— Ну, яна гэтак во… Я яе дзяржала, я на яе забылася, ужо мне цёмна было ўваччу, нічога, толькі бачу, як цень чалавека ідзе. Я — яму, а ён, праўда:
— Матка, туды!
Я перабегла на гэты бок, упала. Упала з гэтай дзевачкай. Потым прыпаднялася. I ідуць наперадзе — адзін шарэнак[6], другі шарэнак. Думаю — усё роўна — тыя пусцілі, етыя заб'юць. Не. Не кранулі. Тут даходжу толькі да гэтага, да шляху, ідзе чалавек. Нясе дакументы, збегаў і ўжо дакумент гэты ўзяў, і жонка, і двое дзетак. Клуначкі яшчэ адзежы нясуць. Я думаю: «Госпадзі, куды ж вы, людцы!» Думаю, скажу — другія ж прайшлі і не сказалі ім, — думаю, скажу, дык і мяне заб'юць. Іх ужо як давялі, дык убілі там…»
Забілі, хоць таксама «дакумент» меў чалавек. Які ўжо тут дакумент, калі дзейнічае «план»!
«Я як азірнулася: «Э-э, ужо дым!» Толькі пулямётам, чутна была: тр-тр-тр! Як пхалі там, так адразу і білі. А тады ўжо і запалілі. А гэтага немец вёў, што з дакументам, каб жа не немец, дык я б сказала, што забіваюць.
Тры гады яно мо ў мяне з воч не сходзіла, стаяла ўваччу і стаяла…»
I цяпер яно не «сходзіць з воч» у Акуліны Панкратаўны — тое, як забівалі Казулічы — яе родных, суседзяў.
Знайшлі мы і тую жанчыну, пра якую гаварыла Акуліна Панкратаўна — Дрозд Улляну Пракопаўну. Яна таксама на свае вочы бачыла ўсю жудасць расправы над жыхарамі Казуліч.
«…Ну, мы ўжо сталі… Усіх акалацілі, толькі адны хаты асталіся. Бацька і маці мае і дзве сястры меншых. Яны к шляху, а я асталася і яшчэ свіней двое і дзве каровы панакрывала саломай. I сабака на цапе. Яны падышлі:
— Авек, авек, авек!
Я сабралася і пайшла к шляху. Выходжу — усе стаяць се-ем'ямі! I плачуць. Стаяць навыцяжку і плачуць…
I павялі нас. Дзе вот гэтае кладбішча, тут стаяла мельніца, крупадзёрка, жыў мельнік. Так старая хата яго была, а так новая. Ну, вот туды заходзяць:
— Заварачвайце направа!
Заварачваем. Мельніцу расчынілі на дзве палавінкі, і ля дзвярэй стаяць вясэ мельнічныя.
— Захадзіце, вынасеце вясэ! Нямецкая адзежа, а па-руску гавораць:
— Захадзіце! Ніхто ж не ідзе.
— Захадзіце!
Ніхто не ідзе ў гэту мельніцу. Яны — такія плёткі разінавыя, цераз руку во гэтакі рамень — і гэтай плёткай цераз галаву, цераз галаву! У раду ішлі сем'ямі, дык вот так мужчыны пазакрываліся. Кінулі біць. Кінулі, крупадзёрку гэту расчынілі — а крупадзёрка на дзве палавіны, шырокія дзверы, завал быў. Яны адкрылі гэтыя дзве палавінкі дзвярэй:
— Ану-ка, захадзіце сюда!
Ну, хто ідзе, хто не. Яны самі зайшлі:
— Ану-ка, захадзіце, захадзіце!
— Авек, авек! — немцы. А гэтыя па-руску:
— Захадзіце, захадзіце!
Людзей і ўпіхнулі ў гэтыя дзверы. У гэтую крупадзёрку. А я, значыць, — стаіць у нямецкай адзежы — я кажу:
— Пусціце мяне, — і нейкая ў мяне была справачка. У Любонічах давалі. Я гавару: — Пан, пусціце мяне.
