Беды журацца —
Неразлучный...
Дум расстайных рой
Як гара з гарой,
А бяду з бядой —
Не разліць вадой...
* * *
Ля якіх сталіц,
Дзе — сустрэча тая:
На шляху стаіш —
А дарожку пытаеш...
Не вялікі падман,
Ды была б зачэпка...
...Пераймае туман,
Дзе воду мне чэрпаў...
Ля мурожных стагоў
Глуха стынуць ночы,
Як адсутнасць таго,
Хто глядзіць у вочы.
СТУДЭНЦКАЙ ВУЛІЦЫ
Для іншых ты Студэнцкаю не станеш —
Даўно ў цябе ўжо новае імя.
А для яго — трывожна i расстайна
Твае масткі драўляныя грымяць.
Як што забыў i ўспомніць дужа хоча,
Як што згубіў — не знае толькі дзе,—
Але сюды шукаць ідзе штоночы
І ўспамінаць — адно сюды — ідзе.
Калі ў дварах аглухне брэх сабачы
І гарадок з-за аканіц-павек
Не гляне нават,— ты скажы — ці бачыш
Сутулена праходзіць чалавек.
Спыняецца — няма ў каго спытаць,
Ідзе — пытанні вырастаюць роем.
І незнарок ягоная вярста
Ca мною сустракаецца парою.
Не-не, прабач, я знаць яго не знаю,
Я толькі знаю, што яго вядзе.
Той — малады, прыгожы — заклінаю:
Сагрэй яго, не пакідай нідзе.
Гукай яго. Каб сэрцам не заснуў,
Каб не панік на сцежках адмірання —
Няхай успомніць пра сваю вясну,
Няхай успомніць пра сваё каханне.
ЗАЗІМНАЕ
Ой, пайду, прайду
полем чыстым я,
Хмарку выведу,
снягі высцелю.
Дзе па выбаях
восень бегала,
Снягі выбелю
бялей белага.
Снягі выбелю,
дружка выберу —
Пакахаю раз,
а сем выверу.
Клікну раненька
па гулянейка:
— Быць з табой нам лес,
малады Мароз!
* * *
Усё — як жыццё — выключаецца:
Сонца, вясна, квітненне...
Толькі дождж... Ідзе, не канчаецца
І ні хвіліны збавення.
І ты ўсё ідзеш. У «ніколі».
У дождж адыходзіш, як вечнасць
У стылую ноч, за якою
Hi будучыні, ні сустрэчы.
* * *
Не, пакуль на касмічным падворку,
На квадраты атак падзеленым,
Хоць адна застанецца зорка —
Застаецца мая надзея.
Столькі знаю я, столькі мне трэба
Перадаць вам, браты невядомыя,
Што тварылася ў нас, пад небам,
Што зрабіла Зямлю бяздомнаю...
І калі ў гэтым свеце горкім
Штосьці вам сказаць не паспею,
За мяне дагавораць зоркі —
Чалавека яны разумеюць.
* * *
Мой анёл-ахоўнік,
Няма такіх трывог,
Каб ix табе грахоўна
Перадаверыць мог.
Лічы сабе як хочаш,
Ды толькі мне відней:
Ты шэпчаш: «Збочыў, збочыў...»,
А я — ішоў прамей.
Наўслед маёй няўдачы
Не хмурся з-за пляча —
Няўдачу перайначу,
Перамагу адчай.
I не шапчы на вуха,
Не перасцерагай,
I скруху-векавуху
Прыспаць не памагай.
Не пералічвай крокі
I сэрца рытм i лад,
Не выдавай па крохах
Жыццё мне на пракат.
Усё бяру на плечы,
На ўласную душу,
Аб лёсе чалавечым
Апекі не прашу.
Тут, мой анёл-ахоўнік,
Абачлівасць мая,—
Тут буду я вярхоўны,
Галоўны — буду я!
* * *
Люблю той подых лета нясмелы,
Той позірк пралескавы з-за куста,
Калі асіна паружавела,
Калі бяроза на паўліста,
Калі да венікаў вунь як далёка,
Як да замуства ў шаснаццаць год,
Калі вярба, набрынялая сокам,
Скручвае дудку — вадзіць карагод,
Калі над лотаццю рогат i войкат
Жабы спраўляюць, як сто маладзіц,
I чарнакніжніцай грэшная вольха
Азы пісьмёнаў вясновых цвярдзіць,—
Люблю цябе, майскае перасяленне
Бога вайны ў перуноў чараду,
Люблю цябе, крэўнае зазямленне
Касмічных дум i касмічных душ.