А ўнізе, у глыбінях народнага жыцця, у жыццядайнай прастаце яго крынічаць раны памяці, якія нічым не загоіш…
Вось і яшчэ адна з гэтых народных ран.
Расказвае Барбарка, шасцідзесяцігадовая Барбара Адамаўна Слесарчук. Гаворыць з дзіўнай і сцішнаватай усмешкай — нібыта страшную казку, незвычайна далёкую, перажытую вельмі даўно. Гаворыць часамі амаль што зусім як казачніца — нараспеў, з паўторамі, што не здаюцца лішнімі, і па-мясцоваму — на трох ці на чатырох мовах адразу: беларуска-ўкраінска-руска-польскай.
«…Гэто як нас білі? Білі… Ажно цяжко расказваць…
Хазяіна ўпэрэд забілі. Зажглі ў клуні. Я так перабалела. Чацвёра дзяцей, пятым была бярэменна. Запалілі часоў у пяць, пад вечар. Немец прыйшоў, выгнаў. Адзін мой хлопец пасвіў скаціну, а трое са мною. Мая хата была туды далей, дзе цяпер калгасны двор. Немец прыйшоў, выгнаў. Сабраліся мы ў хату, баб пятнаццаць. Немцы ідуць, абгледзелі. Бабы сядзяць, як бы оўцы, у хаце. Думалі: можа, толькі мужыкоў пабылы, а жанчын не будуць біць. Адна, Астапава маці, кажа:
— Нас жывых запаляць. Не схацеў нас пабыты немец. Жывых папаліць.
А я выйшла з хаты:
— Уцякайма, жанчыны, уцякайма!..
А дзве дзевачкі ў мяне і мальчык. Оны, бабы, не схацелі ўцякаці, а я і пайшла.
Немцы стаялі, кругом сэло цэп'ю абнялі, тут цэп і там цэп, і па сяле хадзілі немцы. Так много. Я выйшла на кусты ў Багацце. Я не думала жыць. Але думала, куб ён не глядзеў, куб нам от так чэрапа паздымала, куб мы сваю смерць відалі.
— Бяжэдм туды, куб мы не бачылі смерці! Дзе куля ў галаву люб у плечы, — кажу, — нам пападзе, то легчэ нам, а то так трудна дажыдаць вот, каб нас білі. От, каб мы відалі сваю смерць…
Ніхто не схацеў, а я ўзяла і сама пабегла. Я пабегла, пачала бегчы з Астапавага двара, нашага суседа. Ад таго суседа пабегла, а ўжо людзей кулямётам сякуць — і з таго канца, і з таго, людзі падаюць, падаюць… Ужэ і ногі мае не пабяжаць, куды ўжэ мне бяжаць — узяла я пад сараем лягла.
Так сарай, і так сарай, і так, а я лягла за калодцэм. Дзяцей панакутвала лебядой, панакутвала, вот і ляжу я, і ляжу… Ажно немцы там ці паліцыянты, толькі вады нап'юцца ды: «А-а-ах!» — скажа. А я ляжу, ляжу, ляжу… Кулі свішчуць, ляцяць. Ну, мяне ўбіла! Слышу — не, ніц не больна. I ляжу, і ляжу…
I вот дзеці мае. Мальчык — два гады было Васілю. Не заплакаў! Маленькі — два гады, тыждзень было на трэці.
— Мамо, — кажа, — уцякаймо, уцякаймо! Нас, мамо, не заб'юць!
— Ох, — кажу я, — сынок, зараз бегчы пакінем, адкінем ногі ў тую старану і ў тую, пакінем белы свет, святая нядзелька. Зара паб'юць, зара.
— Не, мамо, нас не паб'юць!..
Гэта ж два гады!.. О, ён і сёння слесарам у мяне на ГРЭСе работае. Такі чалавек!..
А тая дзевачка, шэсць год, кажа:
— Вот відзіш, мамо, дажэ мальчык гаворыць, што нас не паб'юць. Убэгаймо!
От і пабеглі. Пад сараем ляглі…
От так, цямнець стало. Як огні, лямпы запальваюць. Ляжымо. Немец одного сарая падпаліў. Спічкамы. Опяць одного, бачу я, спічкамы. У сіняй адзежы два немцы стаяць. Ляжу, ляжу, ляжу, ляжу… З дзецьмі ляжу, ляжу, і — маўчаць! Это так от! — абы мне не пагібнуць, ці што? Малы хлопец і не заплакаў! О!..
I так от ляжу! Ажно там гарыць крыша. Згарэла. I немцы стаяць два. Бы стаўбы сінія. I сцены пачалі гарэці. I пачала ўжо зямля гарэці. Гэто каля самай зямлі тое зелле пачало гарэці. А я ўсярэдзіне ляжу. I студава мне пячэ, і студава мне пячэ. Гэто благадара, што, бывала, тчэм сукно з авэчак, зам'ятае. Такэ, было, пальто злажыла. А колі б я ў кофтачцы была — згарэла б. Толькі платка скінула, косы ўсе абсмаліліся. А тут от мне пальто шкварыцца, гарыць, а я яго то пяском, то так. Дзевочка, чатыры гады, вішчы-ыць! — спэклася. А я ўжэ то так, то так. От-от-от погыбаю! От я погыбаю. А воны стояць, немцы. Не хацела, каб забыло мяне ляжачую. От, мусово мйе на немца ўзайці, каб мяне ўжэ гэта ўбіў. Ужэ няма спасення — пэчэ. Хай, думаю, заб'е. Толькі ўстану на немца ісці — о, два стаяць, — дзеці завішчалі, а я — бух, упала. Так і ляжу.