Паглядзеў на гэту… паперку, за руку мяне, цераз шлях перавёў мяне:
— Садзіся і сядзі тут, — па-руску. — Сядзі, пакуль я не прыду, не ўцякай нікуда. Еслі пабяжыш — уб'юць цябе.
Ну, што будзе, то будзе. Я села і сяджу. А мама мая дый кажа:
— На хусту і хлеб ужо, у бежанцы сабірайся.
Два кускі сала з сабой яна ўзяла, дзве булкі хлеба — гэта ж трое дзяцей ужо і самі ўдваіх, — думалі ж, што пагоняць у бежанцы. Я махнула: «Не нада!»
Пытанне: — А маці ваша дзе?
— У крупадзёрцы ўжо. Дык думае, што хоць, можа, мне спатрэбіцца. Хоць мне.
Пытанне: — Яна вам гэта перадае?
— Мне не далі ўзяць, не пусцілі мяне к ёй, а яе ка мне. Ну, я махнула: «Мама, не нада. Мне, гавару, хваціць дома».
Пытанне: — З мамай хто яшчэ з вашых быў?
— Дзве дзеўкі меншых, мае сёстры. Ну, немцы за людзей — у крупадзёрку, зачынілі гэтым завалам. А я сяджу, ногі спусціла вось гэтак у канаву і сяджу. Так, як во цяперака на лаве. Падходзіць гэты самы, што мяне перавёў цераз шлях. А яны бегаюць, бегаюць, каністрамі — жах-жах-жах, пааблівалі каністрамі. А гэты самы падходзіць да мяне:
— Сабірайся — шагам марш!
I шляхам, кажа, паўзбок, толькі не бяжы, будуць страляць, гэта, кажа, не па табе. Так ён. Ну, я і пайшла. Іду, што будзе, то будзе! Іду, іду, а там чалавек ідзе: яго пусцілі дамоў, каб дакументы гэтыя ўзяць, і двое дзяцей з ім. Немец павёў іх, тых людзей, тога чалавека з жонкай і з сям'ёй. А я пайшла і пайшла. Прыходжу на шлях сюды, а тут стаіць гэты часавы. А гэтыя ўжо стаяць, а машыны так равуць, так равуць усе. Падходзіць мая сястра (ёй цяпер семдзесят два гады):
— А дзе тата з мамай?
А іх ужо, пакуль я адышла, запалілі, гарыць ужо крупадзёрка. Кажу: — Вот, ужэ гараць!
«Гэ-э-э!» — паднялі людзі крык.
Пытанне: — Усе гэтыя людзі? Каторыя засталіся?
— Ага. — Я гавару: — Ціхаце… Падскаквае адзін ды па-руску:
— Успакойцеся, а то і вам ета будзе!
Праўда, сці-іхлі ўсе, як вады ў рот набралі! Змоўклі. Падбягае Канавалаў гэты самы — той, што ў краснўю суботу быў…
Пытанне: — Яго тады партызаны перанялі таксама?
— Перанялі і ранілі, а нехта казюліцкія яго ў уборную захавалі. А праз ноч на жарабку завезлі ў Кіраўск.
Пытанне: — Ён быў начальнік паліцыі?
— Начальнік самы галоўны, етай кіраўскай, ну, там. Атрадам ужо іхнім камандаваў. Ну, дык ён падходзіць:
— Ну што — ету сторану на вугаль зжэгці, а ета старана пусць стаіць!
П ы т а н н е: — На вёску паказвае?
— На вёску. Етыя немцы ўжо як беглі, а сюды вецярок, як беглі па захлеўю, па захлеўю — цераз адну, цераз адну запалілі. Гэта ўжо і гарыць усё. «А вы, кажа, расхадзіцеся». Усе тады і пабеглі, і я пабегла. Пытанне: — У вас многа людзей засталося?
