Ардынатарская сястра зайшла ў палату раней, чым звычайна. Я адразу ж пацягнуўся выключыць лямпу, але яна не звярнула на гэта ўвагі, падышла да ложка Брокмана і нахілілася.
Крыху паслухала, потым паціснула плячыма. У дзвярах з’явіўся бляклы вузкі твар аперацыйнай сястры.
Я не разумеў, што адбываецца. Як можна апераваць Герхарта?! Я адразу ўскочыў. Аперацыйная сястра ўсміхнулася. Гэта мяне засмуціла, бо калі яна ўсміхалася, за гэтым звычайна хавалася нешта небяспечнае. Магчыма, яна думала пра мяне і хацела яшчэ раз аднесці на бойню.
Але тут яна падышла да Брокмана, а затым прамовіла: «Мы можам паспрабаваць».
Я здзіўлена прыпадняўся. Перад расчыненымі дзвярыма па калідоры пракрочыла групка дзяцей. З імі была маладая дзяўчына.
— Гэта настаўніца, — прашаптала мне сястра. — Яна ляжыць ужо тыдзень у жаночым аддзяленні. Мы расказалі ёй пра Брокмана, і яна прывяла клас, каб Герхарту было радасна на Каляды. Спадзяюся, ён пачуе.
— Што? — запытаўся я, і нейкае падазрэнне сцяла мне дыханне, а яны зайшлі і заспявалі тонкімі галасочкамі: «Я цёмнай ночкай мроіў і бачыў цяжкі сон».
Мяне быццам ударылі, і ўсё ўва мне перавярнулася. Яны пра гэта думалі! У паўасветленай палаце, дзе лунаў пах смерці, у мяне з’явілася адчуванне, што да нас вярнулася страчаная Радзіма, вярнулася і павітала нас. Камяк падкаціў да горла. Але я сабраўся з сіламі і зірнуў на Брокмана: ці чуе ён песню? Першую страфу ён ляжаў не варушачыся. Сястра махнула рукой, і дзеці падышлі бліжэй. Яны пачалі другую страфу. Рукі Брокмана, быццам мышы, замітусіліся па коўдры. Потым ён раскінуў рукі і так ляжаў, быццам скарыўся лёсу. Я падумаў, што гэта канец, але тут ён расплюшчыў вочы — вялізныя, пяшчотныя, з нейкім невытлумачальным выразам. Твар быў падобны да краявіду на кратэры — нерухомы, спустошаны, шэры, — але вочы былі прыгажэйшыя, чым вочы дзяўчыны, якая спявала з дзецьмі. У гэтых вачах быў спакой, якога не было на твары.
Песня скончылася. Брокман не варухнуўся. Ён ляжаў вельмі ціха. Настаўніца кіўнула, і дзеці пачалі песню зноў. Тут Герхарт павярнуў галаву, быццам слухаў, і нешта падобнае да баязлівай лёгкай усмешкі прабегла па яго твары. Ён заварушыў вуснамі. Я схіліўся над ім. Спачатку словаў было не разабраць, таму я пасунуў трохі вышэй падушку пад ім.
— На тры галасы, — шаптаў ён, — на тры галасы…
Ён змоўк і паглядзеў на дзяўчыну. Яна была вельмі маладая, і я не мог паверыць, што яна ўжо настаўніца. Мне ж самому было толькі дзевятнаццаць, але я адчуваў сябе старым. Яна выглядала яшчэ дзіцем і, напэўна, не разумела, што адбываецца. Магчыма, яна хацела зрабіць хвораму што-небудзь добрае, але зусім не думала, што тут ляжыць чалавек, перад якім заходзіць свет і які яшчэ раз бачыць сваё юнацтва.
Вечарам, а дзявятай, Герхарт зрабіўся неспакойным. А палове дзясятай стала бачна, што яго цела кідае на барацьбу са смерцю апошнія рэзервы. А дзясятай ён рыпеў, як лакаматыў, пот ручаямі ліў па твары, Герхарт трымцеў і задыхаўся, лёгкія булькаталі, а скрыўленыя вусны хапалі паветра. Потым ён сціх, але застаўся ў прытомнасці.
— Дайце ж яму морфію, каб ён супакоіўся, сястра, — прасіў я.
Яна адмоўна хітнула галавой.
— Гэта супярэчыць веры, — адказала яна.
— Тады дайце мне, — сказаў я. — Гэта ж усяго толькі міласэрнасць! Пакіньце вось тут! Забудзьцеся, калі будзеце выходзіць!
Яна зірнула на мяне.
— Смерць — справа аднаго Бога, — сказала яна і ціха дадала: — А калі не так, то як тут можна вытрываць?
А палове адзінаццатай зрабілася так дрэнна, што я не мог больш на яго глядзець. Я мусіў нешта зрабіць і хутка зразумеў, што.
Як я выйшаў з палаты, не памятаю. Таксама не памятаю, адкуль даведаўся, у якой палаце ляжыць тая дзяўчына. На шчасце, па дарозе мяне ніхто не бачыў. Я не ведаю, што я сказаў ля яе дзвярэй, але яна, мусіць, зразумела, бо пайшла са мной, не задаючы лішніх пытанняў.
Яна села на ложак Брокмана і ўзяла яго потную далонь. Дзяўчына трымцела, але трымалася мужна. І тое, на што я ледзь спадзяваўся, здарылася: Герхарт супакоіўся. Ён і далей хрыпеў, але не так пакутліва.
Начная сястра прыйшла а дванаццатай. Гэтая тлустая жанчына была адзінай, якая нікому не спачувала. Убачыўшы дзяўчыну, яна развярнулася і пайшла назад. Я паспрабаваў усё растлумачыць. Але яна толькі хітала галавой. Шпіталь каталіцкі, тут з такім строга. Для сястры смерць была будзённасцю, нашмат больш незвычайнай была прысутнасць у нашай палаце дзяўчыны.