Шмат таямніц захоўвае Саборная плошча. Ёсць паданне, што калісьці ўсе яе храмы злучалі падземныя хады, якія існуюць і сёння, пад асфальтам і брукаванкай, побач з лініяй метро, якая зараз праходзіць проста пад гістарычным цэнтрам Мінска, праз яго гісторыю.
Калі ты спытаеш, ці ёсць у Мінску загадкавае месца, я параіла б табе схадзіць на Кальварыйскія могілкі. Адкуль таямніца побач з шумнай Ракаўскай шашой, у абкружэнні звычайных жылых кварталаў? Але варта зайсці за агароджу могілак, як ты трапляеш у іншую эпоху. Тут на магільных плітах выбітыя імёны, якія гучаць нібыта на фоне паланэзу і размеранай гаворкі свецкага салона: Вярыга-Дарэўскі, Вайніловіч, Абуховіч-Паўлікоўская...
Калісьці паэт Уладзіслаў Сыракомля, які наведаў Кальварыю напачатку ХІХ стагоддзя, заўважыў па дарозе цяністыя бярозавыя прысады і буйную збажыну. А этнограф Павел Шпілеўскі – арэхавы лес, багаты на грыбы і розныя ягады. Цяпер мы падыходзім сюды па звычайнай гарадской вуліцы. Сустракае нас белая ўяздная брама, змрочна-урачыстая, з барэльефамі, што выяўляюць атрыбуты смерці: перакуленыя паходні, дзіды... Як сведчыць надпіс на браме, пабудавана яна ў памяць шляхецкага сакратара Юрыя Кабылінскага ў 1830 годзе. Па цэнтральнай прысадзе падыходзім да касцёлу – ён адноўлены ўжо ў наш час. Але храм стаяў на гэтым месцы яшчэ ў XVII ст. Хаця самым старым помнікам, якія захаваліся на Кальварыі, 170 гадоў, могілкі тут з’явіліся нашмат раней. Паводле падання, хавалі тут 6 стагоддзяў. Кальварыя – гэта наша гісторыя. Тут ляжаць і праваслаўныя, і каталікі, і габрэі, што загінулі ў мінскім гета. Тут магілы паўстанцаў супраць царызму і царскіх чыноўнікаў, магілы салдат напалеонаўскай арміі, салдат аўстрыйскіх, польскіх, шведскіх і безыменныя пахаванні ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Тут – брацкія магілы савецкіх салдат.
На Кальварыйскіх могілках знайшоў спачын патомны мінскі шляхціч Янка Лучына, беларускі паэт, у сапраўднасці – Іван Неслухоўскі. А пад алтаром касцёлу пахавалі мастака Яна Дамеля. Гэта – майстра з сусветным імем, яго карціны на гістарычную тэматыку ёсць у лепшых галерэях свету. Калісьці захоўваліся яго творы ў Кальварыйскім храме, была тут і капліца, на фасадзе якой ён намаляваў велічную фрэску – выяву Галгофы, гары, на якой распялі Ісуса Хрыста. Назва “Галгофа”у старажытнаяўрэйскай мове мае тое ж паходжанне, што і назва “Кальварыя”у лацінскай – ад слова “чэрап”.
Надпісамі на старых помніках з намі гаворыць сама гісторыя... Ян Баляслаў Луцкевіч, паўстанец 1863-64 г., бацька Івана і Антона Луцкевічаў, якія на пачатку ХХ стагоддзя заснавалі ў Вільні газету “Наша Ніва”. Вайніловічы, фундатары Чырвонага Касцёлу... Падрадчык Пішчала, які кіраваў будаўніцтвам Пішчалаўскага замку, што і зараз стаіць у прадмесці Раманаўская Слабада...
А перад Кальварыяй месціўся яшчэ ў 40-х гадах мінулага стагоддзя маленькі летні дамок, у якім пасля рэвалюцыі пасялілася Пальміра Мрачкоўская, мастачка-пейзажыстка. Мрачкоўская была жонкай вядомага доктара Камоцкага і славілася сваёй невымернай дабрынёй – дапамагала бедным мастакам, вучыла сялянскіх дзяцей маляванню, утрымлівала бяздомных старых, падкормлівала бадзяжных сабак і катоў... Можна ўявіць, колькі жыўнасці збіралася ля яе дамка! У час вайны Кальварыю бамбілі.. Там і цяпер –варонкі ад выбухаў. Дом мастачкі загарэўся... І Пальміра не стала ўцякаць – таму што не захацела пакідаць свае карціны. Так і згарэла разам са сваймі творамі, якія для яе былі, відаць, як дзеці...
Калі вы хочаце лепш зразумець гісторыю свайго горада – схадзіце на Кальварыю, паблукайце пад яе старымі ліпамі... І не палянуйцеся прыбраць сухое голле з нечае забытае магілы.
Ля шумнага скрыжавання праспекта Францыска Скарыны і вуліцы Казлова, за шкляным будынкам Палаца мастацтваў знаходзіцца касцёл Святога Роха на Залатой Горцы. І вуліца побач называецца Залатая горка…