А ў першай палове ХІХ стагоддзі, калі Мінск ужо быў горадам Расійскай імперыі і былым вольнасцям прыйшоў канец, чаго толькі не змясцілі ў старую ратушу – суд, гауптвахту, паліцыю, архіў, музычную школу і нават тэатр. Па святочных днях на галерэі другога паверха граў гарадскі аркестр. За час існавання ратушы горад палілі і руйнавалі і татары, і французы, і шведы, і рускія... Здараліся голад і пошасць, ад якіх вымірала большасць насельніцтва. Але якія б няшчасці не напаткалі мінчан, ратуша нагадвала ім слаўнае мінулае горада. Ды не ўсім гэта падабалася. На выданым у 1851 годзе загадзе пра знішчэнне мінскай ратушы меўся ўласнаручны подпіс цара Мікалая І. Падстава смешная – нібыта ратуша займае занадта шмат месца на плошчы... Насамрэч расійскія улады не жадалі, каб будынак і надалей нагадваў мінчукам “пра звычаі даўно мінулага часу, пра Магдэбургскае права”. Гараджане вельмі не хацелі выконваць гэты загад. На торг, дзе прадаваўся “выгадны заказ” на разбурэнне ратушы, ніхто не з’явіўся. Давялося звяртацца да вайскоўцаў.
У 1857 годзе сімвал гарадской незалежнасці знеслі...
13 верасня 2002 года быў пакладзены першы камень у падмурак Мінскай ратушы, якую вырашана было аднавіць. А сёння ты можаш прыйсці на плошчу Свабоды і ўбачыць прыгожы белы будынак з гадзіннікам. Ратушу Мінска, сталіцы незалежнай дзяржавы.
Кожны беларускі храм – не толькі сведка, але і ўдзельнік трагічных падзей гісторыі, кожны, як стары вой, мае “шнары”, сляды людской бязлітаснасці… Мінскія цэрквы, касцёлы, мячэці, сінагогі, кірхі... Многіх з іх ужо няма і следу.
Будавалі беларускія храмы і для духоўнай патрэбы, і для абароны ад ворагаў. Адзін з іх – Свята-Петра-Паўлаўскі сабор каля гандлёвага дома “На Нямізе”. Прыгледзься пры выпадку, якія ў гэтага храма магутныя муры, вокны-байніцы. Не аднойчы даводзілася гэтым мурам вытрымліваць аблогу... І прыхадняў, і сваіх жа землякоў іншай веры.
У XVI стагоддзі крымскі хан Мехмет-Гірэй спаліў Мінск, амаль усе жыхары былі знішчаныя або забраныя ў палон. Але горад паступова насяляўся зноў – каталікамі, уніятамі, праваслаўнымі... Апошніх было менш, бо каталіцкая царква ў дзяржаве пачала лічыцца галоўнай. Тады і аб’ядналіся мінскія праваслаўныя ў брацтва. І вырашылі на свае грошы збудаваць каменны храм і манастыр. Княжна Аўдоцця Друцкая-Горская, удава каралеўскага маршалка Багдана Сцяткевіча, падаравала брацтву ўчастак зямлі каля Свіслачы. Пачалося будаўніцтва... Шмат сустракалася перашкодаў. Але храм, асвечаны ў гонар апосталаў Пятра і Паўла, паўстаў, і манастыр, пры якім ён дзейнічаў, нават атрымаў ад караля Уладзіслава прывілей – адкрыць школу і друкарню. Аднак да канца ХVIII стагоддзя зусім заняпаў – у ім заставалася ўсяго 5 манахаў, а зімой унутры будынка ляжаў снег. Калі Мінск апынуўся ў складзе расійскай імперыі, у якой, наадварот, шанавалася праваслаўе, царыца Екацярына ахвяравала на аднаўленне храма 7000 рублёў серабром. А таксама падарыла тры невялікія срэбныя падсвечнікі і... свой асабісты гардэроб. Цікава, як яго скарысталі манахі? Але храм пачалі называць Екацярынінскай царквой. Калі ў 1797 годзе на богаслужэнні прысутнічаў імператар Павел І, будынак яму вельмі спадабаўся...
У 1812 годзе праз Мінск прайшла армія Напалеона. У Екацярынінскай царкве французы зладзілі лазарэт для сваіх салдат. Усё каштоўнае з убрання храма стала ваеннай здабычай. Кажуць, нават коней у святы будынак заводзілі...
Пасля вайны храм у чарговы раз адрамантавалі. Аднак улады аднялі ў яго званне кафедральнага, гэта значыць, галоўнага – палічылі, што знаходзіцца ў не вельмі зручным месцы. Затое перарабілі так, каб Екацярынінская царква была больш падобнай да рускіх цэркваў. Прыбудавалі купал, распісалі сцены... Па сведчаннях сучаснікаў, роспісы не саступалі фрэскам знакамітага маскоўскага храма Хрыста-Выратавальніка.
Але вось у Мінску ўсталявалася Савецкая ўлада. У 1930 годзе ў горадзе быў забаронены царкоўны перазвон. Екацярынінскую царкву падзялілі на тры паверхі і зладзілі склад. На першым паверсе захоўвалася сялёдка. Увесь царкоўны двор быў застаўлены бочкамі, ад якіх сыходзіў адпаведны пах.
Затое падчас Вялікай Айчыннай вайны, калі людзі ўспомнілі пра Бога, у храм перанеслі найвялікшую святыню горада – Мінскі абраз Божай Маці.