І што за людзі? Ці патрапіш
На добры час, на добры лад?
Ці раптам вылезеш нахрапам
І будзеш лішнім акурат?..
І вабіць вогнішча, i выйсці
Не дазваляе нейкі страх —
Той, першабытны, што калісьці
Згараў падушна ў злых кастрах...
Стаіш, няпэўнасцю схаваны,
Ля заімшэлага камля.
І ўсё я? — ісці наканавана:
Не грэе вогнішча здаля.
А выйдзеш з цемры — i сустрэнеш
І цеплыню, i дабрыню.
І станеш моўчкі на калені:
Паклон — людзям, паклон — агню...
Гарыць касцёр на ўзмежку лета,
Гарыць на ўзлессі, у палях —
Маленькай зоркаю сусвету
I сэнс падказвае, i шлях:
Вось так адкрыцца на дасвецці,
Так добрым словам памагчы,
Паклікаць, абагрэць, прывеціць —
Як тое вогнішча ўначы.
ШЛЯХІ
Хоць прароцтваў мы шмат налузалі
І не верыцца ў прадказанні,—
Ды жыццё павівальнымі гімнамі
Вызначала шляхоў адценні:
На дуэлях паэты гінулі,
А празаікі вар'яцелі...
* * *
«Як вершы пішуцца? — пытаюць.—
Агонь з вачэй i дым з вушэй?..»
Я ўсёй маёй не знаю тайны.
А вершы — пішуцца цішэй.
Прыходзіць верш безабаронна.
Адзін. Ні продкаў, ні радні...
Яны пасля — хістаюць троны.
Пасля пакутнай цішыні.
* * *
Настаўнікаў i прарокаў
Нямала было, ды сплыло —
І ў стылі «ампір» i «барока»,
І ў стыле «вампір» i «сіло».
Вучылі яшчэ да Скарыны,
Вучылі пазней i смялей,
У імя айца i сына
Вучылі... i гэтак далей.
Як мовы сваёй пазбыцца,
Як песню сваю забыць.
Ішоў беларус па сталіцах
I словы хаваў, як гарбы.
Бо кожнае з ix яшчэ змалку
Было ў зубаскала ў цане,—
Як кажуць, тваёю палкай
Самому ж табе па спіне.
Па д'ябальскаму тарыфу —
«Прашу, а не то задушу» —
Духоўным плацілі мы тыфам
За светлую нашу душу.
Гудзеў пахавальны форум
Сваіх брахуноў i чужых,
Сумленне забыўшы i сорам,
Не хлеб нам давалі, а жмых.
Было — ды пайшло ўсё прахам,
Засечкаю на ілбе
Усім, хто й па сёння прагне
У слова сядзець на гарбе.
Зазналі — і злых, і нахабных,
І хітруноў, і крыўляк...
«Вучыць бы»,— іх сверб неаслабны.
Вучыць бы,— вось толькі як?
Наеліся ісцін удосыць,
Наслухаліся мудрацоў.
Патрэбен слову філосаф
Сарамлівы. Як Міша Стральцоў.
* * *
Час — ён забаўнік па натуры,
Вузел такі адмысловы сплёў:
Феменізацыя літаратуры
І хімізацыя палёў...
* * *
Феномен прыроды? Генетыкі вось? —
Hi з коз, ні з аслоў, ні з кароў,
Hi з кошак — ніхто i ніколі,
а вось
Сабакі — падобны на гаспадароў.
ДЗЯЦІНСТВА БОР
Дзяцінства бор шуміць мне днём асеннім,
Вясной — смалістай песняю гудзе,
Адтуль, дзе мліва Дзед Мароз прасейваў,
Заснежанымі соснамі ідзе.
І на спатканне кліча безупынку.
На голас той і еду, і лячу...
Дзяцінства бор, прысядзем на хвілінку,
З табою на дарогу памаўчу —
Аб тым, што ўжо не вернецца ніколі:
Дзяцінства бор — прыходзіць толькі ў сне.
Бяскрыла спачувае наваколле
Апошняй старадрэвіне-сасно.
Лясіна не даклічацца лясіны,
І воды адышлі ад каранёў,
На салаўя сарока вучыць сына,
І шастае па гнёздах вараннё...
АМЯЛА
Тут яе не бачна, як няма —
На бярозе, што шуміць лісцём.
Тут бяроза без яе — сама —
Славіць лета, сонца i жыццё.
І не сніць бярозавы народ —
Белыя прысады бальшакоў,
Што спявае з ім у сто сукоў,-—
Цягне ў сто смыкоў — нахабны рот.