Выбрать главу

Дзве жалязякі-рабрыны – два полюсы ложка, што перамаглі-такі дзякуючы вогненнай стыхіі непераадольную напятасць каркаса і ўрэшце зліліся ў доўгачаканых абдоймах, як рабілі гэта колісь на зайздрасць ім тады маладыя яшчэ, поўныя жарсці гаспадар і гаспадыня. Спружына канапы, што згарнулася вужакай, ратуючыся ад агню, ды так і не скарылася ціску барбарынскае моцы Сварога, засталася пры вызначаным аднойчы і назаўжды — трыццаць год таму — гаспадыняй месцы наўзбоч вакна.

Два коміны – колісь два маякі, што ў любую, нават самую шарую пару шугалі дымам па-над прысадамі ў памкненні калі не дарэшты затуліць цябе ад жыццёвых непамыснотаў, дык хаця б адцягнуць ад іх тваю ўвагу, а зараз увадначас парабіліся сімвалам марнасці спадзеву на якую-кольвек надзейнасць быцця ў прышласці.

Плойма іншых, менш заўважных, ды не менш сімвалічных, а часам нечаканых – адкуль узяліся, здаецца, ніколі іх раней тут не бачыў — рэчаў-прычындалаў.

Дзясяткі дэталяў, кшталту той, да прыкладу, што падпол у кухні тваёй пераробленай паўстагоддзя таму на жытло са старой клеці хаты меў Т-падобную форму, а ты таго і не ведаў, бо ані разу ў той падпол не выявіў ласкі спусціцца: у дзяцінстве — з боязі быць праглынутым цемраю, у сталыя гады – з перасцярогі спэцкаць у той цемры чыстыя свае, не абсівераныя клопатам непасільнае працы ды не спярэшчаныя прыкметамі бясконцых сялянскіх цярпенняў рукі.

Цені прадметаў, абрысы і месца знаходжання якіх адно высілкам уяўлення мажліва ўжо ўзнавіць у памяці: калаўрот ды патэфон на гарышчы, жорны ў падпечку, ды абразы, ды фотаздымкі, ды партрэты, шпулечніцы ды голачніцы на сцяне — усяго не пералічыць.

Хата згарэла паўгода таму, і двое сведкаў яе дачаснага скону, апошнія насельнікі вёскі, якія ўсё зрабілі, каб уратаваць нябогу ад агню, цікуюць за табой, пакуль ты робіш экскурс ва ўласнае мінулае, з-за напалову абгарэлай арэшыны. Цікуюць ды пахітваюць дакорліва галовамі, мабыць, згадваюць той двухгадовае даўніны гандаль з пакупніком, калі ўжо і пра кошт дамовіліся, але ты напрыканцы, стрыманы асцюкамі сумлення, – як-ніяк роднае котлішча — так і не наважыўся скарыстацца нагодаю больш-менш выгодна прадаць яго, пакінуў за сабою. Пакінуў з намерам хоць зрэдчасу, хоць калі-нікалі наведвацца, ды так ні разу той намер, за выняткам згаданага мінулагодняга лета, і не ажыццявіў.

І вось яна ляжыць перад табою — няпэўная, як прывід, бездапаможная, як немаўля. Дзіця, што не навучылася яшчэ прамаўляць, старэча, якому словы ўжо без патрэбы. Увасабленне адвечнае дваістасці ўсяго існага: нібыта твая яшчэ паводле права, ды насамрэч – ужо не твая. Кампенсаваная скупымі купюрамі ад страхоўкі страта – апошні, пасмяротны дарунак бацькоў недарэкам дзецям.

Істоты нябесныя

Эсэ

Любоў да птушынага царства спадарожнічае мне з дзяцінства. З таго дня, як мы з бацькам, падахвочаныя прыкладам суседа, выправіліся да аборы ставіць на галубоў сіло з конскага воласу, я не магу абыякава прайсці міма ніводнага птушынага кагалу. Магу назіраць за птушкамі гадзінамі, і такі бязмэтны, бессэнсоўны, на першы погляд, занятак заўсёды, незалежна ад перападаў надвор’я ці настрою, пакідае ў маёй душы трапяткое адчуванне радасці ад дотыку да таямніцы недасяжнага.

Галубоў мы ў той дзень не ўпалявалі, але ўласцівая сялянскаму асяроддзю прыхільнасць да ўсяго каляровага ды блішчастага была цалкам задаволеная ўва мне іншымі, куды больш экзатычнымі, чым галубы, палоннікамі — чырванагрудым снегіром і дзвюма сініцамі. Птушак мы, вядома ж, неўзабаве адпусцілі. І трэба было бачыць, як асцярожна наш бацька, чалавек добры, хоць далёка не чуллівы і не надта каб пабожны, вызваляў сваімі каструбаватымі пальцамі з валасяных пелек іх тонкія, аздобленыя карункамі кіпцюрыкаў лапкі.

З усіх праяваў птушынага быцця мне найбольш падабаецца назіраць працэс кармлення. Вераб’ёў, якія ласуюцца ўсёю чародкай на гарадскіх чэзлых пожнях семкамі саспелых к восені траваў і красак. Ці стрыжоў з іх адметным паляўнічым почыркам, што робіць іх падчас палявання на казюрак падобнымі да рыбіны: цікаванне, прабежка, кароткі імклівы рывок, жаданы наедак. Альбо качак, што, кульнуўшыся перадам у каламутную ваду азярка ці става ды штосьці там у ёй адшукаўшы, без залішняй сарамлівасці ды боязі быць абвінавачанымі ў празмернай схільнасці да эксгібіцыянізму дэманструюць выпадковаму назіральніку свой ледзь збольшага прыкрыты пёркамі азадак. Усе пры справе, у клопаце пра хлеб надзённы, шчыруюць ад цямна да цямна. І не дзіва: харч, хоць і дармовы, даецца птаству куды як нялёгка. Можа, таму і гультаёў сярод птушак, у адрозненне ад нас, людзей, няма. Як і начальнікаў, відаць, таксама: шукаць спажыву, не шукаць – асабістая справа кожнага, а пэўная іерархія калі і існуе, то найперш у інтарэсах усяго птушынага брацтва, то бок, калектыўнай бяспекі. Адзінае, што, здаецца, птушку з чалавекам родніць, — гэта нязводная схільнасць да крадзяжоў.