлі, як і Сашку з Люсяю, — сямнаццаць. Але ў параўнанні з тою ж Люсяй яна выглядае і значна больш дарослай, і значна больш дасведчанай у жыццёвых пытаннях. Бо жыве вось ужо колькі год у горадзе, да якога заштатнаму мястэчку-гэпэ з яго паўразбуранай інфраструктурай, як вераб’ю да бацяна.
Яны сядзяць у пакойчыку на канапе, разглядаюць аблігацыі пазыкі, што засталіся Люсі ад бабы Настазі, якая памерла тры месяцы таму, пакінуўшы ўнучку сам-насам са шматлікімі побытавымі і рознымі іншымі клопатамі, ды абменьваюцца меркаваннямі наконт уступных экзаменаў у тэхнікум. Яны сядзяць амаль устыч на раздзеленай валікам канапцы, і іх ногі міжвольна раз-пораз судакранаюцца, і гэта робіць размову сумбурнай і крыху нервовай.
Ініцыятыва паступаць у вучэльню належыць Сашку, і Люся, зразумела, сумняваецца. Тым больш зараз, па смерці бабулі, калі і спадзявацца на чыю-колечы матэрыяльную помач не выпадае, і іншыя, не менш страхавітыя турботы – адна анкета да таго паступлення чаго вартая – даймаюць. Усё гэта надае перспектыве іх сумеснага навучання адценне прывіднасці. Да таго ж у Люсі, хоць яна і лічыць сябе стоадсоткавым гуманітарыем, як ні дзіўна, ўсё яшчэ праблемы з пісьмом. Дакладней, са звычкаю адмалку пісаць суцэльным тэкстам, без жадных знакаў прыпынку і прапісных літар, ад якой настаўнікі так і не далі рады дарэшты яе адвучыць. Якая асабліва дае знаць пра сябе, варта дзяўчыне крыху пахвалявацца.
Лёля чарговы раз выбягае на ганак, кідае ганарлівы позірк на вакно Дарашэнкаў, мчыць праз двор насустрач Вітаку, што цягнецца, відаць здалёку, прысадамі ў накірунку клуба.
Цётка Каруся высоўваецца ў вакно, праводзіць пляменніцу няўхвальным – «от жа знайшла сабе залётніка, дурніца!» – паглядам. Зноў знікае ў прыцемненым чэраве пакоя, штосьці кажа незадаволеным голасам стомленаму хваробінай – у небаракі рак горла, і ўсе ў наваколлі пра тое, апроч яго самога, ведаюць – дзядзьку Зюзяльку. Слабое сіпенне даносіцца ёй у адказ, і зноў усё аціхае.
Сашкавы з Люсяю ногі чарговы раз датыкаюцца адна да аднае і тае ж хвіліны спуджанымі вераб’ямі зноў разлятаюцца па розныя бакі валіка.
Бог святы, Люсінда, як яму гэта сказаць! Як? Хто паможа яму выпхнуць з рота тыя снёныя-пераснёныя словы, што, прамоўленыя ўрэшце, увобміг зробяць яго шчаслівым? Ці, можа, ты, натхнёная прыкладам раскавана-вальяжнае Лёлі, наважышся прамовіць іх першая?
Яны падымаюцца з канапы, пакліканыя гукамі прайгравальніка, дружна: ён – імкліва і дробненька, яна, наадварот, – размашыста, як касец на сенажаці, — крочаць да дзвярэй. Без чвэрці адзінаццаць, зазвычай у такі час там, ля клуба, адзінай ацалелай з вайны будыніны на водшыбе мястэчка, усё і пачынаецца.