Выбрать главу

У 1905 годзе святкаваўся дзён народзінаў пані Ядвігі. На пышны баль з’ехаліся госці... І аднаму з іх удалося скрасці сэрца пані. Каханне не схавалася ад цікаўных вачэй. Праз два месяцы цела Ядвігі Любанскай знайшлі ў Свіслачы, каля перакуленай лодкі. Нібыта ноччу на сцежцы спусцілася яна з крутога берагу (сцежка захавалася дасюль), села ў лодку... Але як адбылася трагедыя – не ведае ніхто. Вядома, найбольш падазрона выглядалі паводзіны мужа.

Яўстафій Любанскі страшэнна гараваў. Ён чамусьці загадаў закласці акно ў пакоі памерлай жонкі цэглай і з’ехаў на Каўказ, дзе хутка памёр.

Свінцовая труна з целам пані Ядвігі захоўвалася ў Лошыцкай капліцы. У 1935 годзе новыя гаспадары сядзібы ўзарвалі непатрэбны будынак, а труну пані Ядвігі адправілі на пераплаўку для акумулятараў машынна-трактарнай станцыі. Але гісторыя на гэтым не закончылася. Кажуць, калі прыйсці ў Лошыцкі парк з 10 да 11 вечара ў час цвіцення маньчжурскага абрыкосу, і пры гэтым будзе свяціць поўня, на яе фоне можна разгледзець выразны сілуэт жанчыны ў белым адзенні. Бачылі нібыта ў гэты час жаночы сілуэт і над вадой, дзе зліваюцца Свіслач і Лошыца. І кожны год прывезеная Яўстафіем Любанскім з Японіі магнолія кобус расцвітае ў дзень нараджэння пані Ядвігі.

Расказваюць страшныя гісторыі і пра разваліны Лошыцкіх млыноў. Млыны заўсёды лічыліся прытулкам нячыстай сілы. Асабліва небяспечна прыходзіць туды ўночы, калі свеціць поўня, ды яшчэ нападпітку... Кажуць, і цяпер некаторыя небаракі сустракаліся там з цёмнымі сіламі, ды пасля не маглі ўжо пра гэта распавесці.

Але звязаны з Лошыцай і рамантычныя павер’і, напрыклад, пра заручальны дуб, да якога і цяпер многія ходзяць прасіць дапамогі ў каханні. І не дзіва – расліны тут сапраўды нібыта напоўненыя незвычайнай сілай. Травы – вышэй чалавечага росту... Дрэвы – па тры-чатыры ствалы... Нездарма тут праводзілі свае эксперыменты з раслінамі навукоўцы. Адну старую ліпу, паваленую ветрам, распілавалі, палічылі кольцы – аказалася, дрэву 240 гадоў. Сакрэт, напэўна, у тым, што 10 тысяч гадоў назад менавіта тут спыніўся апошні ляднік. 32 віды глебы знайшлі на тэрыторыі Лошыцкай сядзібы!

Сёння Лошыца аднаўляецца і робіцца адным з любімых месцаў прагулак гараджан. Галоўнае – помніць, што не страшныя гісторыі мінуўшчыны, а наша сучасная неахайнасць губіць прыгажосць таямнічых месцаў.

10. Царква Аляксандра Неўскага і Вайсковыя могілкі.

Непадалёк ад Залатой Горкі, уздоўж трамвайных пуцей знаходзяцца Вайсковыя могілкі, а ў іх глыбіні прыгожы будынак з чырвонай цэглы – царква Аляксандра Неўскага.

У 1877 годзе пачалася руска-турэцкая вайна за вызваленне балгарскага народу. Бралі ўдзел у ёй і беларусы. 54-ы пяхотны Мінскі полк адным з першых фарсіраваў Дунай, вызваліў горад Свіштоў... І ў 1898 годзе на Вайсковых могілках замест драўлянага быў пабудаваны цагляны храм у гонар перамогі над туркамі і ў памяць беларусаў, што аддалі жыцці за волю братняга народу. У цэнтральным нефе дасюль – дзве мемарыяльныя дошкі з імёнамі 118 беларускіх жаўнераў 30-й артылерыйскай брыгады і 119-га Каломенскага палка, якія загінулі пры ўзяцці Плеўны. Захоўваецца ў храме і паходная царква 119-га Каломенскага палка, унутры якой, на кардонках, таксама імёны загінулых.

Храму на Вайсковых могілках пашанцавала – ён ніколі не мяняў свайго аблічча, не мяняў свайго прызначэння. У час Вялікай Айчыннай вайны купал царквы прабіла бомба. Яна ўпала перад абразом Міколы Угодніка... І не разарвалася.

Вайсковыя могілкі – адно з тых месцаў, дзе нельга не пабываць чалавеку, які любіць свой горад. Першымі хавалі на гэтым месцы вояў, што памерлі ў Мінскім шпіталі яшчэ ў 40-х гадах ХІХ стагоддзя. З таго часу тут з’явілася шмат помнікаў. Менавіта тут пахаваныя вялікія беларускія песняры – Янка Купала і Якуб Колас. Купала, як вядома, таямніча загінуў у Маскве ў 1942 годзе, яго парэшткі перанеслі сюды ўжо пасля вайны. А вось на стэле са светлага каменя – барэльеф з выявай прыгожага юнака. Паэт Паўлюк Трус, аўтар бессмяротных радкоў “Падаюць сняжынкі, дыяменты-росы”, што сталі вядомай песняй, памёр у 1929 годзе зусім маладым: паехаў на вёску збіраць матэрыял для артыкула і заразіўся тыфам. Спачывае тут і Кузьма Чорны, класік беларускай літаратуры, які пакінуў сваё здароўе ў турмах падчас сталінскіх рэпрэсій. І шмат хто з дзяржаўных кіраўнікоў і герояў вайны, у гонар каго названыя вуліцы Мінска – Чарвякоў, Апанскі, Варвашэня. А калі будзеце ісці па цэнтральнай дарожцы да храму, звярніце ўвагу на непрыкметную магілу, дзе на помніку значыцца – «Ивану Пулихову».