Выбрать главу

Маці замоўкла.

Яўгена душыла знутры.

— Што гэта, мама? Гэта было? Такім быў наш Купал? Ці гэта ёсць, мама? Скажы?

— Сынок, сыходзь з каменя.

Маці сама сышла з цёмнай каменнай плоскасці, узяла нерухомага Яўгена за руку і прымусіла яго ступіць крок і другі.

Чужыя пачуцці зноў уварваліся ў яго мозг, але яны цяпер ніколькі не турбавалі Яўгена.

— Мама, я не ведаю, што са мной. Я баюся. Адчуюць іншыя.

— Не бойся, сынок. Калі ты сапраўды будзеш фізічна першы раз з жанчынай, у цябе ў душы ўзнікне вельмі падобнае: нечаканая радасць адкрыцця, замілаванне і шчасце, вера і смага.

— Ты не адказала, мама, — з надзеяй перапытаў Яўген. — Гэты горад быў Купалам, ці ён ёсць?

— Не ведаю, сынок. — маці са светлым смуткам зірнула яму ў вочы. — Але калі б ён быў — можа, тады варта спяваць «пад ім злат-горад быў»?

Некаторы час яны ішлі моўчкі. Яўген пра сябе паўтараў радкі песні, якая адным пякучым зігзагам лягла на яго памяць.

— Леў, вол, арол. Гэта не людзі, але жывыя істоты, не інакш? — разважаў ён напаўголаса.

— Так, сынок. Гэта жывёлы. Арол — птушка. Праўда, я не ведаю, што значыць — птушка. Адно — яна мае крылы, і быццам бы з іх дапамогай можа лётаць. І не ведаю, як выглядалі вол і леў. Сад — гэта такое зялёнае, там расце мноства розных раслін. Краскі… я не ведаю, што гэта. Але гэта — вельмі прыгожае. Я ведаю, што такое неба. Неба — гэта калі няма Купала, — сказала маці.

— Яшчэ, мама. — Яўген запнуўся, потым упэўнена працягнуў: — Калі ты расказала мне, а сёння за горад выйшла столькі многа пар — можа, хтосьці з бацькоў таксама распавёў сваім дзецям. пра нешта?

— Ты хутка зможаш даведацца пра гэта, — спахмурнела, з нечаканай горыччу адказала маці. — Бо ты здольны, я заўсёды верыла ў цябе. І калі будзеш працаваць над стварэннем разумовага поля — Купал будзе ведаць думкі кожнага.

Яўген спыніўся.

Яны ўжо наблізіліся да горада разам з іншымі парамі. І горад заглынаў рэдкі раўчук людзей, якія вярталіся з пустыні.

— Ведаеш, мама. Я абраў працу ў самы апошні момант. І тады не разумеў, чаму абраў. Мне нібы падказаў хтосьці. Але цяпер. Цяпер я зразумеў. Калі Купал непранікальны для нас, для людзей, для прадметаў — раптам праз яго можна прайсці думкай? — горача скончыў юнак.

Маці ўсміхнулася светла.

— Толькі асцярожна, сынок.

7

— Інжынер Яўген, дайце справаздачу Радзе аб ходзе работ. Да нас дайшлі чуткі, што вы нейкім чынам стрымліваеце поўнамаштабнае ўкараненне разумовага поля. Мы чакаем тлумачэнняў.

Яўген падняўся, зірнуў у вочы Старшыні і не змог вытрымаць яго цяжкі, праніклівы позірк. Апусціў вочы ў дакументы, хоць кожную лічбу ведаў на памяць.

— Прашу паважаную Раду выслухаць справаздачу пра апошні тыдзень доследаў. Агулам у эксперыменце ўдзельнічала 10 злачынцаў. Трое з іх загінулі ад празмернай напругі ў галаўным мозгу. Прапанаваны варыянт галаўнога абруча мае вялікую вагу, неэстэтычны выгляд і, самае галоўнае, спажывае гэтулькі энергіі, колькі 100 наручных бранзалетаў. Прыёмна-перадаючая станцыя таксама значна больш энергаёмістая, чым задумвалася спачатку. Сама схема працаздольная. Канкрэтна па лічбах…

— І што вы прапануеце? Чакаць, калі насельніцтва выйдзе з-пад кантролю, пакуль вы прыдумаеце прыгожы абруч? — з’едліва перапыніў яго адзін з удзельнікаў Рады, хударлявы, з вялікай лысінай і густымі вусамі.