Абаранялi замак i схiлы ўзгорка, i воды рэк. Злiвалiся тут дзве ракi – Нямiга i Свiслач. Апошняя i сёння – галоўная рака горада, а вось другую ты можаш заўважыць толькi калі падыдзеш з боку Траецкага прадмесця, ля кнiжнай крамы "Вянок", i ўважлiва прыгледзішся да паверхнi Свiслачы каля мосту. З квадратнай чорнай адтулiны бетоннай трубы цячэ ў Свiслач струмень... Гэта i ёсць Нямiга – падземная паланянка. Летапiсная рака, якую ведаюць ва ўсiм свеце...
Гэта было ў 1067 годзе. Многія князі былі між сабой у сваяцтве, многія ваявалі між сабою. Полацкі князь Усяслаў Брачыславіч напаў на Пскоў ды Ноўгарад. Палютаваў, павесяліўся сіле сваёй... Каб адпомсціць, кіеўскі князь Ізяслаў Яраславіч з братамі – пераяслаўскім князем Усеваладам ды чарнігаўскім князем Святаславам прыйшлі пад Менск, які тады падначальваўся Полацку. І наш горад расплаціўся напоўніцу за перамогу палачан... Усіх мужчын выразалі нападнікі, жанчын і дзяцей забралі ў палон... Падыйшло войска князя Усяслава, і 3 сакавіка 1067 года адбылася крывавая бітва...
Вось як апісаў яе аўтар знакамітага “Слова аб палку Ігаравым” :
Так і ўвайшоў наш горад у гісторыю – трагічнай згадкай пра братазабойчую вайну.
А як жа трапіла летапісная Няміга пад зямлю? Да канца ХІХ стагоддзя калісьці прыгожая рэчка ператварылася ў брудны раўчук... Але дастаткова было прайсці вялікаму дажду, як яна выходзіла з берагоў. Сто гадоў таму Свіслач і Няміга, разліўшыся, затаплялі цэлыя кварталы, цэнтр Мінска ператвараўся ў сапраўдную Венецыю, і жыхары плавалі там на чоўнах. Але наўрад спявалі, як венецыянскія гандальеры, – не да песень, калі затоплены твой дом. Нават гінулі людзі ў хвалях... І хаця пазней ад тых паводак засталіся адны ўспаміны, у ХХ стагоддзі ад неахайнай і непакорлівай рачулкі вырашылі... пазбавіцца. Замкнулі яе ў бетонную трубу. Але, можа быць, надыдзе час, і мінчане зноў змогуць любавацца славутай ракой? Было ж калісьці ў Нямізе столькі рыбы, што хоць рукамі лаві. А яшчэ вадзіліся ў ёй... цмокі. Прынамсі, ёсць сведчанні, што яшчэ ў ХІХ стагоддзі ў тым месцы, дзе зліваюцца Няміга і Свіслач, лавілі дзіўных вялізных яшчарак з цёмнай лускою, тлустых, з чатырма кароткімі лапамі... Хто ведае, магчыма, далёкі продак гэтых істотаў і быў цмокам з беларускіх паданняў?
Быў наш горад у ліку 15 мацнейшых гарадоў магутнай дзяржавы, Вялікага княства Літоўскага. 15 ліпеня 1410 года Менская харугва – атрад вояў з нашага горада – брала ўдзел у славутай Грунвальдскай бітве. Жылі ў Менску тады адважныя рыцары і чароўныя дамы, рамеснікі і купцы, манахі і лекары – такія, як і ва ўсіх гарадах сярэдневяковай Еўропы. І ў 1499 годзе па ўказе Вялікага Князя Літоўскага Аляксандра наш горад, як іншыя вядомыя гарады, атрымаў Магдэбургскае права.
Гэта значыла, што кіраваў цяпер горадам не князь, а магістрат, гарадская рада на чале з войтам. У раду абіраліся самыя паважаныя гараджане. Атрымліваў горад свой герб і сцяг. Каб Менск адпавядаў свайму новаму званню, там належала пабудаваць ратушу – будынак, у якім стане збірацца гарадская рада, а побач – хлебныя лаўкі, “пастрыгальную камеру” для раскрою тканінаў на продаж ды іншыя неабходныя для горада ўстановы. Паўстала ратуша на прыгожым, высокім месцы – Саборнай плошчы (зараз плошча Свабоды), а рынак каля яе назвалі Верхнім, у адрозненне ад старога, Ніжняга, што месціўся каля замка. Першую – драўляную – ратушу знішчыў пажар. І ў ХVI стагоддзі, і ў XVII-м адбудоўвалі сімвал гарадскіх вольнасцяў... У 1656 годзе маскоўскі ваявода пісаў свайму цару, што мінская ратуша “добре велика, каменная”. З’явіўся на яе вежы гадзіннік і звон. Збіраўся там радзецкі, або ратушны, суд, вырашаліся важныя справы... А якія святы ладзіліся на пляцы ля ратушы! Цэхі гандляроў і рамеснікаў – шаўцоў, залатароў, мечнікаў, рымароў – выходзілі кожны са сваім штандарам, у адпаведным сваёй гільдыі ўбранні, у яркіх жупанах ды куртках, пад звон бубнаў. Можна было паглядзець, як вандроўныя артысты разыгрываюць містэрыю пра цара Ірада, на штукарствы мядзведзяў – выхаванцаў знакамітай Смаргонскай мядзвежай акадэміі, падзівіцца на батлейку – беларускі лялечны тэатр.