Выбрать главу
У Крыме ўжо геройстваваў наш полк. І я туды глюкозу пасылаў, Каб саладзейшым быў хаця б глыток — Каму? — Таму, які там не страляў.
Я піў чаёк са сподка, са спірцікам бываў. Не замараўшы зводкі, я ўсё ж даваяваў. У полк свой прызначалі. «Ваюй! — сказаў маёр. — А што не дастралялі, — то ўжо ж каму ў дакор?»
Быў рады я ды, сеўшы пры сьцяне, Бялугай выў і лёс свой праклінаў. Нямецкі снайпер, стрэльнуўшы ў мяне, Забіў таго, які там не страляў.

1972

«Очи чёрные»

І. Уцёкі

Лесам ехаў я раз пад чаркаю, Пеў, каб коні йшлі рысьсю шпаркаю. Толькі ўмеў я пець песьні вольныя: Как любил я вас, очи чёрные!..
То пляліся спакваль, то скакалі ўзапар. І балотную твань конь мне кідаў у твар. Толькі разам са сьлінай я гразь праглыну, Штофу рыла зьвярну ды ізноў зацягну:
Очи чёрные! Как любил я вас!.. Ды прыкончыў я хмельны свой прыпас, Галавой матнуў, каб адкінуць дур, Навакол зірнуў і аж крыкнуў: Цур!
Лес наперадзе стаў, не пушчае сьцяна. Коні строчаць вушамі, назад падаюць. Дзе прасьвет? Дзе прагал? Не відаць ні ражна! Колюць голкі мяне, да касьцей дастаюць!
Караньнік ты мой! Выратоўвай, брат! Ты куды? Пастой!.. А чаму назад?.. Ці з дажджу я ўзмок, ці на сьмерць зірнуў, Як прыпрэжнай воўк пад паху нырнуў?!
Што ж я вочы заліў?! Вось жа п̀яны блазан! Тут пагібель прыйшла, а ўцячы не пасьпець! Гэх, з калоды маёй пацягнулі туза, Ды такога туза, безь якога мне сьмерць!
Я крычу ваўкам: Пабяры вас прах! А каняк скакаць падганяе страх. Па хрыбце крутым б̀ю, шалёны, я, І раву прытым: Очи чёрные!..
Посьвіст ветра ў вушах, хрып, ды тупат, ды ляск. Пад дугою званочкі прарочаць кранты. Ах вы, коні мае, загублю ж тут я вас! Ой, выносьце, браты! Ну выносьце ж, скаты!
Ад уцёкаў тых нават хмель мінуў. Мы на краж круты, быццам птах мільгнуў! Потам, пенаю захлыналіся, Адсапліся, адхрыпелі, адкашляліся.
Я тым конікам зьбітым, што не падвялі, Пакланіўся ў капыты да самай зямлі, Выпраг, выцер далоньню, з палёгкай вяду. Дзякуй Богу і коням, што цэлым іду!..

ІІ. Дом

Што за дом такі, курны, як барак, На сямі ліхіх прадзімных вятрах? Скрушна вокнамі абярнуўся ў яр, А варотамі — на лясны гушчар.
Ох, стаміўся я, жах! Але коней распрог. Гэй, жывы хто-ніхто! Падыйдзі, памажы! Цішыня… Толькі цень мільгануў за парог, Ды сьцярвятнік спусьціўся, бліжэй закружыў.
Ў дом заходзіш, як у шынок дымны, А народ-басяк з позіркам дурным. Натаўкуць каўтун — госьць няпрошаны! Абразы ў кутку скасабочаны!
І гамонка пайшла, бы загуў авадзень. Нехта песьню стагнаў і гітару шматаў. І прыпадачны злыдзень, дурны ліхадзей Мне цішком з-пад абруса нажом памахаў…
Хто адкажа мне, што за дом хмурны? І чаму ў імгле, як барак чумны? Ці ліхтар патух, ветрам выдзьмуўся? Ці то жыці тут развучыліся?
Дзьверы насьцеж, а душы — як хто ўмураваў! Дзе тут хто гаспадар? Напаіў бы віном! А ў адказ мне: «Ты дзе доўга так вандраваў, Што людзей пазабыў? Мы заўжды так жывём!
Траўкай душымся, век на шчавелі… Скісьлі душамі, апрышчавелі… Ды яшчэ віном пацяшаліся, Спусташалі дом, кралі, драліся!..»
Коней я замарыў — ад ваўкоў уцякаў! Пакажыце мне хату, дзе сьветла ад лямп, Пакажыце мне месца, якое шукаў, Дзе пяюць, а ня стогнуць, дзе сьцены бяз плям!
«Гэткіх дзіўных хат не шукалі мы, Жыць у прыцемках прывыкалі мы. І спрадвеку мы ў зле без роздуму Пад іконамі, што ў куродыме…»
І з смуроду, дзе коса іконы вісяць, Я, на злом галавы, гнаў праз муць-каламуць, Куды коні нясуць, куды вочы глядзяць, І дзе людзі жывуць, і як людзі жывуць!