Выбрать главу

Ішоў ён, можа, з гадзіны дзве. Пачалі трапляцца скалы, усё часцей і часцей, напачатку нястрашныя, амаль круглыя, гладкія, а потым — вышэйшыя і вастрэйшыя, цёмна-шэрыя, самотныя, сумныя. Жэнька помніў з мінулай экскурсіі, што скал вельмі шмат там, дзе заканчваецца Купал. Дзе Труба Смерці. Ён ведаў, і тое, што блізка да Трубы падысці не зможа — яна абнесена агароджай, бо яе ахоўваюць. Ахоўнікі могуць прагнаць хлопца. Але калі з-за самай блізкай скалы паназіраць… Тое жывое чорнае полымя можна ўбачыць.

Купал над галавой пачаў імкліва зніжацца, яго белая паверхня ўжо навісала над паверхняй зямлі. Жэнька абышоў адну скалу, другую і раптоўна перад ім адкрылася знаёмая пляцоўка. Толькі цяпер яна не была пустой, як тады, калі хлопец упершыню пабачыў. Так, была ахова, мелася агароджа ля Трубы Смерці, зеўрала сама Труба. Але яшчэ бачылася некалькі вялікіх і малых незразумелых механізмаў. Тут завіхалася шмат людзей, якія нешта рабілі. А галоўнае — сцяна, што закрывала Купал вакол Трубы Смерці, цяпер была напалову разабранай. Людзі мітусіліся, чуліся кароткія нервовыя загады.

Жэнька неспадзявана адчуў, што зрабіўся сведкам таго, на што яму бачыць забаронена. Але прага даведацца новае перамагла жаданне ўцячы. Жэнька застаўся і назіраў з-за скалы за тым, як пры дапамозе механізмаў дарослыя людзі здымалі чорныя пліты, адкрываючы Купал ля Трубы Смерці. Адначасова да Купала прыносілі новыя, бліскучыя пліты, ставіліся, мацаваліся. Што ж, усё зразумела: Цемра хоча ўварвацца ў іх дом, яна грызе Купал, таму трэба час ад часу мяняць ахоўныя пліты. Ну, вось, гэта вельмі цікава ведаць і можна расказаць на ўроку, зарабіць падзяку ад Настаўніка.

Дзіўна толькі, што Купал за гэтымі плітамі заставаўся белым, як і ў іншых месцах. Адно, што ў адным месцы Цемра пакінула на ім сляды… Шэрыя…

Жэнька ўглядаўся ў гэтыя сляды Цемры, якія вось цяпер адкрыліся, калі знялі некалькі пліт. Сляды роўна віліся акурат над Трубой, і Жэнька раптоўна зразумеў, што гэта — нейкія знакі. Быццам надпіс.

Ад хвалявання сэрца хлопца забілася так моцна, што ён сам пачуў ягоны грукат. Так, гэта былі знакі! Нечым падобныя да літар… Жэнька да болю напружыў зрок, імкнучыся адшукаць у незвычайных знаках хоць нешта знаёмае. Яно было, было! Хоць і няўлоўнае, незразумелае, але ад гэтага сыходзіла на Жэньку агромністае адчуванне таямніцы — велічнай і адначасова страшнай у сваёй велічы. Ён бачыў, як яшчэ большы вэрхал узняўся ля Трубы, як спяшаліся людзі ўстанаўліваць новыя шчыты-пласціны, быццам сапраўдная пагроза сыходзіла не ад Трубы і Цемры, якая варочалася на яе дне і за Купалам — а ад надпісу, ад гэтых сямі таямнічых знакаў.

Вакол Трубы Смерці зноў паўстала чорная бліскучая сцяна. Жэнька асцярожна пачаў адступаць назад, хаваючыся за скаламі. Яму неспадзявана зрабілася страшна. Дамоў ён практычна бег, бо адчуў выразнае хваляванне маці і гнеў бацькі.Жэнька не змог схлусіць бацькам, таму сказаў, што хадзіў да мяжы Купала.

Гнеў бацькі быў куды мацнейшы за той, калі Жэнька размаляваў свой пакой. Ён крычаў доўга, а маці маўчала, не заступалася, бо Жэнька парушыў забарону: за горад нельга выходзіць без дазволу нават дарослым. Ён ведаў гэта? Ведаў. Але пайшоў.

— Мама, а што такога страшнага ў тым, што я пайшоў адзін за горад? — ціха спытаўся Жэнька, калі маці ўкладвала яго спаць.

— Не ведаю, сыночак, — з жалем адказала яна. — Пад Купалам многа законаў, якія трэба выконваць. Без тлумачэнняў. І запомні, сынок: няма законаў нязначных. Усе правілы надзвычай важныя. І для дзяцей, і для дарослых…

Жэнька не стаў пытацца ў маці пра знакі — яна не будзе ведаць. А ў бацькі пабаяўся, бо нешта падказвала Жэньку, што ўгледзець без дазволу той надпіс куды страшней, чым выйсці без дазволу за горад. Хлопец засынаў і бачыў надпіс перад сабой, у памяці: каб толькі не забыцца, каб толькі дакладна, да кожнай рысачкі запомніць.

5

— Настаўнік, я хацеў вас спытаць…

— Яўген, няўжо школьная праграма, якую сёння скончылі, не дала табе адказаў на ўсе пытанні? Зрэшты, у лепшага вучня школы пытанні павінны мецца заўсёды. — Настаўнік прысеў, жэстам запрашаючы вучня прысесці побач. — Пытайся.

— Калі закончыліся экспедыцыі ў Цемру? І чаму спынілі даследаванне Цемры?

— Тады, калі зразумелі, што з Цемры нельга вярнуцца. Мой хлопчык, павер, да цябе шмат хто спрабаваў знайсці спосаб павелічэння нашай жыццёвай прасторы. Але яго няма. Нам няма куды ісці.

— А шахты?

— Без святла нашага Сонца мы гінем вельмі хутка. Жанчыны губляюць магчымасць рэпрадукцыі. Шахты даюць нам вугаль і нафту — усё, што нам трэба для жыцця…