Я склаў паўнамоцтвы кіраўніка аддзялення напрыканцы 2009 года. 10 гадоў кіравання грамадскай суполкай – дастатковы тэрмін і каб дарэшты стаміцца ад штодзённага знаходжання ў эпіцэнтры змагання творчых самалюбстваў, і каб узбагаціць свой жыццёвы досвед высноваю аб шкодзе аб’яднанняў у творчым асяродку наогул. Тым больш на ўзроўні дзяржаўным. «Дзяржава не павінна быць павітухаю для літаратараў«, — пісаў В. Вальзер, маючы на ўвазе літаратараў маладых, і я з ім цалкам згодны і датычна прадстаўнікоў вольных прафесій наогул. Ужо калі аб’яднанне – то хіба што, можа, кшталту масонскай ложы. Іншая справа, што ва ўмовах краіны з такой ступенню размытасці крытэрыяў нацыянальнай самаідэнтыфікацыі, як наша, грамадскае творчае аб’яднанне непазбежна выконвае, апроч уласна творчых, і іншыя функцыі. І яны, гэтыя фунцкыі, так важныя ў кантэксце нацыятворчасці, што ігнараванне іх паводле азначэння немагчымае.
У немалой ступені да майго рашэння пакінуць кіраванне аддзяленнем прычыніліся, як ні падасца гэта дзіўным, і літаратары-аднадумцы. Такую арганізацыю, як Саюз беларускіх пісьменнікаў, паўсталую на грунце адданасці яе членаў нацыянальнай ідэі, разбурыць (не зачыніць сілавым ціскам, а менавіта разбурыць) можна толькі знутры. Асабліва небяспечнымі ў гэтым плане падаюцца асобы з начальніцка-літаратарскага асяродку. Не жадаючы губляць твар праз выхад з суполкі, то бок здраду паплечнікам, яны з часам немінуча пачынаюць чакаць, што ўсё счэзне міжволі і цяжкая задача выбару паміж сумленнем і добрым заробкам знікне сама сабой. Аднак у чаканні такой развязкі яны нямала папсуюць крыві іншым. «Мы ёсць, ці нас няма? – не прамінуць запытацца пры нагодзе ў кіраўніка грамадскага аб’яднання, хоць і выдатна ведаюць, што пытанне больш чым некарэктнае і адрасаваць яго мае сэнс найперш сабе. Пры гэтым такія ўласныя дробныя «грашкі», як перасцярожлівы няўдзел у з’ездзе ці сходзе, дыстанцаванне ад грамадскіх справаў і ўчорашніх аднадумцаў у прыватных размовах са староннімі і, наадварот, удзел у мерапрыемствах пад сцягамі чужынскімі, як правіла, пад увагу падчас задання згаданага вышэй сакрамэнтальнага пытання (дык ёсць мы ці не?) не бярэцца. Думаю, і Вольга Іпатава гэткіх пытанняў у свой час дастаткова наслухалася, і Алесю Пашкевічу з Барысам Пятровічам яны добра вушы прагудзелі. Адна толькі вытрыманая ў гэткім ключы публікацыя ў «Народнай волі» пад назовам «Мільянеры-жабракі» за 7-9 верасня 2010 года чаго вартая. Дадамо да сказанага несувымерныя з талентам творчыя амбіцыі некаторых літаратараў, і карціна стане канчаткова зразумелай. У параўнанні з перабежчыкамі 1-й хвалі, часу ўтварэння новай літсуполкі, для якіх скасаванне Саюза беларускіх пісьменнікаў з’яўляецца жаданым таму, што хоць крыху знівелявала б іх саромна-апартуністычны ўчынак, такія людзі на пэўным этапе развіцця падзей для справы нават больш небяспечныя.
Мой стаж працы ў Віцебскім тэхналагічным універсітэце складаў агулам каля 20 гадоў. Працуючы апошнія гады ў ВНУ на крыху больш як палову стаўкі і не атрымаўшы ў сакавіку аніякага пазову на размову да кіраўніцтва датычна прыналежнасці да Саюза беларускіх пісьменнікаў, я, канечне ж, быў у недаўменні. Што такое, няўжо махнулі рукой? І дарэмна. Ужо ў сярэдзіне чэрвеня адчуў вакол сваёй асобы нейкі рух, які ўрэшце выліўся ў размову з прарэктарам Малашанкавым з нагоды маёй адсутнасці напрыканцы чэрвеня на кафедры ў той час, як аднаму са студэнтаў-абібокаў пагражала адлічэнне з-за акадэмічнай запазычанасці. Студэнт быў, мякка кажучы, ніякі, і я падрабязна выклаў тое ў тлумачальнай цыдуле. Што, аднак, прарэктару абыходзіла, як я зразумеў, менш за ўсё, бо найперш меў для яго вартасць сам прэцэдэнт, які, мяркую, быў ім жа (а можа, і яшчэ кім, хто ж прызнаецца: заплечных справаў майстра – заўсёды інкогніта) і інспіраваны. «Чым звальняць вас паводле артыкула, пішыце лепш заяву па ўласным жаданні», — не даўшы сабе клопату ўвайсці ў становішча калегі (я займаўся на той час тэрміновым лячэннем зубоў у прыватнага доктара), прыступіў да справы гэты ціхмяны з выгляду чалавек з абароненай, трэба меркаваць, кандыдацкай. Выдатна разумеючы, што словы прарэктара — блеф, я адказаў, што згодны на звальненне паводле артыкула. Але так звольніць мяне не атрымлівалася: я працаваў ва ўстанове на няпоўную стаўку, штодня быць на працы, паводле элементарнай логікі, быў не абавязаны, ды і дысцыплінарных спагнанняў дагэтуль ніколі не меў. Наадварот, заўсёды з’яўляўся ўранні на працу – сталая настаўніцкая звычка – самае малое за паўгадзіны да пачатку заняткаў, напрыканцы семестра здаў для друку напісаную ў суаўтарстве з выкладчыцай кафедры метадычку па адной з праграмных тэм, штогод арганізоўваў з ліку першакурснікаў даволі прафесійныя дэкламатарскія групы для выступу падчас канферэнцый і мерапрыемстваў гарадскога маштабу. Але гэта, падобна, прарэктару было зусім нецікава. Ягоная задача як куратара ідэалагічнай працы ва ўстанове ў адносінах да мяне палягала ў зусім іншым і зусім прадказальным накірунку.