Пэўна ж так, бо колькі маеш спрыту,
Круціш словам, як падробкай маг,
Па апошнім валаску нібыта,
Плачаш па Фалклендскіх астравах.
Нібы за саломінку ўхапіўся,
За друзок заморскае зямлі.
Хопіць, сэр, кажу табе: змірыся,
Аддавай,— не столькі аддалі!..
Не ў твой бок глядзіць граніца тая.
Просіць гаспадар — ідзі дамоў.
Сэр, прарэхі ўсе не залатаеш
Латкамі Фалклендскіх астравоў...
Кроплю адміральскую з нагоды
Выпі рому ды кладзіся спаць.
Зразумей: надзею на свабоду
I ў малой зямлі не адабраць.
«БАЦЬКІ» I «ДЗЕЦІ»
Корпус прэсы цісне, як пад прэсам,
Інтэрв'ю ў газетную калонку,
Адгалоскі хронікі пярэстай
З прэс-рэлізаў злізвае ўдагонку.
Ход падзей i думак барануе,
Бараноў сенсацыяй частуе,
Потым набіваецца ў піўную,
Цэдзіць брагу сонечна-густую
I талкуе пра пустыя рэчы:
Хто каму i як наставіў рожкі,
Пра недааголеныя плечы,
Пра паходку i пра ножкі трошкі...
Змахвае навінаў павуціну,
Што са свету знесены па нітцы,—
Сапраўды ж: хоць раз бацькі павінны
На дзяцей-няўдаліцаў забыцца...
ЦАРКОЎНЫ БАЛЬ У НЬЮ-ДЖЭРСІ
У царкве святой
Круглы год — застой:
Ці спявай псалмы,
Ці шыбай грамы,—
Як аглух прыход:
Не ідзе народ.
Не ідзе — хоць плач,
Хоць пускайся ўскач...
Тут і ўздумаў поп:
«Ну а што было б?..
Ну а што — калі б?..
З чортам — мы змаглі б
I каб статак мець,
Каб звінела медзь,
Каб не звёўся чмур,
Поп адкрыў карчму.
Пры царкве прыдзел
Пеклам загудзеў...
Я ў царкве той быў.
Хоць не чорт рабы
І не д'ябал я —
Слыў за салаўя:
Горла песняй драў,
Піў настоі траў,
Калі б быў з чарцей —
Браў бы што й мацней...
Валам паства прэ —
Поп усіх бярэ:
Хрысціянін ёсць,
Мусульманін ёсць,
Ёсць i іудзей,—
Словам, шмат людзей...
А за карчмара
Выбраў ліхвяра —
Чорта, што ў Гудзон
Выкінуў амвон,
Сам жа — у царкве,
Быццам бог, жыве.
Водзіць скокаў рэй
Ля святых дзвярэй.
Старыя i малыя
У шэйку круцяць шыі.
Гандляр кладзецца лістам
З гандляркай чэша твіста.
Дзе чарка — там i вэрхал:
Аж крыж трасецца зверху
І дзве рукі ўзнімае:
«Што ж мне но наліваюць?
Весяліцца чорт,
Б'е ў піцці рэкорд,—
Хай жыве карчмар
І яго тавар!..
МАГЧЫМАСЦІ
Пагляд на праблему вачыма з беспрацоўнай чаргі
Ёсць баечка, як босам
Зрабіцца хтосьці змог:
Хадзіў спачатку босы,
А зараз — цар i бог.
Маўляў, у нас дзяржава
Магчымасцей для ўсіх,
На ўсё ты маеш права —
Адно лаві свой міг.
Вось так i ладзіш «ловы»,
Пакуль туман сплыве
I прарасце выснова
Аднойчы ў галаве:
— Сядзіш не ў тым трамваі,
Пустая галава:
Магчымасці ты маеш,
Ды дзе яны, не знаеш,—
І ёсць, але — няма...
Нібы ў кішэні кукіш,
Магчымасці твае:
І поліўкі не купіш,
Як цэнта не стае....
Заўсёды той таўсцее,
Каму зганяць бы тлушч,
А той, хто быў не ў целе,
Той сохне, нібы хрушч...
Магчымасці — пароўну,
А грошы — хто сабе:
І клерк, i Сэм галоўны
У сваю кішэнь грабе...
Такая панацэя,
Такая тут дзяльба:
Багаты багацее,
А беднаму — труба...
ШУКАЮ БОГШУ
Амерыка ўлюбёная ў музеі,—
Я гэту схільнасць сведчу і хвалю:
Ідуць — сустрэцца з ценем Калізея,
Ці моўчкі пазайздросціць каралю —
Людовіку якому альбо Карлу,
Ці зазірнуць у экзатычны кут...
Хаджу i я. Але шукаю маржа
Вачыма негра ці індзейца тут...