Нават калі проста прайсці па вуліцах горада, убачыш шмат шыльдаў і барэльефаў у памяць падпольшчыкаў – на будынку лакаматыўнага дэпо, чыгуначнага вакзалу, дрожжавага камбінату, піваварнага, гарбарнага, станкабудаўнічага заводаў, на доме друку, на будынку клуба вытворчага аб’яднання “Прамень”... Помнік ля Чырвонага касцёлу пазначае месца, дзе загінуў пры выкананні баявога задання адзін з кіраўнікоў мінскага падполля Уладзімір Амельянюк. На будынку вытворчага аб’яднання “Белвар” – барэльеф з выявай Трыфана Лук’яновіча, савецкага салдата, які выратаваў нямецкую дзяўчынку і якому пастаўлены помнік у Берліне. Перад будынкам навукова-вытворчага аб’яднання, якое носіць імя Мікалая Гастэла, помнік лётчыку-герою. На вуліцы Чыжэўскіх помнік на тым месцы, дзе ў 1943 годзе фашысты пакаралі смерцю трох падпольшчыц – Н.Майсееву, А.Чыжэўскую і М.Чыжэўскую, якія рыхтавалі забойства ката беларускага народа генеральнага камісара Беларусі Курта фон Готберга. А даведацца падрабязней пра подзьвігі мінчан можна ў Музеі Вялікай Айчыннай вайны, што знаходзіцца на Кастрычніцкай плошчы.
Акрамя велічных помнікаў у гонар вялікіх падзей і асоб, ёсць у кожным еўрапейскім горадзе скульптуры, якія ствараюць яго непаўторнасць, невялікія, “неафіцыйныя”, але асабліва любімыя. Ёсць такія і ў Мінску. Самая вядомая – гэта “Хлопчык з лебедзем”, фантан у былым Аляксандраўскім скверы, побач з тэатрам Янкі Купалы і Домам Афіцэраў. Яе аўтар – італьянец Л.Берніні. З’яўленнем фантана ў 1874 годзе адзначылі вялікую для горада падзею – адкрыццё вадаправоду. Дарэчы, з-за гэтай скульптуры сучасныя гараджане празвалі сквер “Панікоўкай” – у рамане Ільфа і Пятрова “Залатое цяля” ёсць такі персанаж, Панікоўскі, які спецыялізаваўся на крадзежы гусей. Вось дасціпныя мінчукі і ўгледзелі падабенства...
У Аляксандраўскім скверы ёсць і яшчэ адна нечаканая адметнасць, з якой звязана гарадская легенда. Каля тэатра Янкі Купалы стаіць невялікі прыгожы будынак, падобны да маленькага палацу. Праўда, прызначэнне яго зусім не рамантычнае – у ім размешчана... грамадская прыбіральня. А легенду расказваюць такую... Калі напрыканцы ХІХ стагоддзя ў Мінску пачалі будаваць тэатр, адзін архітэктар сказаў, што зробіць гораду падарунак – пабудуе за свой кошт ля тэатра прыбіральню. Вядома, прапанова была з удзячнасцю прынятая... Дзівак-дойлід узводзіў абяцаны будынак надзіва дыхтоўным і прыгожым. І толькі праз нейкі час высветлілася, чаму. Незадоўга перад гэтым архітэктар пабудаваў маёнтак для нейкага пана. Атрымалася прыгожа, на італьянскі манер... Але заказчык майстра падмануў – не заплаціў за працу. Архітэктар паабяцаў, што адпомсціць. Новая гарадская прыбіральня ўяўляла з сябе паменшаную копію таго прыгожага маёнтка. Над панам пачалі смяяцца, гаварыць, што жыве ў прыбіральні... Урэшце ён быў змушаны прадаць свой новы шыкоўны дом за крыўдна малыя грошы і з’ехаў некуды за мяжу.
А вось гісторыя помнікаў сквера Саборнай плошчы нагадвае дэтэктыў. У 1901 годзе там на чорным гранітным пастаменце паставілі бронзавы бюст расійскага імператара Аляксандра ІІ. Ён нават падсвечваўся ў цемры двума электрычнымі ліхтарамі. У 1917 годзе, пасля рэвалюцыі, бюст з пастаменту знік. І на тым месцы быў устаноўлены помнік салдату-рэвалюцыянеру. Але, відаць, скульптура была зроблена з гіпсу, таму праіснавала нядоўга. І ў 1921 годзе на тым жа месцы з’яўляецца абеліск імя Мінскага Савету... Але зноў – з нетрывалых матэрыялаў. І ў 1922 годзе замест яго з’яўляецца помнік краўцу-рэвалюцыянеру Гіршу Лекерту, які быў павешаны за замах на віленскага губернатара. І гэты помнік “не дагадзіў” уладам. У 1939 годзе на яго месцы паўстаў фантан са скульптурай атлета, які цэліцца ў нябёсы з луку. І гэта не спадабалася... Атлет знік разам з фантанам.
Затое ў апошняе дзесяцігоддзе горад займеў шмат цудоўных скульптур, вакол якіх будуць складацца легенды. Напрыклад, у Міхайлаўскім скверы ля вуліцы Свярдлова з’явілася дзяўчынка з парасонам і мінчанка ў капелюшы, што сядзіць на металічнай лаўцы, гасцінна запрашаючы прысесці побач... Аўтар скульптур, Уладзімір Жбанаў, аздобіў і Камароўскі рынак – на прыступках сядзіць бронзавая гандлярка з семкамі. Аднойчы маладыя мінчане нават зладзілі тут флэш-моб – вясёлы розыгрыш, на які дамаўляюцца праз Інтэрнэт незнаёмыя людзі. Усе мусілі ў адзін час падысці да гандляркі і падарыць ёй... па чупа-чупсу. А вось з іншай насельніцай Камароўкі, Дамай з сабачкам, любяць здымацца і мінчане, і госці горада. Хаця побач прапаноўвае свае паслугі бронзавы фатограф. Ну а каня, што стаіць непадалёк, многія напачатку прымаюць за сапраўднага. Адпачывае сабе, звесіўшы галаву, пакуль гаспадар бадзяецца па рынку... Нельга не згадаць і пра невялікі помнік мастаку-вандроўніку Язэпу Драздовічу ў Траецкім прадмесці. Мастак, які нясе над сабой створаны ўяўленнем свет. Сваю рамантычную Беларусь.