Выбрать главу
Пыжыцца зацята амяла, Тайныя франты яе — тылы: Не відно, як смокчуць са ствала Сок чужы прысоскі амялы.
I чаканне тоіцца: вятры Ў кронах лістабойна загудуць,— Вось тады ўжо нечага хітрыць: Выстаўляй на людзі бараду!
Вось тады, як трасяне мароз І закрыюць шлях снягоў валы,— Закрычаць з аголеных бяроз, Бачныя — высока лес узнёс! — Чорныя бароды амялы.
УДАЧА
Дым смуродны, дым смяротны Па шнуры змяёй паўзе. Што дрыжыш, рыбак залётны, Прытаіўшыся ў лазе?
Зараз, зараз гупне выбух, Глуха ўздыбіцца рака, Густа вывернецца рыба На змярцвелых плаўніках —
Лінь, уздуты, нібы мячык, І з кляшнёй зламанай рак, І жаданы дар удачы, Бог віроў — стары шчупак.
Плёс, нібыта ў пене, белы Ад аглухшай драбязы, Гляне зрэнкамі здранцвела Без надзеі i слязы.
Што твае адкажуць вочы? Ці ты помніш, як вайной Лёс галодны, лес сірочы Трызніў рыбкай залатой? —
Што накорміць поўнай меркай І дзяцей і ўсіх матуль,— Толькі б выжыць, не памерці — Голад быў страшней за куль.
Як мы бедкаліся зранку, Слёзы елі, як гарох, Як начамі снілі манку, Што з нябёс не сыпаў бог.
У аерыстых канавах Бузаваў дзіцячы лес, I сяголеткаў-малявак, Як удачу, кожны нёс...
Ды ці ўспомніш ты!.. Бязменам Загайдалася рука — «З пуд пацягне!.. Як палена»,— Важыць хіжа шчупака.
Вуды ў груды — ані ценю У вачах. «Глушы ды еш», Сам з аглушаным сумленнем Да машыны «ўлоў» нясеш.
Што ж, трымай за жабры ўдачу Хай падзівіцца сяло. Я ж сваю ўсё — тую — бачу: Пэўна, большай не было.
* * *

Гэтыя словы нашаптаў узорна-паказальны

палетак тэтраплоіднага жыта Белта

(з падвоенай колькасцю храмасомаў)

«Кіслыя азёры» Плён дажджоў сярністых: Ходзяць мёртва зоры Ноччу ў хвалях чыстых.
Выбіта i ў зёлак З-пад карэнняў глеба: Авіяпраполак Шлейф змяіцца з неба.
Вы i хларафосамі, Вы i гербецыдамі, Каб з гектара поснага Лішні цэнтнер выдаіць.
І плыве ў крыніцы З перуновым рыкам Не вада-жывіца, А вада-«арыйка»:
З чысцінёй стэрыльнай, З чысцінёй смяротнай,— Вы яе стварылі Не ў жыцці гаротным...
Вы яе стварылі У імя багацця — Ціха прыдушылі Рыбу ў роднай хаце:
У вірах завойных, На вясёлых плёсах Марсіянскіх войнаў Ходзіць адгалосак...
Быццам той цаною Рай зямны адведзены, Быццам вышынёю Стане кавал з'едзены...
Вам — і зерня сутнасць, І мае ўраджаі ўсе, Толькі быць атрутным Я не пагаджаюся...
Радавыя поля, Генералы хіміі, Як мяне «палолі», Дзесьці вы не схібілі?..
МАЛЕНЬКАЕ ДАПАЎНЕННЕ ДА ТАБЛІЦЬІ МЕНДЗЯЛЕЕВА
Натварыла цудаў шмат Хітрая прырода: Іншым разам брата брат Не прызнае з ходу.
Вось, напрыклад, вуглярод — «С» — вядомы свету: Напладзіў такіх парод — Як герой шматдзетны.
Ёсць алмаз, i ёсць графіт, Ёсць, нарэшце, вугаль, А яшчэ — канцылярыт Ходзіць гэтым кругам.
Незвычайны мінерал, Пробы самай чыстай: У пяхоце —               генерал, У марфлоце —               адмірал, А ўжо ў нас —               міністр.
Падабраў канцылярыт Якасці алмаза: Цвёрды, войстры.               І, як гід, Знае ўсё, зараза.
Разане, нібы па шкле, Адграфіць алоўкам, Па якой табе шкале Жыць на свеце лоўка.
На параграфы сваё Сэрца выкладае, Ростам з добрае цаўё Грыфелі глытае.