Выбрать главу
Калі вада Сусьветнага патопу Вярталася да межаў берагоў, То зь пены ўжо лагоднага патоку Бруілася Каханьне — хмель вякоў. Разносіліся ветрам тыя токі Да часу — аж на сорак саракоў.
І дзівакі — яшчэ такія ёсьць — На поўныя п'юць грудзі тую млосьць. І — што ім слава! Што ім пакараньні! Мяркуючы, што дышуць проста так, Яны трапляюць незнарок у такт Такога ж ненармальнага дыханьня.
Закаханым поле пасьцілаю — Хай яны ў чароўных снах плывуць!.. Я дышу, і значыць — я кахаю! Я кахаю, значыць — я жыву!
І будзе шмат дарог і вандраваньняў — Вялікая Каханьня старана! І з рыцараў сваіх выпрабаваньняў Шчэ большых будзе вымагаць яна — Прымусіць да разлук, да разьвітаньняў, Ня дасьць спакою, не пакіне ў снах…
Але назад вар'ятаў не ўпрасіць! Яны ўжо нават згодныя плаціць Любой цаной — жыцьцём бы рызыкнулі! — Каб захаваць, ня даць перапыніць Нябачную чароўніцкую ніць, Якую паміж імі працягнулі.
Сьвежы вецер душы ўваскрашаў, Сэрцы рухаў, галаву кружыў… А калі ніколі не кахаў, Значыць, і ня дыхаў, і ня жыў!

1975

Балада аб часе

Замак час разбурыў, закапаў і накрыў, Быццам коўдрай, зялёным мурогам. Ды… разьвяжа язык ганарлівы граніт І прымусіць мінулае загаварыць Пра паходы, баі, перамогі.
Тыя подзьвігі часам ня сьцёрла: Адарваць ад яго верхні пласт Ці мацней яго сьціснуць за горла — Таямніцы свае ён аддасьць!
І спадуць сто замкоў, і спадуць сто акоў, І сыйдуць сто патоў з цэлай кучы вякоў, — І пальлюцца легенды на сотні радкоў Пра турніры, аблогі, пра вольных стралкоў…
Да знаёмых мэлёдыяў вуха настрой Ды глядзі непрыжмураным вокам. Бо каханьне ня зьнікне ліхою парой На'т у будучым вашым далёкім.
Звонка лопаўся шчыт пад напорам мяча, Цеціва ад натугі дыміла, Зь дзідаў сьмерць паглядала вачыма сыча, Вораг падаў у гразь і маркотна крычаў, Здаючыся мацнейшым на міласьць.
Ды ня ўсе з тых, што выйшлі жывымі, Захавалі душу ў дабрыні, Абярогшы імёны чульліва Ад мярзотнасьці подлай хлусьні.
Добра, што баявога каня зацугляў І на дзіду рука зручна легчы змагла. Добра ведаць, адкуль прыляцела страла, Горш — калі неяк подла, калі з-за вугла.
Што, мярзотнікаў б'юць там у вас? Добры знак! Шабас ведзьмы зьбіраюць за ёлкі? Толькі зло называецца злом — ці ж ня так? — На'т у будучым вашым далёкім!
І зь вякоў у вякі, сёньня, як і здаўна, Баязьліўцамі мы пагарджаем. Вораг ворагам ёсьць, і вайной ёсьць вайна, І турмой ёсьць турма, і свабода адна — І заўжды мы яе выбіраем!
Часам гэтых паняцьцяў ня сьцёрла. Трэба толькі прыўзьняць верхні пласт — І, як кроўю гарачаю з горла, Хлыне процьма пачуцьцяў на нас!
Сёньня й заўтра ў вяках, ад цямна да цямна — І цана ёсьць цана, і віна ёсьць віна! І цудоўна, што гонар ты не разьмяняў, Што сябрамі надзейна прыкрыта сьпіна!
Чысьціню, прастату мы ад продкаў бяром — Забываць сагі, казкі ня варта, — Бо дабро ўсё адно застаецца дабром — Як учора, так сёньня і заўтра!

1975

Не хачу паміраць!

Калі я адпяю і адыграю, Дзе скончу і на чым — не адгадаць. Адно дакладна ведаю, што крайне Мне будзе не хацецца паміраць!
Сяджу на літым ланцугу пашаны І — зьвеньні славы мне не па зубах… Эй, хто там у прабой дубовай брамы Ўсё грукае: ба-бах, ба-бах, ба-бах?..
Маўчыць мой госьць, але стаіць, чакае, Яго ня страшаць спушчаныя псы. І вось над тынам раптам прыкмячаю Знаёмы бляск завостранай касы…
Я ператру сярэбраны аброжак! І залаты ланцуг разьбіць змагу! Махну праз тын, гушчар — па бездарожжы Абдзёрты ў навальніцу прыбягу!

1973

Коні наравістыя

Побач зь ярам, па-над безданьню, ля самага ля краю Коней я сваіх нагайкаю сьцябаю, паганяю… Нешта мне паветра мала — вецер п'ю, туман глытаю! Чую з гіблым захапленьнем: прападаю! прападаю!