Ёсць у нашага горад свой Устаў, прыняты ў 2001 годзе. Калісьці былі ў Мінску войты, бургамістры, губернатары. Дарэчы, вядомае імя першага войта, які кіраваў горадам у пачатку ХVI стагоддзя – Гаўрыла Гарнастай. А сёння ў Мінску ёсць мэр, органы самакіравання – як даўней была гарадская рада. Сярод ганаровых жыхароў горада – мастак Міхаіл Савіцкі, артыст Расціслаў Янкоўскі, нобелеўскі лаўрэт у галіне фізікі Жарэс Алфёраў, трохкратны алімпійскі чампіён Аляксандр Мядзведзь, кампазітар Ігар Лучанок.
Мы адлічваем узрост горада, пачынаючы ад першай згадкі пра яго ў летапісах. Але насамрэч людзі на гэтым месцы жылі вельмі, вельмі даўно… Чаму яны тут пасяліліся? Напэўна, прывабілі іх чыстыя рэкі і поўныя дзічынай лясы… Вадзіліся тут і зубры, і мядзведзі. І яшчэ такія-сякія жывёлы. У 1908 годзе пры будаўніцтве Аляксандраўскай чыгункі знайшлі косткі маманта, тура і выкапнёвага каня. У 1923 годзе на правым беразе Свіслачы ў раёне Лошыцы – чэрап аўцабыка. Нават зусім нядаўна, у 70-х гадах ХХ стагоддзя на скрыжаванні вуліц Харкаўскай і праспекта Пушкіна, пракладваючы вадаправод, убачылі абломак біўня маладога маманта даўжынёй 82 см. Так што там, дзе ты зараз ходзіш у школу, магчыма, праходзіў мамант!
А першыя людзі пасяліліся каля Старажоўкі і ў раёне вуліц Ціміразева і Гвардзейскага завулка ў канцы 5 –пачатку 4-га тысячагоддзя да нашай эры. Ты толькі ўяві, якая даўніна! Людзі яшчэ не навучыліся рабіць бронзу. Затое з’явіліся першыя ветразі, а ў Старажытным Егіпце прыдумалі сонечны каляндар. У той час нашы продкі лавілі рыбу ў Свіслачы, палявалі на зубраў і вучыліся ляпіць збаны. Ёсць у Мінску і сапраўдныя курганы – напрыклад, у раёне праспекта Любімава.
Называўся наш горад у розныя часы па-рознаму. Менеск, Меньск, Менск, Мiнск... Адкуль такое iмя?
... Было гэта, калі на Беларусі раслі камяні і жылі волаты... Пасялiўся на беразе Свiслачы волат-млынар Менеск. Пабудаваў на рацэ свой млын на сямі калёсах... Ды не зерне перамолвалася ў чароўных жорнах - а... камянi. Здалёк даносiўся грукат волатава млына, баялiся ворагi нават блiзка падыходзiць... Была ў Менеска прыгажуня-дачка Менка. Гавораць, шмат хто са слаўных вояў аддаваў ёй сваё сэрца... Дзеля красуні і йшлі служыць да яе бацькі. Ноччу раз’язджаў Менеск па дарогах і збіраў дружыну. Пад ахову чарадзея-млынара і ягоных вояў адусюль прыязджалі людзі. Яны будавалі свае дамы ля млына, на берагах хуткай рэчкі, і паступова там узнік цэлы горад. Але звялiся волаты на Беларусi, перасталi расцi камянi, i рассеялася каменная мука з Менескава млына па берагах Свiслачы... Можа быць, каменьчыкi, што ты можаш убачыць там пад нагамi – з валуноў, патрушчаных у чароўных жорнах? Толькі прымаўка засталася – “Не пайду я да Менска ад шляху Віленска; а пайду па шляху Віленскім, спаткаюся з Менескам”.
Ёсць i больш звычайная версiя – нiбыта назвалi Менск ад слоў "мена", абмен, бо прыязджалi на тутэйшыя кiрмашы купцы з усяго свету. Не дзіва – знаходзіцца наш горад на скрыжаванні гандлёвых шляхоў... Магчыма, i ў гэтай версii калiва праўды...
А вось у 16 кiламетрах на захад ад нашага горада, там, дзе цяпер музей народнага драўлянага дойлiдства Строчыцы, струменіць цiхая, амаль перасохлая рака Менка... Здаецца, дзе яна, i дзе наш горад? Але на берагах Менкi знайшлi старое гарадзiшча. Вось i ўзнiкла версiя: а раптам летапiсны Менск быў менавiта тут, на рацэ Менка, ад назвы якой i атрымаў сваё імя? А пасля таго, як ворагi напалi на горад i спалiлi яго дарэшты, людзi вырашылi не будавацца на папялiшчы, бо лiчылi гэтае месца ўжо выклятым, i перашлi на iншае.
Хто цяпер вызначыць, якая версiя больш праўдзiвая? Ну а Мiнскам старажытны Менск зрабiўся ў вымаўленнi палякаў. Такі варыянт i патрапiў на геаграфiчныя карты.
Хто з мiнчан не любiць гуляць па ўзбярэжжы Свіслачы ў раёне Траецкага прадмесця, глядзець, як люструюцца белыя аблокi ў цёмнай вадзе? І гасцей у першую чаргу вядуць сюды, дзе адноўлены кавалачак старажытнага горада. Не дзiва, што прыцягвае гэтае месца - тут сэрца горада, тут яго дзядзінец, Замчышча... Ты не памылiўся - ад слова "замак"... Збудавалi Менскi замак у другой палове ХІ стагоддзя. Напачатку быў ён драўляны, потым з’явіліся мураваныя сцены. Як па нашых сучасных мерках – невялiкi, але моцны... І храм у ім меўся – Менская замкавая царква, ад якой сёння застаўся адзін падмурак. Вакол замка сяліліся рамеснікі, з’явілася пад аховай яго сценаў гандлёвая плошча - Ніжні рынак. Шмат аблогаў вытрымаў замак, шмат вояў абараняла яго... Сярод іх самы славуты - князь Глеб Менскі, сын полацкага князя Усяслава Чарадзея. Глеб любіў свой горад, і хацеў, каб ён узвысіўся і над Полацкам, і над Кіевам. Вось і даводзілася шмат ваяваць. Як і наступнікам Глеба – з усіх бакоў прыходзілі нападнікі на горад. Адам Кіркор, вучоны, які пісаў пра Мінскі замак ў канцы ХІХ стагоддзя, сведчыў, што ў равах, якія абкружалі яго, знайшлі некалькі каменных ядраў, адно з іх мела ў дыяметры да двух метраў. Уяві, якая вялізная мусіла быць гармата! А яшчэ Кіркор засведчыў, што з развалінаў замка мінчане ХІХ стагоддзя цягалі камяні, з якіх будавалі свае дамы... Так што і сёння ў падмурку якога непрыкметнага дома, напэўна, ляжаць камяні з мінскага замка.