Выбрать главу
Колькі канула, колькі схлынула!.. Мяне кідала, не дакінула… Можа, спеў пра вас ды няўмела я? Очи чёрные, скатерть белая!..

1974

Праўда і Хлусьня

Булату Акуджаве

Шчырая Праўда ў прыгожых адзеньнях хадзіла, Выбраўшы строі для ўбогіх, блажэнных калек. Праўду грубая Хлусьня да сябе заманіла: Хочаш, маўляў, заставайся ў мяне на начлег.
І легкаверная Праўда спакойна заснула, Сьліну пусьціла і ціха ўсьміхалася ў снах. Коўдру грубая Хлусьня да сябе пацягнула, Ўпілася ў Праўду і была здаволена — страх!
І паднялася, скрывіўшы свой выскал сабачы: Баба як баба! І што ў ёй такога глядзець? Розьніцы ў Праўды з Хлусьнёю ніякай ня ўбачыш, Толькі, канешне, калі іх абедзьвюх разьдзець.
Выплела спрытна з касы залацістыя стужкі, Склала адзежу, прызнаўшы прыгодным фасон, Грошы зьмяла, дакументы, гадзіньнік з падушкі, Плюнула, брудна аблаяла й вылезла вон.
Толькі сьвітанкам заўважыла Праўда прапажу, Дзіву далася, агледзеўшы ўдосталь сябе: Хтосьці аднекуль прынёс ужо чорную сажу, Вымазаў чыстую Праўду — нашкодзіў і зьбег.
Праўда крычала, калі ў яе камні кідалі: «Гэта Хлусьня цяпер носіць уборы мае!..» Двое блажэнных калек пратаколы складалі, Бруднымі словамі гонар кранаўшы яе.
І пратаколы закончылі прыкрай тырадай, Шчодра пабіўшы, што ледзьве падняцца змагла: Нейкая поскудзь, маўляў, называецца Праўдай, Ну а сама прапілася, брыда, дагала!
Праўда бажылася, сьлёзна клялася, рыдала, Доўга блукала, хварэла і жыла ў даўгах… Злая Хлусьня дзесь каня чыстакроўнага ўкрала І паскакала на доўгіх і тонкіх нагах…
Нейкі дзівак і дагэтуль за Праўду ваюе. Праўда, ў прамовах тых праўды — зусім ані-ні: «Праўда яшчэ перамогу сваю адсьвяткуе, Толькі зрабіўшы па прыкладзе бруднай Хлусьні!..»
Часта — нальлеш па сто семдзесят грамаў на брата, Потым гадаеш: дзе быў, у якіх такіх снах? Могуць разьдзець — гэта праўда! Лаві супастата! Бач, а гадзіньнік твой носіць падлюка Хлусьня! Бач — у штанах тваіх ходзіць падлюка Хлусьня! Бач — на кані тваім скача падлюка Хлусьня!

1976

Я не падману

Ня сплю я, ды прарочы сон мне сьніцца… Пілюлі п'ю, — магчыма, так засну?.. Ды колькі я ўжо сьліны горкай праглынуў! — Інстанцыі, чыноўнікі-рупліўцы Мне аб'явілі жорсткую вайну — За тое, што спакой я ўзварухнуў, Што хрыпам я краіну скалануў, Каб даказаць, што ў коле я ня сьпіца, За тое, што карціць мне, што ня сьпіцца, Што ў перадачах іхніх заграніца Дае маю блатную даўніну І лічыць абавязкам павініцца: — Даруйце, што бяз згоды… — Ну і ну! За што яшчэ? За жоначку-вясну? Маўляў, ня мог на нашай ажаніцца! Маўляў, упарта лезу ў чужыну І надта ж не хачу на дно зваліцца! Што песьню напісаў, і не адну, Пра тое, як мы колісь білі фрыца, І пра байца, які на дзот валіўся, А сам — ні сном ні духам пра вайну! Крычаць, што скраў я месяца сьпіну І шчэ што ўкрасьці я не праміну, — І небыліцу даганяе небыліца. Ня сьпіцца мне… Ну, як жа тут ня сьпіцца?! Не! Не сап'юся! Рукі працягну І завяшчаньне крыжам ахіну, І не забуду сам перахрысьціцца, І песьню напішу, ды не адну, І ў песьні той кагосьці пракляну, Ды ў пояс не забуду пакланіцца Ўсім, хто пісаў, каб я ня сьмеў зваліцца! Хай чаша горкая, — я іх не падману!

1973

Каляіна

Сам вінаваты — льлю сьлязу і вохкаю: У каляіну я ўсьлізнуў глыбокую. Я мэты прызначаў раней на выбар сам, Цяпер жа з каляіны мне ня выбрацца.
Крутыя коўзкія краі У гэтых брудных каляін!
Каляіна віецца зьмяёй. Хутка лопне цярпеньне маё! І кляну я: каб гэтак ён жыў, Хто яе для мяне пралажыў!
Але ж чаму мне ўсё ня ў тон — нахабны я! Умовы ў каляіне той нармальныя: Ніхто ня стукнець, не прытрэць — ня скардзіся! І ўперад, калі ласка, едзь — ня ўпарціся!