Я пчала
Ася Волкава
***
Я пчала
Я бачыла,
Як плача баба,
У якой адняло мову.
Нібы выцірае
Мокрымі газетамі
Вымытае шкло.
Я пчала
Тры дні
Карова плача
Па адабараным цяляці.
Тры дні плача,
А потым забывае,
Нібы і не было.
Я пчала
Я бачыла.
Я пчала
Я бачыла
Жыццё паміж
Аконнымі рамамі.
Ад шкла да шкла
Я пчала.
***
Какаін.
Ты такі хударлявы,
Бо ўжываеш какаін.
Праз гадзіну
Мы разганяем твой “Бьюік”
Па М1 так,
Што з неба кокс
Сыплецца проста на лабавое.
—Каін.
Бацькоў накрыла,
І яны далі мне імя Каін.
Распавядаеш ты,
Пакуль левай
Трымаеш стырно,
А правай шнарыш у бардачку,
Шукаючы, чым запаліць.
—Шнары.
Адкуль яны,
Усе твае гэтыя шнары?
Пытаюся я,
Разразаючы тваім нажом
Свае джынсы
(Спадзяюся, гэта адзіныя парэзы,
Што застануцца пасля цябе).
—Авель.
Самы вялікі
Пакінуў Авель.
—Баліць?
— Ніколі не пытайся,
Ці Каіну баліць.
Ніколі.
***
Ева валодае
Прасторай сілы.
Калі ёй баліць горла,
Яна ідзе на Бабіну гару
І гарох там таўчэ, і лён трэ.
Ева валодае
Прасторай любові.
Калі ёй баліць рабро,
Яна ідзе на Перунову гару
І гаворыць там замовы.
Ева валодае
Прасторай дзіваў.
Калі ёй баляць вочы,
Яна ідзе на Дзявочую гару
І сыпле ў іх дробны пясок.
Ева валодае
Прасторай руху.
Калі ёй баляць ногі,
Яна ідзе на Авідаву гару
І душыць там вінаград.
Ева валодае
Прасторай жыцця.
Калі ёй баліць жывот,
Яна ідзе на Богаву гару
І нараджаецца там наноў.
***
Старая сівая
Ссохлая жанчына
Глядзіць на мяне.
— Вы мяне пазнаяце?
— Я не хачу.
Яна не прызнае
Ува мне родзічку,
І думка пра тое,
Што яна прыняла
Мяне за смерць,
Вельмі палохае.
Мне робіцца невыносна
Шкада яе,
Але адзінае,
На што здольная я —
Гэта правесці далонню
Па сівых валасах
Колькі разоў.
Ледзь чутна
Кажа яна:
— Мамачка, я баюся.
Але гэта ў ёй
Прамаўляе маленькае
Дзяўчо,
Якое не ведае,
Чаго яно больш баіцца:
Баіцца жыцця
Ці памерці баіцца.
І ў гэты момант
Мы мяняемся з ёю
Месцамі.
Пад ейнай сухою рукою
Сівеюць мае валасы.
Ананімная гутарка
Вясна гола перапала.
Паласкала горам горла,
З рабіны горкай і снегу
Зрабіла пацеркі.
Перабірай іх і цярпі,
Перабірай і цярпі.
* * *
Упершыню я ўбачыла цябе праз кішэннае люстэрка:
Я тады фарбавала вусны чырвонай памадай.
А потым ты дэкламаваў свае вершы,
А я дэкадавала твой погляд.
У вачах я прачытала жаданне:
Заняцца са мною сексам,
Пасля запаліць,
Потым,
Калі пашанцуе,
Яшчэ раз заняцца,
І яшчэ запаліць…
Пасля патушыць недапалак і закахацца ў мяне,
Ажанніца са мной, пабудаваць дом і вырасціць сына.
Далібог, я бачыла гэта ў тваім позірку…
Адзіную белую ружу, якую трымаў у руках,
Ты падараваў нейкай малалетцы,
А я ў прыбіральні пакідала сваю чырвоную памаду
На плячы ў сяброўкі, не разумеючы,
А як жа секс, дом і сын?...
* * *
Танцуй, маленькая чараўніца,
І хай нават прынцы паэтаў
Перад табой лягуць ніцма!
Танцуй, праставалосая бестыя,
А іхнія зайчыкі і заінькі
Хай сабе павесяцца!
~ 1 ~