— Наша дзярэўня балыная была. Трыста васемнаццаць ужо спалілі з малымі, ну а яшчэ вёска вялікая.
Я прыбегла, яшчэ выгнала карову, цялёнка і двое свіней выгнала. Стаяла вядро, міска і лыжак сем, — я за ета, на руку і пайшла з хаты. А так у хаце ўсё згарэла. Ну, пайшла, села на вуліцу і сяджу ўжо. Немцы па шляху едуць — усё ўзад-уперад, узад-уперад. Некаторыя пахаваліся, а я сяджу, думаю — адна смерць, калі я ўжо адтуль ушла!.. Усё згарэла, назаўтра прыду і на двор яшчэ не магу зайсці. Як гляну — не магу, паверыце! Тады адкрыла пограб, зірнула на гэту адзежу, татава, маміна ляжыць… Я, вы паверыце, абамлела ў тым пограбе. Ну, і што пражыла… А забыцца не забылася. Тады сніцца гэтая мая сястра, самая меншая, яна такая кудлатая была! Хадзіла ў другі клас. Дык я кажу:
— Вот, Алена…
Знаю, што яна спалена. А яна мне:
— Ох, Улляна, да балела ж мая галава, пад палена хавала галаву, так прыпякло ўжо цяпло!..
Прыснілася. I пад палена яна хавала сваю галаву. Так у сне яна мне гаворыць…»
Вогненная памяць, вогненныя сны… Пра сны свае, ваенныя, пасляваенныя, нам расказвалі многія. Бо ў снах тых — працяг іхніх пакут. Зноў і зноў, як самую рэальнасць, перажываюць людзі ўсё тое — разам з загінуўшымі і як бы за іх ужо.
Нават «калектыўныя» бывалі сны ў людзей — пасля таго агульнага жаху. I такія, што людзі ў лесе, пагаварыўшы, перагаварыўшыся раніцой, раптам беглі на свае папялішчы — настолькі рэальным загадам былі для іх начныя, у сне, уяўленні пра пакуты родных, блізкіх…
Мы — каля вёскі Лазавой у Асіповіцкім раёне. Некалькі жанчын каля сянажнай ямы, даведаўшыся, хто і чаго прыехаў, гавораць з намі, перабіваючы адна адну: і пра ўчарашняе ўсё, і, яшчэ больш, пра клопаты сённяшнія. I адно з другім сплецена: жыццё ў чалавека адно і памяць таксама адна. Як на дрэве: раней чым дойдзе сок ад каранёў да самай апошняй, наймаладзейшай галінкі, павінен ён прайсці праз увесь ствол. А гэтыя жанчыны яшчэ і досыць маладыя, моцныя, таму і сённяшнія клопаты для іх маюць значэнне большае, чым для тых, для многіх, каго старасць «адсадзіла ўбок». Людзі, што жывуць усімі практычнымі справамі, інтарэсамі. I вось яны нам — пра сны. Пра свае, такія рэальныя, сны. Бо сама ж рэальнасць, рэчаіснасць тады выглядала жудасным сном, кашмарам. Адно пераходзіла ў другое, невядома дзе канчаючыся…
«…Мы былі ў лесе, — гаворыць Вольга Рыгораўна Грышановіч, — ну і прышлі з лесу, калі нашых спалілі. Паглядзелі, сабралі попел: дзеці ляжаць — здаецца, жывое. Возьмеш — папялок рассыплецца. У адной хаце мы сабралі ўсіх. Дзевяць цаброў — адны беленькія костачкі. А ў другой — там ужо была гара. I кроў — відна была, іх, мусіць, білі. Таму што яны ў кучы, і кроў была. Па куточках былі, пад печам. Цераз год адзін дзед… Яму прыснілася жонка: «Чаму ты мяне не пахаваеш? — кажа яна ў сне. — Я ж пад печам, у мухаморы». Ну, ён нікому не сказаў, додждж ідзе, ён ціхонька гэту печ раскідае. Прыходзім, кажам: