Выбрать главу
21. Літаратурнае жыццё.

Пачаўся адлік гісторыі нашага горада дзякуючы літаратурнаму твору – “Слову аб палку Ігаравым”. І шмат месцаў Мінска звязана з гісторыяй літаратуры. Яшчэ ў XVIII стагоддзі пры ваяводскай школе тут існаваў літаратурны гурток, і ў Вільні выдалі яго зборнік пад назвай “Паэтычныя забаўкі моладзі ў мінскіх школах”.

А ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя беларускае паэтычнае слова напоўніцу загучала ў свецкім салоне мінчука Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Тут бываў цвет гарадской творчай інтэлігенцыі, прыязджалі слынныя госці... У пачатку 80-х у горадзе з’явілася першая газета “Минский листок”. Па ўспамінах сучаснікаў, “гэта была навіна як першыя майскія перуны. Менчукі са слязамі прасвятлення і радасці чыталі “наш” лісток. “. У першым нумары газеты быў надрукаваны верш паэта Янкі Лучыны, (ён жа – мінскі інжынер Іван Неслухоўскі). Верш называўся “Не ради славы иль расчета”. Газета выходзіла на рускай мове, але дзякуючы намаганням патрыётаў, у першую чаргу Антона Слупскага, удалося заснаваць пры ёй беларускамоўны літаратурны дадатак – «Северо-Западный календарь». Там друкаваліся вершы Янкі Лучыны, паэма Дуніна-Марцінкевіча “Гапон”, ананімная паэма “Тарас на Парнасе”, верш Янкі Купалы “Мужык”.

Каб даведацца пра літаратурнае жыццё Мінска, трэба прайсціся па яго музеях. Між цяністых дрэў парка Янкі Купалы – двухпавярховы шэры будынак, музей паэта. Гэта яго адноўлены дом, які быў знішчаны падчас бамбёжак. Калісьці ў госці да Купалы прыходзіла ўся літаратурная грамадскасць, любіла бываць моладзь. А калі Свіслач разлівалася так, што нельга было прайсці – то маладыя паэты і начавалі там. Цётка Уладзя, Уладзіслава Францаўна Луцэвіч, жонка Янкі Купалы, шмат зрабіла для ўтварэння гэтага музея, доўгі час кіравала ім. У парку ёсць фантан, у які бронзавыя дзяўчаты пускаюць купальскія вянкі – паэт нарадзіўся на Купалле. І сам паэт тут жа, на п’едэстале, ля якога кожны год, да дня яго нараджэння, праводзяцца паэтычныя чытанні. А ў раёне Акадэміі Навук – дом-музей другога нашага класіка, Якуба Коласа. Перад домам – “дубовая падкова”, чатыры дубы і бярозка. Іх садзіў перад сваім акном сам пісьменнік. Дрэвы нібыта сімвалізавалі коласаву сям’ю: бярозка – жонка паэта Марыя, а сам паэт і тры яго сыны – магутныя дубы. Кажуць, што калі цяпер стаць у засені гэтых дрэў, то нават удзень можна разгледзець зоры. Ну а герояў твораў Якуба Коласа можна пабачыць на плошчы яго імя – Сымон-Музыка грае на скрыпцы, побач – бясстрашны партызан дзед Талаш, а між імі – задуменны Якуб Колас.

У Траецкім прадмесці заўсёды рады прыняць гасцей музей Максіма Багдановіча. А ў музеі гісторыі беларускай літаратуры вам раскажуць шмат пра якія цікавыя і трагічныя старонкі нашай культуры. Калі вы паедзеце на вуліцу Рабкораўскую, то ўбачыце там маленькі дамок – Беларускую хатку, філіял музея Максіма Багдановіча. Тут смяротна хворы Максім, прыехаўшы ў родны горад, не бачаны з ранняга дзяцінства, жыў на кватэры ў пісьменніка Змітрака Бядулі. Тут напісаў паэму “Страцім-лебедзь”, пра тое, што дзеля выратавання свайго народу варта ахвяраваць жыццём, не спадзеючыся на славу.

А калі вы пройдзеце па вуліцы Куйбышава, то на доме нумар 10 убачыце барэльеф з выявай прыгожай задуменнай жанчыны. Гэта вялікая украінская паэтэса Леся Украінка. Яна прыязджала ў Мінск даглядаць смяротна хворага на сухоты Сяргея Мяржынскага, публіцыста і рэвалюцыянера, якога аддана кахала. Мяржынскі высока цаніў Лесю, як сябра і паэтку, але яго сэрца належала іншай. І Леся пісала пад дыктоўку паміраючага лісты да суперніцы. Ля ложка хворага яна стварыла трагічную паэму “Апантаная”. Мяржынскага пахавалі на Старажоўскіх могілках, якія, як ты ведаеш, былі знішчаныя.

22. Мастацкае жыццё.

Калісьці выяўленчае мастацтва не лічылася за высакародны занятак. Мастакі, якія малявалі каралёў і князёў, нават не мелі права падпісваць сваіх карцін. Але ўжо з XVI стагоддзя мінскіх мастакоў запрашалі працаваць ў розных гарадах. Напрыклад, майстар Іеранім пакінуў па сабе памяць у Варшаве. Час мяняў адносіны да мастацтва, і мы ведаем імёны знакамітых мастакоў, што жылі і працавалі ў Мінску: Яна Дамеля, Валенція Ваньковіча, Чэслава Манюшкі, брата славутага кампазітара. Праўда, не ва ўсіх талентаў шчасліва складваўся лёс.

У ХІХ стагоддзі ў Мінску не было ніякіх мастацкіх навучальных устаноў. Выпускнік Пецярбуржскай Акадэміі мастацтваў В. Маас на свае сродкі ўтрымліваў пры летнім тэатры ў гарадскім садзе мастацка-сталярную майстэрню, дзе вучыў юных мінчан маляванню. І нават плаціў бедным вучням штотыдзень па 50 капеек, каб яны маглі наведваць заняткі. В. Маас спрабаваў атрымаць дазвол на адкрыццё мастацкай школы, казаў, што мінскія мастакі баталіст Папоў і акварэліст Сукоўскі гатовыя выкладаць там бясплатна... Дазволу не далі. Сёння не засталося ніводнай карціны Эраста Сукоўскага, які працаваў акцызным наглядальнікам. Вядомыя толькі назвы яго палотнаў – “Шлях у палескіх балотах у завіруху”, “Зімовая дарога на Палессі”... Цяжкой працай даводзілася зарабляць на жыццё і другому мінскаму мастаку, вучню Івана Рэпіна Л. Альпяровічу. У Мінску ён працаваў табельшчыкам на чыгунцы і памёр, не дажыўшы да 40, у нястачы. Яго карціны засталіся ў асноўным няскочанымі.