Выбрать главу

— Гэта злачынства. — прагаварыў Яўген, і засаромеўся сваёй баязлівасці. — Я таксама вельмі гэтага хачу.

Ліна бязгучна праслізнула ў пакой Яўгена.

Яны кахалі адно аднаго горача і няўмела, саромеючыся сваёй нявопытнасці і асцярожна смеючыся, заміраючы ад пачуцця ўсёпаглынальнай пяшчоты, якое апальвала іх…

Яўген прыгадаў у той момант словы маці. У яго душы жыло шчымлівае шчасце і радасць судакранання з самым патаемным. І гучала мелодыя песні.

…Нарад вартаўнікоў з’явіўся ля дома тады, калі Ліна ўжо была на сваёй тэрыторыі. Нянавісць Мікіты булькатала ў галаве Яўгена, яна адчувалася амаль фізічна.

— Ты яшчэ паплачаш! — выціснуў Мікіта скрозь зубы, не знаходзячы больш слоў. — Табе пашанцавала, што мы займаліся адной сямейкай у рабочай зоне.

Яўген толькі ўсміхаўся ў адказ. Пачуццё трапяткога шчасця перапаўняла яго і не давала пракрасціся ў свядомасць ні нянавісці, ні пагрозам.

9

…На прахадной Яўгена спынілі і запатрабавалі неадкладна з’явіцца да кіраўніка праекта. Юнак злёгку здзівіўся, бо калі гэты гнюс, Мікіта, напісаў на яго данос, то чаму разбіраць скаргу павінен кіраўнік праекта, а не Кіраванне маралі? Ды і даносы на бытавыя тэмы даўно патрабуюць фактаў.

Кіраўнік праекта жэстам запрасіў Яўгена бліжэй да стала, дзе стаяў іх другі прыбор — той самы канцэнтратар думак, пра які ён казаў Ліне.

— Што гэта? — рэзка спытаў кіраўнік.

— Альтэрнатыўны прыбор перадачы думкі на адлегласць, — спакойна адказаў Яўген. — Мы вялі распрацоўку адразу ў двух кірунках.

— Што за кірунак? Чаму я пра гэта не ведаю? — голас кіраўніка рабіўся пагрозлівым.

— Гэта — канцэнтратар разумовых палёў, — імкнучыся трымацца спакойна, пачаў тлумачыць Яўген. — Саму думку нельга ўзмацняць да некаторай крытычнай велічыні. Але думкі сотні, тысячы людзей можна сінхранізаваць і перадаваць накіравана.

— Куды перадаваць? — імгненна спытаў кіраўнік праекта.

— За Купал.

— За Купал? Хто даваў табе паўнамоцтвы! — не, не пракрычаў, а люта прашыпеў кіраўнік.

— Але гораду даўно патрэбна жыццёвая прастора! Мы павінны нейкім чынам спазнаць — што знаходзіцца за Купалам, ёсць там яшчэ жыццё ці.

— Маўчаць! Шчанюк! Табе было дадзена заданне! А ты расходаваў матэрыялы, неверагодна дарагія матэрыялы, якія здабываюцца намі па граме за год, на стварэнне апарата, які разбурыць Купал!

— Пры чым тут разбурэнне. Вы мяне няправільна зразумелі.

— Маўчаць! Неадкладна ў аддзел! Працаваць дваццаць чатыры гадзіны на суткі! Паскорыць усё! Не адна, а ўсе чатыры станцыі павінны быць гатовыя і не праз дваццаць, а праз дзесяць дзён!

Яўген пайшоў у аддзел.

Тут ужо ўсе пра ўсё ведалі. Гэта адчувалася па засяроджанай працы і хвалі шкадавання.

Падчас кароткага абедзеннага перапынку Яўген адышоў з Анатолем ад усіх.

— Я вось думаў у вольны час, чаму ж Трубу Смерці так дбайна ахоўваюць? — нібы пра нейкую дробязь спытаў Яўген. — Што вы на гэта скажаце?

— Скажу, што ў вас шмат вольнага часу, — суха адказаў Анатоль.

— Можа і так. І вось яшчэ пра што падумаў: запусцім мы станцыю, і што будзе з залатым горадам, калі.

Ён не паспеў дагаварыць, ашаломлены тым, як перакасіўся твар старога інжынера, і якая хваля страху выплюхнулася ад яго.

— Маўчыце! Прашу вас!

Праз імгненне Анатоль зноў стаў абыякавым і спакойным. Памаўчаў, мабыць, збіраючыся з думкамі. Нарэшце загаварыў.

— Я доўга думаў пра гэта. Шукаў дакументы пра даследчыя экспедыцыі ў Цемру. Але ні адна з іх не вярнулася. Ваш канцэнтратар — апошняя надзея. Я меў рацыю. Нішто не можа быць зменена.

— Экспедыцыі не вярталіся… Але хто сказаў, што яны гінулі? Я — не веру, — суха адказаў Яўген.

— У што вы не верыце?

— У тое, што экспедыцыі былі…

— Вось як? Вы разумееце, што сказалі? — Анатоль не змог і цяпер схаваць свайго хвалявання.

— Разумею… Дарэчы, сачыце за маім пальцам, — Яўген павольна выводзіў на роўнай паверхні сцяны тыя самыя незразумелыя літары старой мовы, якія памяць дбайна захоўвала ўсе гады.

— Дзе… Дзе вы іх бачылі?

— У сне, — усміхнуўся Яўген. — Так сказаў мой Настаўнік.

— Мы сябравалі, — сцішана загаварыў Анатоль. — Яго перавялі ў Настаўнікі калі ён пачаў шмат часу аддаваць пошукам.

— Але ж ён нешта знайшоў? — Яўген імкліва павярнуўся тварам да Анатоля. — Ён прасіў мяне паверыць, толькі я не паверыў. Я бачыў па яго твары, вачах, што ён ведае сэнс гэтых літар!

— Гэта паданне. Іх сямейнае паданне. Прабачце, яго я вам расказаць не магу. Я і так нагаварыў шмат лішняга… Але мне мала засталося. Праз чатыры месяцы народзіцца тое жыццё, якое стане маім канцом…