Іду я туды цераз поле, уся мокрая, хустка мая асталася ў клубе, асталіся галошы мае з валенцаў у клубе, а гэта свае работы валенцы, дык яны ў вадзе расцягліся… З мяне пара ідзе ўжо, такая пара ідзе з мяне, усё роўна як з-пад воўны, як дым. Дык я думаю, мо я гару дзе, мо дзе ўпала на мяне гэта, галуза гэтая, з клуба. Я і так, і кругом сябе — не, анічога нямашака!
Прышла я туды без хусткі. Толькі я прышла, пад нейкі падышла сарайчык, і там маленькая хатка з краю. I стаю, чую — крык… Такі крык там, што, божа мілы, які крык! А яны ўжо з таго канца ўзялі і адтуль — гоняць ужо на гэты канец, пад саўхоз. Гоняць ужо гэтых людзей, бабаў усіх. I самалёты сталі па зямлі страчыць…
Я стаю пад гэтым хляўком, а далей, думаю, пагляджу, што яны тут робяць, што такі крык. Толькі я голаў тык з-за вугла, а немец якраз глянуў сюды, калі я зірнула. Дак ён ка мне ляціць: «А-а-а!» Як стаў мяне прыкладам! Шчоку рассек і губу ўсю парассякаў, і зубы ма? адзін за адзін заходзяць. Поўны рот крыві. Я ўжо вазьму так гэтую кроў, выграбу рукамі, ой, каб хаця дыхнуць!..
I пагналі мяне ў калхозную канцылярыю. Дык гэтыя людзі рудзеньскія таксама кажуць, як у нас казалі, што немцы будуць выбіраць: каторыя партызаны — расстрэльваць, а такіх будуць выпускаць.
Дык я кажу:
— Мае вы бабкі, ужо ў нас, кажу, зрабілі сабранне, ні аднае, кажу, няма. Усе, — кажу, — пагарэлі ўжо, канчаюцца там людзі. Ужо каторыя пішчаць, гавару, даходзяць, так што, кажу, не беспакойцеся, усім будзе адно.
Ну, і там нас дзяржалі, дзяржалі… Раней узяліся за мужчынаў, за тых, што ў другім будынку былі. У аднаго паліцэйскага немцы пытаюць:
— Дзе ў вас такі мужчына е, што ён можа па-нямецку гаварыць?
Вызываюць па імені, па фаміліі таго ўжо мужчыну. Падышоў гэты мужчына, з немцам нешта сказаў па-нямецку, а потым так яго ўзяў пад паху ды паставіў ракам. Немца таго. Дзед, а такі, знаеце, крэпкі! Дык яны: «А-ла-ла-ла!» А іх толькі тры немцы каля хаты было, каля нашай. Патрулёў, што нас пільнавалі па падвоканнем. О, ляцяць гэтыя немцы і таго дзеда ўзялі і забілі.
— Давайце другога, які можа па-нямецку гаварыць.
Вызвалі другога. Той — таксама, яшчэ ў старую вайну, быў у Германіі. Той гаварыў, гаварыў, дык яму трах! — пулю ў лоб.
Вот тады ўжо мужчыны ламанулі ў дзверы!.. Каб яны тады ламанулі, калі ён таго немца ракам паставіў, ды выхвацілі гэтыя вінтоўкі! Калі б яны зналі, што іх гэтак мала!.. Дык мужчыны ламанулі, і пяць чалавек выскачыла і жывыя асталіся. Па полі паляцелі.
Ну, пабілі мужчын, а тады скамандавалі возчыкам — мы ўсё чуем:
— Знімайце казачынкі, валенцы новыя і галошы новыя і шапкі.
I знімалі яны з пабітых шапкі і гэтыя казачынкі, наклалі тры вазы.
А далей давай нас… Паставілі, прывезлі яшчык і паставілі на яшчык пулямёт. На скрыню, што бульбу возяць. Прыдзе немец, вупхне якіх, значыцца, душы тры, чатыры, пяць — сколькі ён адсюль вупхне. Хто ж гэта хоча ідці пад расстрэл? Ну, матка, гэта, забірае сваіх, сем'ю вот ахватвае і падае, бо яны крычаць: «Падайце!» Матка сваіх дзяцей, якая там радня, — абнімуцца і падаюць. I яны з пулямёта строчаць…
Я ўсё так ззаду стаяла, не выходзіла, ага.
Так усе бачаць, глядзяць у акно, кажуць:
— Вунь мая дочка гарыць і ўнукі гараць!..
I вы скажэце — каб хто заплакаў…
Вот яны так тут расстрэльваюць, а тут калхозная пажарная была. Дык там мужчыны сядзяць. Жанчын аддзельна замыкалі паліць, адных, а мужчын аддзельна. Такіх хлапцоў, што большыя, дык туды, з мужчынамі, а малыя дык з намі былі. Многа ж бежанцаў было з усіх… Дажа каторыя з Бабруйска былі. Гэта ж ехалі сюды на сховазень, дзе партызаны жывуць. Ну, вот яны і папрыязджалі.
Ужо асталося нас толькі сем чалавек — усіх павыпіхалі. У палу шчэлі вялікія. Я гэта прышла ды рукі ў шчэлі ўсадзіла, ды раз — падняла гэту памасніцу.
— Бабы, сюда, — гавару.
I сама ўжо ў яме. Етыя бабы ўсе і ўбеглі ў яму.
