Мінерал-чынадрал,
Мінерал-загадчык:
Піша, піша — як аўрал
Па пісьму назначыў.
Не жыве, a толькі ход
Задае паперам,
Як Гамер-наадварот
Нашай новай эры.
Папярыт-канцылярыт —
Горш якой хімеры —
Папяровы апетыт
Мае безразмерны.
Цыркуляры — о-го-го! —
Выдае бязбожна
Бюрапенны бог з багоў,
Бог пустапарожні.
...Вось i ўсё, што я дадаў
Ці дадаць павінны
Да табліцы, што складаў
Мендзялееў слынны.
Можа, веры не дасцё,
Але ўсё ж, дарэчы,
Папрашу на адкрыццё
Мне дыплом засведчыць.
Каб вось гэты мінерал,
Быль ці небыліцу,—
Хай лепш будзе там прагал
Выкінуць з табліцы.
З ПАДСІТКА «МІНІ-МІНЫ»…
...У прыёмнай камісіі
І не грыз ён навуку,
І бацькі не дацэнты:
Па мячы добра стукаў —
І прайшоў у студэнты.
Хоць дэкан і ўпіраўся,
Хоць кагосьці і лаяў,
Ды, нарэшце, паддаўся:
— Ах, любоў,— яна злая! —
Асабліва такая —
Да славутага спорту:
Тут сам бог не ўтрывае —
Тут залічыш і чорта!..
...На семінары па абмену вопытам
Ці то сход, ці то бяседа —
У кантору зазірні:
П'е суседка да суседа —
Старшыня да старшыні.
Брыгадзір ідзе ўпрысядку,
Выбівае з ботаў дух.
Навакол даяркі гладкай
Вывіваецца пастух...
I адзін — як цень, вядома,—
Галоўбух глядзіць на свет:
Па артыкуле якому
Пройдзе сённяшні банкет?..
Запявае гэты клопат
Песняй зычнаю свінар...
...Так над назвай «Новы вопыт»
Закрываўся семінар.
З ПАДСІТКА «МІНІ-МУЗЫ»...
...У творчай камандзіроўцы, альбо канспект нарыса пра леснікоў
Аб'ездзіўшы аб'езд,
Абшарыўшы абшары,
Каб зняць сталічны стрэс,
Да леснічоўкі шпарым.
«Сталічнай» — ні на зуб
Не суліць леснічоўка:
Аб'ездчык — сам, як дуб —
Нясе на стол «кустоўку».
А побач — шась пад гляк
Кіндзюк, прапахлы хвояй,
Кумпяк, як той смаляк —
Аж высмяг пад страхою.
Каўбаска ў пяць кругоў
З патэльні прэ аблогай.
А булак, пірагоў!
А ягад, а грыбнога!..
— Дзе ёсць ён,— я крычу,—
Рай, лепшы ад ляснога?!
Такога, брат, харчу
Не ўбачыш ты i ў бога.
Як бог, аб'ездчык лье,
Я п'ю, як бог, вядома.
I ўсе мне тут свае,
Я ў лесе — нібы дома!...
Аб'ездчык — з берагоў,
Мяне ж — не валіць змога.
А жонка — i таго,
I гэтага, i тога...
Смяецца: «Муж нядуж...»
А я, брат, не шманаю:
Цягну свой творчы гуж —
Я «матар'ял» збіраю!
НА ЮБІЛЕЙНЫМ ПАРОЗЕ
Вось і ты, нібы кліент
У цырульні слова:
Юбілейны рэцэнзент
Навастрыў аловак.
Ходзіць ззаду i вакол,
Злёгку бровы хмурыць:
Да якіх бы гэта школ
«Падагнаць натуру»?
Так паголіць, падстрыжэ
Кудзер пакручасценькі —
За Гамера даражэй
Станет для сучаснікаў!
Шыпне шыпрам раз i два,
Падшмальцуе хібы —
І ўжо там, дзе галава,
Грыўка свеціць німбам.
Намякне, што і медаль
Быў бы да аблічча —
Тут і ў класікі амаль
Сам сябе залічыш.
А пасля і на банкет
Прыйдзе першай скрыпкай,
Будзе ўзносіць твой абед
З тостамі ў прысыпку.
Тут i чорт но давядзе,
Хто ў якой выгодзе:
Ён — як рыбіна ў вадзе,
Ты — як муха ў мёдзе…
НА ДЗЕНЬ АД'ЕЗДУ
Я ў лес на развітанне не пайшоў:
Хор адгавораў ледзьве не ахрып,
Дый сам надоены пытаўся ў мурашоў:
«Чаму пад шыгаллем там засядзеўся грыб?..»
Я но пайшоў... А ўчора дожджык быў,
Няхай сабе і кволенькі зусім,—
Мабыць, на дзень ад'езду мне грыбы
Па родных баравінах церусіў...
Я не пайшоў. А з раніцы ўваччу:
Чырвона падасінавік гарыць,
Як светафор — спыніцца і адчуць:
«Куды ты едзеш, дурань, без пары...»
Вунь з-пад лісця лісічак ланцужок
Гатовы напярэймы сігануць,
А ў верасовы глянеш беражок —
Таўстушкі там — на зайздрасць сагану.
З імхоў вылазяць на паўгалавы,
Ільсняцца, нібы тыя кумпякі,
Правэнджаныя духам баравым,
Чарнявыя, як смоль, баравікі...
Я ў лес на развітанне не найшоў —
З надзеяй, што ўзрасце ён у цане:
Няхай сваёй удачы не знайшоў —
Грыбная казка застанецца мне.