Выбрать главу

Гэта мне, звыкламу да рэжыму жорсткай эканоміі ва ўмовах пастаяннага выбару паміж больш-менш прыстойным заробкам і займеннем вольнага часу для творчасці, ды яшчэ адзінотніку ў дадатак, можна сяк-так пражыць і на самыя смешныя грошы. А што рабіць у такой сітуацыі людзям сямейным і меней прыстасаваным да адаптацыі ва ўмовах штучна створаных рознай поскуддзю жыццёвых непярэлівак? Можна колькі заўгодна папракаць творчых людзей у інфантылізме, адсутнасці прадпрымальніцкай жылкі як запарукі вольнага існавання, ды ўсё гэта – або ад д’ябла, або ад жадання пазбегнуць прамога адказу на пытанне, дзе яно, чалавечае, і дзе пачынаецца свінства.

9 ліпеня 2010 г.

Уключыў тэлевізар з трансляцыяй адкрыцця «Славянскага базару», а там – на ўвесь экран – пастава аднаго з высокіх наглядчыкаў ад адукацыі. У пінжаку, пры гальштуку ў 30-градусную спёку: начальнік. Галавой круціць, як лялька-марыянетка, і пуза неабдымнае сваё пагладжвае, і вачыма па баках раз-пораз пуляе. Ды падскоквае, бы на спружынах, ды азіраецца ўсё навокал, азіраецца… Зразумела: юр дзядзьку апанаваў, разняволіцца карціць хоць рады ў гады, а боязна ж, раптам хто ўбачыць ды прыпіша «неадпаведнасць». Быццам не чуў ніколі: варона вароне вока не выдзяўбае.

28 лістапада 2010 г.

21 лістапада зладзілі вечарыну ў гонар 80-годдзя Уладзіміра Караткевіча. А сёння разам з Лерай Сом знаходзімся ў Оршы невялічкай групай з 8 чалавек, аб’яўляем у музеі вынікі праведзенага абласным аддзяленнем Саюза беларускіх пісьменнікаў літаратурнага конкурсу для моладзі ў гонар юбілею земляка. Вельмі добра, сардэчна прынялі ў музеі. Спытаў, чаму не запрасілі на афіцыйнае мерапрыемства – паціснулі плячыма: «Вы ж разумееце, павінны разумець, чаму…».

«Ці варта выпраўляць чалавека, чые заганы невыносныя для грамадства? Ці не прасцей вылечыць ад хіжасці душэўнай тых, хто яго трывае?» – пісаў у дзённіках згаданы на пачатку гэтага эсэ Л. Талстой, відавочна аддаючы перавагу чыну другому. Што скажаш: і мудрацы могуць быць ідэалістамі.

Прыдворныя пісакі ёсць паўсюль. У некаторых краінах носьбітам той прыдворнасці, як у Вялікабрытаніі, напрыклад, нададзены афіцыйны статус – паэта-лаўрэата. Ды наўрад хоць адзін з закардонных лаўрэатаў пераплюне нашых прыкарытных у памкненні запоўніць сабою дазвання літаратурную прастору краіны. Але што ж тут зробіш, як гэтак карціць апошнім пісаць на замову нават у часы, калі ўсё найбольш значнае ў айчыннай літаратуры, насуперак іх амбіцыям і імпэту, відавочна ствараецца па-за кантэкстам дзяржаўнай, афіцыйнай падтрымкі. Што скажаш, калі сінкразія творчая — гэткі ж неад’емны складнік прафесіі, як і сінкразія звычайная, фізічная – складнік жыцця наогул. То пішма, таварышы! Закідайма краіну на дараваныя ўладаю ўзамен на бязмежную адданасць грошы бессаромнымі даносамі і «сердечными», «вдохновенными», «удивительно нежными» творамі! Гэта няважна, што ў трох радзімах, бы ў трох хвоях, творцы заблукалі. Усё адно ж: чым больш напішам, тым шчаслівейшы будзе наш, беларускі народ!

Хата

Эсэ

І вось яна ляжыць, сціснутая з усіх бакоў купкамі хмызу і пустазелля, што так і пнуцца на падмурак у надзеі на пашырэнне жыццёвае прасторы, ды з утрапёнай абыякавасцю вырачанага на непазбежную паразу ваяра ўзіраецца ў неба дзіркамі комінаў. Надзіва, нічым з таго, што ўяўляў ты ўчора, да чаго рыхтаваў сябе напярэдадні гэтае першае ад дня пажару вандроўкі да роднага папялішча, яна, навекі прыбітая воляю стыхіі да долу, не ўражвае. Хіба што памерам — са знакам мінус. Такая вялікая, нават аграмадная яшчэ не так даўно, на тле не тое што нейкіх там прадаўніх, ад гадоў маленства, згадак-успамінаў, а нават мінула¬год¬няга лета, калі ты, заспеты навальніцаю, мусіў заначаваць тут у самоце ды слухаць потым да рання, як шкрабецца ў пазасценні ўсце¬шаная тваёй прысутнасцю, то бок спадзевам на сякую-такую спа¬жыву, мыш, цяпер яна, вузкі, аблямаваны камянямі падмурка чаты¬рох¬кутнік з рэштаю абгарэлага бярвення абапал, і пятае часткі дыва¬на ў вестыбюлі якой-небудзь сярэдненькай установы наўрад заняла б.

І гэта яна, твая бацькоўская хата на восем вокнаў, беганіна між якімі ў час гульні ў хованкі нагадвала колісь па працягласці ледзь не выправу ў грыбы ці па венікі ў бярэзнік на тым баку ракі?

Бездапаможная, як састарэлая львіца, што дала-такі рады выштурхнуць з улоння апошняе дзіця, запаруку дабрабыту роднага прайда ў прышласці, але ўжо наўрад дабярэ моцы выгадаваць яго, яна ляжыць пасярод абкружанай хмызам ды быльнягом пожні і абыякава дэманструе кожнаму, хто ні пажадае сюды забрысці, свае абгарэлыя, спачвараныя полымем вантробы.