Выбрать главу

Васіль Зуёнак

ВЫЗНАЧЭННЕ

Падрыхтаванае на падставе: Васіль Зуёнак, Вызначэнне: Вершы, — Мінск: Мастацкая літаратура, 1987. — 167 с.

Рэцэнзент: Уладзімір Гніламёдаў

Copyright © 2015 by Kamunikat.org

* * *
Пaкуль хаджу па гэтай зямлі — Нішто мне шляхоў не зачэрніць: Ёсць вехі і знакі, што лёс мой вялі,— Сутнасці вызначэнне. Любая бяда для мяне паўбяды, Во дваццаць другога чэрвеня Стаіць двайніком за плячыма заўжды — Пакут i слёз вызначэнне. Прайшло праз дзяцінства ваенных дарог Вогненнае перасячэнне. Са мной— найвялікшая з Перамог — Мужнасці вызначэнне. І так, і гэтак дратуюць гады. І свет наш — не з мёдам пчэльнік,— За праўду стой, не муці вады — Нязломнасці вызначэнне. То сонцам адорыць, то градам паб'е Ніву маю пад карэнне,— Жыццё, я за ўсё удзячны табе — Песні маёй вызначэнне. Хоць поўдзень высока, ды ўжо на страсе Мільгнуў мой прамень вячэрні: Жніўё для парасткаў новых засей — Няспыннасці вызначэнне. Ад слова і памяці роднай зямлі Мяне не грызло адрачэнне,— І продкі са мной і нашчадкі былі — Веры маёй вызначэнне. І сыну бацькоўскі мой запавет, Апошні наказ, даручэнне: З імем Радзімы выходзіць у свет — Будучыні вызначэнне.

ГНЯЗДО НА ЎЗМЕЖКУ

НАША ПЕРАМОГА
Калі з вайны вярнуўся мой парод, Загойваў раны і падлічваў страты,— Было адно ў нас: сорак пяты год І наша Перамога ў сорак пятым.
Што сёння ў нас? Заводаў карпусы — Хай пазайздросціць самы Форд багаты: БелАЗ i МАЗ — эпохі галасы І наша Перамога ў сорак пятым.
Вяселлямі зямля мая гудзе: Па караваю i па сонцу ў хату. Як бацька, полем жніўны дзень ідзе I наша Перамога ў сорак пятым.
Касмічныя арбіты па плячы, Вітае свет братоў маіх крылатых. На мове зорнай — БЕЛАРУСЬ — гучыць I паша Перамога ў сорак пятым.
Якая вышыня! — глядзі, мой сын, З яе — шляхоў нязведаных пачатак, Над ёй — чырвоны сцяг: на ўсе часы, Як наша Перамога ў сорак пятым.
ПОЛЕ
Поле — не толькі зямля, Гэта і неба, і ветрык, І васілёк, што здаля Свеціць душою прыветнай.
Гэта і жаўранка спеў — Першынца хмаркі вясёлай, Гэта надзеі пасеў, Мудрасці жніўная школа.
Гэта i дождж, што ідзе, Каб з ярыной паяднацца, Гэта бяссонне людзей І хлебадайная праца.
Поле — не поле без нас. І перапёлкаю ў жыце Кліча:           — У першы свой клас, Дзеці, у поле бяжыце!
* * *
Як ад лесу, ад хат не ўцячы: Хоць крыж-накрыж на вокнах дошкі, Хоць здзічэла брыдзе па начы Да астылае печы кошка,
Хоць заплёў над дзвярыма павук Свае сеці для мух няцямкіх, Хоць без цёплых дзіцячых рук Іржавеюць астылыя клямкі,
Хоць Адамамі ў гарады — Нібы ў райскі сад — з пяцісценак Мы бяжым — прагрэсу плады Атрасаць па спакуслівых цэнах,
Хоць па клетках глухіх камяніц Ладзім новага лёсу пачатак, Нібы пальцы, што з рукавіц Паразбегліся ў норы пальчатак,
Хоць часамі носім раба У душы i як сябру верым, Хоць i знаем: эпохі сяўба Зерне кідае толькі наперад,
І хоць будучыню за грош Не збываем нікому,—                                  ды ўсё ж — Пасля стрэсаў i рэвалюцый Мы да хат яшчэ мусім вярнуцца...
ТАК I ЗАСТАЕШСЯ ЧАЛАВЕКАМ
Калі пачынаеш прыкідваць, Колькі яшчэ не адкрыў на зямлі Таямніц і загадан — У кожнай расінцы, У макулінцы кожнай, У кожнай слязінцы... А яшчэ дадасі, колькі там іх, сакрэтаў, Дзе ты думкай і то не сягаў, Бо нельга пра тое падумаць, Чаго ты не знаў і не знаеш... Калі ўсё гэта разам складзеш — Хочацца богам зрабіцца, Зразумела, міфічным, Тым, якога няма І з якога смяёмся, Ды якому вядома і ўсё зразумела На свеце...