Цяпер Траецкае – прыгожае месца, куды вядуць гасцей, дзе любяць бавіць час. А ў ХІХ стагоддзі жылі там людзі “сярэдняга саслоўя” – гандляры, рамеснікі, сяляне. Бадзялася тут шмат беспрытульнікаў, жабракоў, якія ўдзень сноўдалі па Ніжнім рынку і Траецкай гары, а начавалі ў прытулку на набярэжнай Свіслачы. Калі ў 20-х гадах мінулага стагоддзя на Траецкую гару ўз’язджала конка, кандуктар спыняў яе і праводзіў пасажыраў бруднымі дварамі да мосту, пакуль вагон падымаўся наверх.
З Траецкім прадмесцем звязаны імёны нашых вялікіх паэтаў. Нездарма тут скрыжоўваюцца вуліцы Янкі Купалы і Максіма Багдановіча. На былой Аляксандраўскай набярэжнай здымалі кватэру бацькі Янкі Купалы. Паэту было тады восем, ён толькі пачаў хадзіць у школу. Бацька яго працаваў рамізнікам. Магчыма, даводзілася рамізніку Дамініку Луцэвічу падвозіць дырэктара гарадскога пачатковага вучылішча Адама Ягоравіча Багдановіча, які жыў таксама ў Траецкім. Тут, у доме на Аляксандраўскай, дзе на першым, мураваным, паверсе знаходзілася вучэльня, а на другім, драўляным – кватэра дырэктара, і нарадзіўся сын дырэктара, Максім Багдановіч. Дом, на жаль, не захаваўся, толькі шыльда на адным з будынкаў сведчыць пра месца нараджэння паэта.
У Траецкім стаяў і дом Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, у якім пісьменнік жыў і працаваў з1847 па 1853 год. Перажыў дом пажары і бамбежкі, а ў 1961 годзе яго знеслі – каб вызваліць месца для адміністратыўнага будынку выставачнага комплексу.
На беразе Свіслачы ў Траецкім мелася і гарадская лазня. Пад час Вялікай Айчыннай вайны ў ёй была падпольная арганізацыя. Хаваліся падпольшчыкі і партызаны і ў зямлянках на беразе. Плошча Парыжскай камуны ля Опернага тэатру была абкружана калючым дротам – там трымалі савецкіх ваеннапалонных.
Магчыма, сёння праязджалі б мы паўз шэраг нецікавых дамкоў Траецкага прадмесця, не звяртаючы на іх асаблівай увагі. Але ў 80-х гадах мінулага стагоддзя было вырашана зрабіць тут турыстычны цэнтр, надаць гэтаму куточку горада старажытнае аблічча. Траецкае перамянілася непазнавальна. Дамы пафарбавалі ў яркія колеры, дахі пакрылі чарапіцай. Адчынілі кавярні і крамы. Цяпер тут можна наведаць музей Максіма Багдановіча і Музей гісторыі беларускай літаратуры, паглядзець экспазіцыю ў Доме прыроды і галерэю “Жыльбел” (дарэчы, у будынку былой сінагогі).
Доўга спрачаліся, як мусіць выглядаць астравок пасярод Свіслачы, які помнік на ім паставіць... Перамог праект, які ўшаноўвае памяць беларусаў, што загінулі на вайне ў Афганістане ў 80-х гадах ХХ стагоддзя. Цяпер гэты востраў называецца Востраў мужнасці і смутку. А ў народзе называюць яго Востравам слёз. На ім стаіць храм-помнік “Сынам Айчыны, што загінулі за яе межамі”. Ён нагадвае старажытную цэркаўку. На востраў часта кіруюцца вяселлі, і жаніхі абавязкова пераносяць сваіх нявест на руках праз прыгожы масток. І абавязкова падыходзяць на востраве да скульптуры смуткуючага анёла-хлопчыка.
У 30-х гадах 20 стагоддзя, там, дзе сёння плошча Незалежнасці, на пачатку Савецкай вуліцы, між драўляных дамкоў стаялі два храмы – праваслаўны імя Казанскай Божай Маці і касцёл святых Сымона і Алены. Менавіта між імі было вырашана будаваць галоўны дом краіны – Дом ураду. Перамог у конкурсе на лепшы праект ленінградскі архітэктар Іосіф Лангбард, ураджэнец Бельску, што на Беласточчыне.
Той час здаваўся пачаткам зусім новага жыцця, таму і будынкі патрабаваліся незвычайныя, не падобныя да ранейшых. Светлыя, прасторныя, са складанай гульнёй формаў. Праект Дома Ураду, які прапанаваў Лангбард, сапраўды ўражваў... Гэта і па сёння самы вялікі будынак у беларускай архітэктуры. Вось толькі матэрыялаў не хапала... Тым больш тых, пра якія марыў архітэктар. Давялся будаваць са звычайнай цэглы. А калі ўспомніць, што першы вежавы кран у Мінску з’явіўся толькі ў 1940-м годзе, зразумела, як няпроста было ўвасобіць фантазію архітэктара. Але да свята Кастрычніцкай рэвалюцыі, 7 лістапада 1933 года Дом Ураду быў адчынены, і на плошчы перад ім адбылася дэманстрацыя. А яшчэ праз тры гады храм Казанскай Божай Маці, што стаяў побач, быў узарваны. Пагроза была і над Чырвоным Касцёлам, але, на шчасце, разумныя яго змаглі абараніць.
Лангбард быў таленавітым архітэктарам. Хаця Дом Ураду вельмі вялікі, ён не здаецца грувасткім. Плошча перад ім была ў некалькі разоў меншая, чым сёння, па ёй хадзіў трамвай. Архітэктар задумваў, каб плошча тая злучалася з вакзалам, але так зрабіць не дазволілі. Цікава, што амаль такі самы Дом Ураду, толькі меншы, Лангбарду загадалі збудаваць у Магілёве. Гэта было ў 1939 годзе, калі Заходняя Беларусь уваходзіла ў склад Польшчы, і мяжа апынулася недалёка ад Мінску. Савецкія ўлады мелі планы перанесці сталіцу Беларусі далей на Усход, у Магілёў... Але неўзабаве Усходняя і Заходняя Беларусь злучыліся. І Мінск апынуўся ў цэнтры БССР і застаўся сталіцай.