Выбрать главу

Але асабліва захапляе мяне назіранне за варонамі. Невядома, чым гэтак правінілася гэтая птушка перад нашым слынным класікам, што ён наважыўся зраўняць з ёю ў сэнсе разумовых здольнасцей дурнога мужыка, але ягонае параўнанне – безумоўны камплімент апошняму. У гэтым я ўпэўніўся нядаўна, ідучы пасля дажджу паўз скверык да свайго дома.

Было цёпла, змучаныя доўгаю жнівеньскай сухменню галубы апантана купаліся ў неглыбокай лужыне, змывалі з пёраў прыкарэлыя выдаткі штохвіліннага летняга дбання пра правізію для вечна галодных нашчадкаў. Іх было шмат, і яны нагадвалі гурт першахрысціянаў ля купелі для абмывання. Раптам усе яны дружна, бы па камандзе, узняліся ў паветра ды рассыпаліся куды каторы. А да лужыны тым часам спусцілася з прагалку ў шатах дрэваў прычына пярэпалаху — варона са скарынкаю ў дзюбе. Яна дзелавіта кінула скарынку ў ваду, пуляючы па баках вачыма, пачала чакаць, калі тая размякне і можна будзе яе з’есці без лішняе мітрэнгі.

Нарэшце варона праглынула размяклую скарынку, абцерла дзюбу аб траву, паляцела далей па сваіх справах. Я думаў, што вось зноў вернуцца да лужыны працягваць купанне галубы, але памыліўся. Ніводнага аматара перадвосеньскага купання паблізу не было. Затое праз колькі хвілін прыляцела тая самая варона – з новаю скарынкай. І гэтак паўтаралася некалькі разоў.

Аднак не заўжды стасункі мае з птушкамі мелі гэткі ідылічны характар, як зараз. Адзін выпадак з падлеткавага ўзросту дасюль поўніць мяне вусцішам. Вусцішам, па-за межамі якога любы адказ на пытанне «чаму?» падасца не менш рытарычным, чым само пытанне.

Забава была такая: падкрасціся як мага бліжэй да купкі вераб’ёў, шпурнуць у яе палкай ці прэнтам, цаляючы не ў адну якую-небудзь асобную птушку, а ва ўвесь гурт адразу. У каторую небараку патрапіш, той і капцы, вядома, — дзіцячая жорсткасць яшчэ тая.

Я пацэліў, усе вераб’і ўзляцелі, і толькі адзін застаўся ляжаць на месцы дагары нагамі.

Я падняў нерухомае целка і ўбачыў заплылае чырванню ад удару птушынае вока, нежывое, як барвовая крапіна каросты на здаровай плоці сакаўнога восеньскага яблыка. Верабей таргануўся раз-другі ў маёй руцэ, быццам у спадзеве на цудоўнае ацаленне, і аціх дарэшты. Шкадаванне, што я дарэмна загубіў няшчасную птушку, ахапіла мяне. Але раптам, акурат у той момант, калі я ўжо хацеў кінуць вераб’я, ён зноў варухнуўся на далоні, дрыгнуў нагамі. Хваля радасці ўзнялася ўва мне, пагнала да бліжэйшай арэшыны. Я ўссадзіў птушку на самую вышэйшую, да якой толькі мог дацягнуцца, галінку, адышоўся воддаль. Азірнуўся: верабей пасядзеў хвіліну на галінцы, успырхнуў у паветра, жвава паляцеў з арэшыны ў паддашак пуні.

Нежывое, што неўспадзеў (ды на шчасце) ажыло, – мабыць, ён, той даўні выпадак, найболей прычыніўся да маёй сённяшняй прыязнасці да ўсіх птушак на свеце. Такой нястрымнай, што яна нават часам правакуе ўва мне недаравальнае з пункту гледжання законаў натуральнага адбору ўмяшальніцтва ў птушыныя справы.

Нядаўна, вяртаючыся з працы, я раптам заўважыў за некалькі крокаў ад сябе, ля кантэйнера са смеццем нейкі дзіўны вэрхал сярод чарады галубоў. Але вось галубы порстка ўзляцелі, і ля скрыні застаўся вялікі руды кот з бездапаможным птушыным целам у зубах. Зладзеявата пазіраючы на нечаканую перашкоду ў асобе не на жарт раззлаванага мяне, ён з яшчэ большаю жарсцю ўпіўся зубамі ў цела ахвяры, стрымгалоў памчаўся за рог дома. Я кінуўся следам, і, дзіва, кот, не даўшы розуму, што рабіць са здабычай, бо яму наперарэз акурат кінулася з нядвухсэнсоўным намерам адабраць голуба плойма іншых катоў, выпусціў яе з пашчы. А бедны палоннік, што неяк надта ж хутка апрытомнеў, успырхнуў у паветра, паляцеў сабе далей ад небяспечнага месца.

Не ведаю, наколькі любоў да птушак характарызуе ступень нашай чалавечнасці, але што птушак любяць многія – факт. Ды нават калі гэткі факт і мала выяўляе душэўную сутнасць той ці іншай асобы – усё адно ён усцешвае.

«Ну, сказаў жа я вам: няма сёння семак у мяне, няма!» – з роспаччу ў голасе – ці то ад таго, што насамрэч іх, тых семак, няма, ці то ад таго, што немагчыма пераканаць у гэтым сваіх нямых пярэстых, шызых ды белых суразмоўцаў – даводзіў нецвярозы дзядзька, сталы наведнік кропкі прыёму шклотары з добраму дзясятку галубоў, што, звыклыя, відаць, да пачастунку, так і ляпіліся да ягоных брудных рук, садзіліся на плечы, лапочучы крыллем у чаканні семак, адно ў вочы не зазіралі. Ужо і чалавечага, здаецца, у чалавеку – кот наплакаў, а вось жа...