Прышоў немец па нас ужо, па астальных, а мы закрыліся, у яме ў гэтай. Па астальных прышоў, а нас ні аднае душы няма. Гэтыя дзеці ў яме… божа мілы, — нарабілі крыку там! Еты немец адкрыў яму і прыкладам:
— Вылазьце!
Не хочуць. Хто хоча пад пулю лезці? Крычаць.
— Вылазьце!
Не хочуць, ага. Ён гэтым прыкладам у галовы біць. Вот і сталі вылазіць. Каторая не можа выйсці на двор, дык тут, над гэтай ямай, і папрыстрэльвалі, гэтых бабаў.
А я і яшчэ тут адна — у Рудні яна, і цяпер жыве, ага. У яе была дзевачка, такая маленькая яшчэ, паўтара года. I мы ўзялі падлезлі далей сюды пад брус. Я ўжо ўся ў крыві была, у пяску была, твар — у пясок, каб нам не кашлянуць… Вот мы ляжым ужо, нам чуваць — яма адкрытая, а яны ўжо ўсунулі галовы сюды, паглядзелі, ці, можа, яшчэ хто ёсць. Не відна ўжо, цёмна. Толькі месяц свяціў — добра помню. Дык яны паглядзелі ды тады на звозчыкаў на гэтых гавораць:
— Бярэце салому, кладзеце касцёр.
Гэтыя звозчыкі — яны ж падчыняліся, ведаеце, са страху, — сюды наклалі саломы, і ў гэтае памяшканне, і ў тое. А тады:
— Выдзірайце вокны!
Яны выдзерлі, сталы, дзверы пакідалі на салому.
— Запальвайце! Ага, запалілі.
— Вярчыце вярчэ[4]!
Яны парабілі гэтыя вярчэ.
— Запальвайце і кідайце ў яму!
Ён думае, а мо там людзі е, каб ета яны ўжо там пазадыхаліся. Асмальваецца на тых вярчах салома, а дым да нас не заходзіць. З ямы ўсё на хату выходзіць. I вот яны запалілі гэты касцёр…
Мы сядзім, сядзім усю ноч, а тут яны ракетамі свецяць — відна там у нас у яме, хоць іголкі збірай, такая відната. Што нам, бедным, рабіць? Божа мой мілы!.. Яны запалілі, і мы чуем, што страха ўпала. Але гэта не наша — гэта пажарная, а наш агонь узяў і патух…»
А побач, у пажарнай, адбывалася тое самае… У той пажарнай, і яшчэ ў двух дамах у Рудні, і яшчэ ў дзесятках, а потым у сотнях іншых вёсак Беларусі… Страшна перамнажаць такія лічбы, бо за кожнай з іх — чалавек і яго сям'я, яго маці, яго дзеці, браты, сёстры. Бо за кожнай — невымерны чалавечы жах, боль. Іх тысячы і тысячы — тых, хто ўжо ніколі не раскажа, за якіх расказваюць вось гэтыя людзі, вельмі і вельмі нямногія. А ў кожнага з тысяч загінуўшых было гэта, было так і яшчэ, магчыма, страшней, і ўжо не змогуць жывыя ўзяць на сябе хоць бы частачку тых пакут…
Пажарная стаяла недалёка ад калгаснай канцылярыі, дзе схавалася пад падлогу Тэкля Круглова, і вось што рабілася ў той пажарнай. Жыве ў новай, адбудаванай Рудні жанчына, якая і была там, у тыя страшныя гадзіны і хвіліны.
Ганна Іосіфаўна Гошка, пяцьдзесят гадоў.
«…Нас паставілі прама ў шарэнгу, на калхозным двары. Тады гэтых мужчын аддзельна. Тады за гэтых мужчын — раз, пагналі ад нас зусім, пагналі ў канюшню. А нас у пажарную набілі, бітком набілі. Пальца не ўсунуць туды. Загналі нас і паставілі немца над намі. Тых ужо мужчын ганяюць, бяруць па дзесятку і вядуць у другі сарай. З аднаго сарая ў другі вядуць… Немец сядзіць. I паставілі на лаўках пулямёт — прама сюды ў дзверы… Дык мы сядзім ужо ў гэтай самай… Там не сядзець — там не было як сядзець, там паздушваліся ўжо… А я на самых дзвярах. А са мной маленькая сястрычка. Я яе дзяржала з сабой на руках. Так сціснулі…
Праўда, я ўсё бачыла, як тых мужчынаў вадзілі. Тады мужчыны бачаць, што іх расстрэльваюць, і яны прама як выйдуць — дык і ў ход! Уцякаюць. Адзін у нас калека быў, кульгавы, дык немец, гэта, яго лупіць-лупіць!.. Каторых назад пазаганялі, а каторыя па полі пабеглі, уцяклі.
Тады жанчыны на гэтага немца:
— Пан, што гэта нас — будуць страляць?
Дык ён адразу махнуў. Нейкі немец быў, чорт яго… А потым:
— Не, матка, не, не, не!..
Ужо здагадаўся, мабыць, што людзі будуць уцякаць, ці чорт яго ведае…
А бабы гэтыя галосяць, крычаць. А гэтых мужчын ужо як пабілі, дык сталі там па вуглах чым-та ліць. I ўжо раптам загарэўся той сарай. Тады яны ўсе сюды, к нам. Падходзяць. Былі там, праўда, і паліцэйскія. Са Смыковіч тут у нас быў адзін такі, чорт яго… Дык адна жанчына ў яго пытаецца:
— Андрэечка, што гэта нам будзе?