I так от, памаленьку, так от і гляджу: чы воны пайшлы, чы не. Ужэ пачало вот-вот гарэць полымя, і студа, і студа. Сматру гэто — пайшлі, пайшлі немцы! А я яшчэ мінутачку паляжала, думаю, хай дальшэ адойдуць. I я за адзежу ўсіх дзяцей як узяла і дзёрнула далей, у канец агня… У-у-у!..
Ляжым на поплаўцы Астапавым. Ужэ так от трэсло, трэсло сільно нас, о!.. А я ўжэ думала: «На ўсёй дзярэўні адна я асталася». Давай я ўжэ ўзяла за дзеці, то аднэ сюда пасадзіла, два гады, а то, чатыры гады, дзевочку, сюда, а там яшчэ ззадзі ідзе. Пошла, пошла, пошла…
А куды от я?
От, на выганаўскую дарогу цаляю, да Выганішч. Куды мне, думаю, дзеціся? Мая матка з Выганішч. Думаю: там у мяне дзядзька е. Мо возьме мяне? Бо і дабівацімуць нас, ужэ думаю, у нашай дзярэўні. Можа, нада ўжэ нас выбіці. «Партызан!..» Мо зашчыталі ўжэ, што ў саракавом гаду ў калхозе былі. Усё гэта казалі на нас: «Камуніст!..» Можа, нас загэтым дабіваюць. Вот!.. Ужэ ўзяла я, пошла, пошла да Выганішч.
Не зайшла.
Сяду дзе-небудзь на пянёк… Іду, іду… Як упаду — як паляцяць мае дзеці цераз галаву ўсе. «А-ах!» — адно галаву пачэшуць. I не плачуць. От гора пазналі!..»
У расказ жанчыны ўрываецца вельмі нядаўні ўспамін. Сёння ўранні ў Целяханах пачутыя словы. Скупыя, мужчынскія. Гаворыць калгаснік-пенсіянер Андрэй Куратнік:
«…А сын у мяне астаўся. У трупах. Маці мая, калі яе расстралялі, упала на яго, і так трохі закрыла. Ранілі хлопца ў бок. Адсунуўся ён метраў пяцьдзесят ад ямы і заснуў. Назаўтра прыйшлі — яшчэ пяць выстралаў па яме далі. А ён дванаццаць дзён праляжаў у стажочку. Дзевяць гадоў было. Не піўшы, не еўшы. Партызаны знайшлі яго, мне наказалі…»
Цётка Барбара гаворыць далей:
«…Зайшлі мы да Выганішч. Ужэ васкрасенне. Другое васкрасенне настала, той тыдзень ужэ прайшоў. Прыйшла я, а ўжо майго дзядзьку, мае мацеры брата, застрэлілі.
«От, — думаю, — і мая жалаба, от ён мяне і пажалее…»
Дзядзіна кажа:
— У-у-ужэ так табе, можэ, не надо жыці на свеце, ужэ табе самой у агонь надо бегчы. Дзяцей у цябе многа, да ты бярэменна яшчэ — дзе табе проці зімы!
Самі ў лес выязджалі, хаваліся, а мяне не бралі. А я ў той хаце ляжу да ўжэ, як мы, па-старыннаму, памалюся:
«Дай мне, госпадзі, сладкі сон! Ці ўжэ як жывая застануся, ці каб я не слыхала, каб я ўжэ пагібла з гэтымі дзецьмі, заснула ўжэ навек…»
От ужэ партызаны выйшлі адтуль, з Бярэзіны, сільны, сільны одряд. З Вяды быў знаёмы чалавек, пагаварыў са мною, пагаварыў.
— Не бойцеся, — кажа, — не дапусцім немцаў, каб вас пабіці…
Даждаліся мы другога васкрасення.
— От, цётко, — кажу я дзядзінай, — мне сон які сніўся. Плохі, плохі! Я ўжэ, здаецца, у старцах пахадзіла, хлеба насабірала сумочку. Іду, іду, у глазах пачарнела. У тую хату зайду, а пяць хат міну і опяць зайду. Так жалко, што столькі свайго хлеба многа пакінула. Да хазяіна, да скаціну. Лошадзі не было, быкі былі. Тры каровы былі, дзве каровы і цёлка. Да Хаценіч пагналі, на Ганцавічы, у тую старану. Наплакалася я, наглядзелася… От як!
Ну, а дзядзіна мая кажа:
— А мне харашо спалася…
От, чэсна вам гавару, жанчына! Трэсачок тых не дае, зварыць. «Ідзі ў кусты», — кажа. От людзі якія ёсць, Госпадзі! Урэдна была, багата, сільна багата была! Чыгуніка просіш — чыгуніка не дасць.
У Красніцу хадзю ўжэ, мэду нанасіла я, і табе, і сабе. Ужэ думаю: «Хай мяне пчолы… Можа, памру». Яй-богу. Закручуся ў якія латы. А мёду, мёду, мёду, мёду было!.. У вядры нясу, нясу, нясу з Красніцы. Гэта — як яе спалілі. Я ўжо сабе туды прайдуся. Можа, заб'юць. Як не дабівацімуць, то не дабівацімуць. А ўжэ по тры дні кончылася дабіванне. Ужэ я мэду нанасіла і ўжэ сабе кватэру шукаю. Мы ўжэ тыждзень сядзелі там, ужэ яна, дзядзіна, кажа:
— Шукай кватэру. З-за цябе, недабійку, і каб нас не пабіл і немцы…
У Лабановіча кватэру найшла, у Аляксеевай маткі, у беднае жанчыны вынайшла.
Сабе думаю: «Пайду я картошкі, хвасолі прынясу».
Пайшла я сабе за тымі прадуктамі, сабе ў Красніцу. А дзеці тама, у Выганішчах.