Раскідала зярняты свае...
Слыў чылійцам вучоным Дамейка...
Дзе, якая гнёзды віе
Аж за трыдзевяць мораў зямелька?.
Нібы крык — авансцэны абрыў...
І каб маці ўтрапёна маўчала —
Гэтак голасна ў свет гаварыў
Шверубовіч з Вільні — Качалаў...
Хтосьці зблізку забыў... Хто здалёк.
І аднойчы маці сказала:
— Ты збяры, прысаром ix, сынок,—
I тады ў людзі выйшаў Купала.
* * *
Якое малое зярнятка, а ў ім
Трывожна і чуйна космас,
Няспраўджаны, спіць, покуль воляю зім
Снуюцца завейныя кроены.
А дайце надзею вясны i цяпла —
Сузор'е выбухне раптам:
Травінка малая — правобраз крыла,
Крыло — прадчуванне галактык.
Якія мільярды ад зор да Зямлі:
Гады светлавыя — імгненнем.
Пылінкай касмічнай ляцяць караблі:
Няма — i ці будзе — збліжэнне...
A толькі скраніце арбіту Зямлі
На нейкую долю мінуты —
I хопіць, каб мігам агонь спапяліў
Ці холад планету ахутаў...
Якую ж нам тайну касмічную знаць
I мудрасць якую мець трэба,
Каб нашу Зямлю на далонях трымаць
I несці пад сонечным небам...
ПЫТАННЕ БОГУ
— Жывём — i дзякуй,
сэнк'ю,
мерсі,—
І нечага бога гнявіць:
Было б што паесці, было б што папіць —
І большага не прасі...
— А можа, той бог
сёння хоць бы ўявіць,
Што такое
мільён Хірасім?
І раптам бог адказаў: «Шкада,
Што бога няма. І вас
Здзівіць не магу. І адкрыць, як братам,
Што ядзерны ваш выбуховы запас —
Мільён Хірасім.
А гэта якраз
Амаль буду я:
нішто, пустата...»
ПІСЬМЫ
Як думы на фронт вадзілі
Салдаткі — дум камандзіры?
А так, як і пісьмы хадзілі —
Туды, у чорны агонь.
Спачатку ў цёплых руках,
Што абнімалі салдата,
Ці ў тых, маленькіх, якія
Ён браў калісьці ў далонь
І дыхаў, як на птушанятак...
За пазухай ці ў кішэні,
У сумцы ці ў торбе кужэльнай —
Дзе пешкі ішлі,
Дзе конна да станцыі дабіраліся.
Пасля цягнікамі ехалі,
Бывала, што i разміналіся
Дарогай з салдатам параненым...
А там, дзе ўжо дыхала фронтам,
Садзіліся на трохтонку.
А потым — крывавымі сцежкамі
Кароткімі перабежкамі.
Нібы патроны ў падсумку,
Паўзлі пад агнём па-пластунску.
I недзе на кропцы грымотнай,
Перад вышынёй няўзятай,
На крок ад удачы смяротнай
Траплялі ў рукі салдата...
На момант цішэлі траншэі,
На момант франты змаўкалі
Пісьмы, як птушкі, сядалі
І нешта на вуха шапталі,
І светла салдат усміхаўся,—
Вядома ж, не смерці сваёй...
СУСТРЭЧА
...умирая,
воплотиться
в пароходы,
в строчки
и в другие долгие дела.
На папялішчах i руінах Роўна
Яшчэ і напамінку не было
Taго праспекта, вуліцы галоўнай,
Яшчэ блакадай дыхала з балот.
Яшчэ ўрываўся па начах свінцова
Шал аўтаматаў у людскія сны,
Хадзіла рэха крокаў Кузняцова,
Разведчыка зняволенай вясны...—
Яна прыйшла сюды ў сорак дзевятым,
Дачка пакутнай віцебскай зямлі —
Той, што ў зямлянцы марыла пра хату,
Калі вятры завейныя гулі.
Яна прыйшла сюды — на рыштаваннях
Узняць крылата гмахі камяніц.
Праз дваццаць год ix роўна дваццаць стане —
Бяры любы аздобаю сталіц.
Змагалася Дазорцавай брыгада,—
I ў наступ з будаўніцамі ішла
Блакада сонца, радасці блакада,
Блакада ix дзявочага святла.
...Мяне сустрэў начны праспект шырокі.
Як роўны сон, над Роўна цішыня...
Ды я адчуў: я свой — не госць далёкі,—
Мяне сустрэў праспект яе імя.
I добры бог той позняе сустрэчы —
Пад ціхі шум замроеных прысад —
Тлумачыў мне тады Іван Бунечка:
— А тут во — беларускі далягляд: