Як бачым, аддзяленне, хоць, відавочна, і не так спраўна, як колісь, але ж існуе. Усё гэта выклікае незадаволенасць тых, хто хацеў бы паставіць на нашай дзейнасці тлусты крыж. Асабліва раздражняе апошніх згадванне нашых імёнаў у прэсе. А больш за ўсё не дае спакою памяць людская пра бурнае наша, насычанае скіраванымі на выхаванне ў дзецях і дарослых актыўнай грамадзянскай пазіцыі мерапрыемствамі, паважлівасцю і інтэлігентнасцю ў абыходжанні з людзьмі (што па сёння многія з удзячнасцю настальгічна ўзгадваюць), мінулае. Адсюль — і рапуха зайздрасці, і лямант. І зразумела: сваю суполку сяк-так стварылі, а вось выканаць замову на поўнае выдаленне з творчай прасторы калег-апанентаў нават пры наяўнасці наймагутных «тылоў» так і не далі рады. І ніколі не дадуць.
4 ліпеня 2007 г.
Землякі запрасілі ў Мёры на святкаванне Дня горада. Супрацоўніца аддзела ідэалогіі, прыемная беларускамоўная жанчына, відаць, напалоханая кімсьці з вышэйшага начальства адыёзнасцю маёй асобы, пасля доўгага, пільнага прыглядання ды незразумелага муляння раптам кажа пад сканчэнне мерапрыемстваў: «Вось жа назірала ўвесь дзень за вамі, назірала: ну, нармальны ж вы чалавек. Нічога не разумею, далібог». Знянацку заспеты, і адказаць напачатку на гэткі пасаж не знайшоў чаго.
Ад самага пачатку вэрхалу з утварэннем СПБ з сябрамі нашай суполкі, як і паўсюль у краіне, праводзілася «праца» па агітацыі да перабежніцтва. Прапановы перайсці ў новастворанае праўладнае «дзіця» атрымалі Алена Гінько, Лявон Неўдах, Аркадзь Нафрановіч і іншыя. Усе яны, за выключэннем некалькіх чалавек (якіх і агітаваць асабліва не было патрэбы), нягледзячы на беспрэцэдэнтны ціск уперамешку з заваблівымі пасуламі ды намёкамі на ўсялякія прэферэнцыі, зрабіць гэта катэгарычна адмовіліся. Апагею ж «агітацыйная праца» віцебскіх уладаў на замову чыноўнікаў са сталіцы, як і паўсюль у краіне, дасягнула ў нас на пачатку сакавіка 2010 года. 4-га сакавіка, у адзін дзень з паўзамі не болей за чвэрць гадзіны мне патэлефанавалі па старой памяці (выбары новага кіраўніка аддзялення па маім 10-гадовым старшынстве ў нас прайшлі яшчэ ў лістападзе 2009-га) Уладзімір Міхно з Чашнікаў, Віталь Гарановіч з Глыбокага, Пятро Ламан і Міхась Мірановіч з Віцебска і распавялі пра размовы з імі наконт іх членства ў Саюзе беларускіх пісьменнікаў у звязку з тэмай працаўладкавання. Наўпрост пра выхад з СБП пасля фармальнага спраўджання, да якога саюза чалавек належыць, падчас тых размоваў не казалася, але падтэкст быў больш чым выразны: нічога, маўляў, супраць вас як працаўніка не маем, але ж самі разумееце, крый Бог што, дык… Згадваліся прозвішчы высокіх галіновых чыноўнікаў вобласці, якія нібыта павінны былі падаць паводле вынікаў тых размоваў справаздачы ў сталіцу сваім непасрэдным начальнікам. Справа, аднак, займела дзякуючы публікацыям у «Нашай Ніве» і «Народнай волі» гучны рэзананс у агульнабеларускім маштабе і была, як вядома, прыпыненая. На пытанне, чаму ж так бяздарна была арганізаваная тая агітацыйна-застрашальная кампанія, адна з абласных чыноўніц ад ідэалогіі сціпла адказала, што, канечне, памылка была дапушчаная. Маўляў, не след было біць гэтак — у лоб, а куды разумней было б праводзіць з літаратарамі мэтанакіраваную «растлумачальную, асветніцкую працу». Усю жорсткасць такой «працы» я зведаў на сабе крыху пазней, напрыканцы 2009-2010 навучальнага года. Той «працы», датычна якой якраз бы і дарэчы было прадэманстраваць адмысловы грамадзянскі імпэт ды высокую ўласную маральнасць дзяржаўнаму Грамадскаму савету па маральнасці – прыцягнуць да адказнасці вінаватых у здзеку з людзей і пераследзе за погляды.
Асаблівасць любой дзяржавы з аўтакратычным стылем кіравання — лёгкасць, з якой яна, дзяржава, і тыя, хто ёю кіруюць, выходзяць з прававога поля. І згаданая сакавіцкая 2010 года «агітацыйная» акцыя вельмі добра гэта засведчыла. Старшыня абласной пісьменніцкай суполкі падае спісы яе сяброў падчас перарэгістрацыі толькі ў мясцовы аддзел юстыцыі. То якім чынам трапляюць яны на сталы галіновых чыноўнікаў? Наступствам жа такой лёгкасці, у сваю чаргу, з’яўляецца лёгкасць пераймання гэткага стылю паводзінаў шараговымі грамадзянамі. Трэба думаць, сама ж дзяржава неаднойчы ў будучыні аб сваё пачварнае спараджэнне і спатыкнецца: што пасеяў, вядома, тое і пажнеш.