У другой палове ХVII стагоддзя ў езуіцкім калегіуме на плошчы Свабоды меўся школьны тэатр. У сур’езных п’есах, якія там паказвалі, былі ўстаўкі-інтэрмедыі, вясёлыя сцэнкі на беларускай мове. Меўся тэатр і ў будынку ратушы. Потым пад гарадскі тэатр перабудавалі дом шляхціца Яна Байкова на той жа Саборнай плошчы. А ў 50-х гадах ХІХ стагоддзя ў адной з камяніцаў на плошчы Свабоды, нягледзячы на забарону, паказалі першы беларускі спектакль – оперу “Сялянка” на словы Дуніна-Марцінкевіча і музыку Станіслава Манюшкі. Дарэчы, абодва аўтары жылі ў Мінску. І сёння ў Купалаўскім тэатры можна паглядзець спектакль “Ідылія” – сучасную пастаноўку той самай оперы. На жаль, будынак, у якім адбылося прадстаўленне, знішчаны напрыканцы 80-х ХХ стагоддзя. Ён знаходзіўся каля кансерваторыі. А вось той будынак, у якім сёння Купалаўскі тэатр, не мяняў свайго прызначэння. Яго збудавалі ў 1890 годзе дзякуючы клопатам князя Трубяцкога. З цяжкасцю ўдалося адваяваць месца для гарадскога тэатру ля Архіерэйскага дому – тэатр лічыўся месцам “грахоўным”, і будаваць яго належала на пэўнай адлегласці ад храмаў. На заснаванні прысутнічаў Вялікі князь Уладзімір з жонкай, якія паклалі ў падмурак некалькі залатых манет. Вось толькі менчукі не спяшаліся наведваць свой тэатр ні ў старым будынку, ні ў новым. Пераважна таму, што было забаронена даваць спектаклі на польскай і беларускай мовах. Але з’яўляюцца першыя беларускія тэатральныя трупы – Ф. Ждановіча, Ф. Алехновіча, У.Галубка. У 1911 годзе ў зале гасцініцы “Парыж” адбыўся спектакль беларускай трупы Ігната Буйніцкага па п’есе Каруся Каганца “Модны шляхцюк”. Беларуская мова гучыць у залах і на вуліцах... У 1917 годзе і на сцэне Мінскага гарадскога тэатра загучала наша мова, і тэатр зрабіўся любімым месцам гараджан. Менавіта ў яго будынку ў 1917 годзе адбыўся першы Усебеларускі кангрэс, на якім беларусы заявілі пра сваё жаданне стварыць незалежную дзяржаву.
І песні спявалі ў нашым горадзе спаконвеку. Гэта былі не толькі вясёлыя простыя песні, пад якія танчылі ў корчмах, але спевы на шмат галасоў, як у Грузіі. Ужо ў XIV-XV стагоддзі ў Мінску існавалі школы царкоўных спеваў. Напрыканцы XVII стагоддзя пры двары мінскага ваяводы К. Завішы створаны аркестр, які выконваў духоўныя творы і беларускія народныя песні і танцы. У1803 годзе ў Мінску меўся гарадскі аркестр, якім кіраваў Вікенцій Стафановіч. Брат Вікенція Дамінік ладзіў сімфанічныя канцэрты. У 1872 годзе адкрылі вучэльню арганістаў. “Мінск наш кругом весяленькі”,- пісаў Дунін-Марцінкевіч: музычныя і тэатральныя вечары ў старажытным горадзе ніколі не былі рэдкасцю. Уменне граць на музычных інструментах, спяваць лічылася абавязковым для ўсіх са шляхетнага саслоўя. І не толькі “мясцовымі сіламі” даваліся канцэрты. У гатэлі “Еўропа” штовечар граў венскі дамскі аркестр. Даваліся спектаклі і канцэрты ў Амерыканскім клубе. Былі і шматлікія курсы, на якіх за невялікую плату маглі навучыць “оперным спевам”. Ну а пасля рэвалюцыі ўтвараюцца адзін за адным аркестры, хоры, ансамблі. У. Тэраўскі арганізаваў Беларускі народны хор. У 30-х з’яўляецца беларускі балет і беларуская опера... Ларыса Александроўская, незвычайна прыгожая і таленавітая спявачка, робіцца кумірам мінчан. Сёння на конкурсе імя гэтай спявачкі выяўляюцца новыя таленты.
Цяпер у Мінску 11 тэатраў. З тых, што мы яшчэ не згадвалі, варта назваць Музычны тэатр на плошчы Клары Цэткін, драматычны тэатр імя М.Горкага (ён знаходзіцца ў будынку былой сінаногі). А Маладзёжны тэатр размясціўся ў будынку былога Дома культуры работнікаў гандлю, збудаванага на заараных Старажоўскіх могілках. Побач з ім - тэатр Сучаснай беларускай драматургіі. Есць у Мінску тэатр юнага гледача, тэатр лялек, канцэртныя залы... І калі вы будзеце наведваць іх, успамінайце і людзей, што ў неспрыяльных умовах заснавалі нацыянальнае мастацтва.