Пытанне: — I вы бачылі таго, што страляў?
— Я ўсё глядзела, пака яны на палу пабілі. Тады ўжо — да мяне! Ну, тут мне папала ўжо, я прылягла. I брат мой меншы за мяне — тут ля коміна прытулёўшы — яго не раніла. А матка — первая, дык яна так во лягла, за комін галаву. I ёй — як білі, ляцела — галаву, гэта, абчапала ёй мясам. Ну, і білі на печ усё. Тую старушку пасеклі — яна ўсё жыва. Матку ранілі, там пабілі ўсіх… Сем чалавек, а мы толькі ўтрох — мама і я з братам сышлі потым з печы. Ну, тады ўжо разы тры — паб'юць і ўвойдуць: слухаюць, ці жыў хто. Яшчэ раз — пачуюць — б'юць. Вышлі трэці раз. Дыму ж надзелаюць! Вышлі, апяць уходзяць — слухаюць: ну, ужо ўсё, ніхто не дыша! Хто ўжо жыў — прытаіўся.
Пытанне: — I гавораць пра што-небудзь, калі заходзяць?
— Гавораць самі ціхонька, ці дыша хто, слухаюць. Ну, вышлі ўжо апошні раз, кажуць, што «капут». А мы ж чуем. Мы ўжо прытаіўшыся ляжым. Ну, што. Не чуць. Сяйчас хату запалілі. Там на паталку сена было, ці што — яно стала кідацца ўжо. Мама ўстае. Тут бітыя навярху ляжаць. Рвель ногі гэтыя! — яна пачула ўжо, што ў нагу папала — стала вырывацца.
— Ну, яшчэ раз папробую — калі вырвусь, то пойдзем, а не, то гарэць будзем.
Дык мы кажам:
— Мамачка, мы лучша гарэць будзем!..
Ды зразу з сябе ўсё здзяваць. Яна пракраціла нам раздзявацца, кажа:
— Не, падажджыце, можа, выйдзем.
Ну, і сталі выпаўзаць. Ну, мы выйшлі. Мама прайшла яшчэ.
— Хто жыў — за мной.
Ну, мы ўдваіх ідзём. Дзеці. А брату было восем гадоў, што лі. Ну, вышлі. Яна кажа:
— Хто жыў — за мной!
Мы вышлі, бачым, бацька вышаў. Ранены. Рука правая, і тут во ў шыю яму паранілі. Ну, выпаўзлі, жыта было ў нас на ўсадзьбе — па жыце. Мама ўжэ стала сазнанне цяраць: стала ад нас уцякаць. Дык мы па крыві найдзем… (Плача.)
Я не магу расказваць…
Яна жыць хацела яшчэ. I сазнанне цярала… Хаты гараць, сонца заходзе… У ляску хата адна асталася — дык ужо ў тую хату ўсе спаўзаліся, хто жывы.
Дык мама кажа:
— Ужо ідзіце, мо дзе калёскі якія, мяне завязіце. Пайшоў брат гэты меншы — ну, гэта ж дзяцёнак — пайшоў у тую хату, там і сеў. Пайшла я. Мне ўжо таксама не відна свету: я ж у ліцо ранета. Калёсак там няма. Мама згарэць хацела — падпаўзла да агню, а яе нехта аднёс. Аднёс на дарогу — ну, што ж, цяжка несці — сама папаўзла. Пассоўвала каленкі, паўзучы. Ішоў Бікасаў Якаў (ён жывы цяпер) — ён яе нёс, да дарогі пранёс. Гэта з кіламетр будзе ад той хаты. А тады другі данёс, ну і сабраліся ў тую хату. Усе ранетыя. У каго быў род, тыя забралі сваіх. А ў мамы сёстры былі далёка: яны пакуль пачулі… Па лесе мы скіталіся. Тады ўжо калёскі нашлі: уцякаюць у лес, і мы яе на калёскі. А бацька ранеты цяжка, ён аставаўся адзін у тым доме. Ну, тут ужо гавораць, што немцы ідуць, танкі па лесе — дзявацца няма куды. Бягуць куды хто, у балота… Ну, мы пайшлі ўсе, а ён… Ён сам сабе смерць зрабіў… Трэба плакаць нам зноў… Засталіся мы. Мама ж ранета, а яшчэ і пацаначка радзілася пасля таго. Сядзець некуды, я кажу:
— Мамачка, пойдзем у Вароўскае. Я ўжо дарогу запомніла.
Ноччу схадзіла раз і запомніла. Іх завяла ў Вароўскае. Толькі завяла, і ў тое ранне немцы ў Вароўскае прышлі. Ну, і нас выгналі. Выгналі ў бежанцы, гналі, а мы яшчэ ўцяклі. За Кузькавічамі, у лес. Паўцякалі. Жылі там з тыдзень, ці што. Акоп выкапалі. Ну, усё адно нас немцы палавілі ў лесе. I пагналі. Жылі мы ў Ямным — за Быхавам. А затым у Падклённі, а потым у бліндажах. I зімой. Пакуль і вайна закончылася…»
Голас расказчыцы — усё цішэйшы, а боль крычыць усё мацней…
Трыццаты
«Канашы — вёска ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобласці, на беразе воз. Плаў. Цэнтр сельсавета і калгаса «Радзіма». 100 жыхароў, гаспадарак 34. Пач. школа, клуб, б-ка, магазін.
З вёскамі Малгаці (43 ж., гасп. 18) і Гарадок (67 ж., гасп. 19) фактычна ўтварае адзін населены пункт.
У Вял. Айч. вайну каля К. базіравалася 1-я Беларуская партыз. брыгада (камандзір М. П. Шмыроў). У час карнай аперацыі 1.5.1942 ням. фашысты расстралялі 30 жыхароў в. Гарадок, у в. Малгаці спалілі жывымі 69 жыхароў…
В. I. Шчамялёў».
У Канашы мы дабраліся познім ранкам 14 чэрвеня 1972 года. Пяты том Беларускай Савецкай Энцыклапедыі, адкуль узята нататка пра гэтую вёску, тады яшчэ толькі друкаваўся.
Пра Канашы мы наогул упершыню пачулі ў той дзень у райвыканкоме і ведалі толькі, што там з расстраляных карнікамі жывы застаўся адзін чалавек, цяперашні старшыня сельсавета В. I. Шчамялёў.
У скупой нататцы, як цяпер нам вядома, напісанай для энцыклапедыі гэтым чалавекам, не сказана, што сярод трыццаці расстраляных трыццатым быў іменна ён сам, Васіль Іванавіч.
Ад Віцебска да Канашоў, цераз раённы цэнтр, — восемдзесят кіламетраў. Аднак у словах «мы дабраліся» — няма перабольшання: на ўвазе маюцца апошнія кіламетры нізкай дарогі, лясной, палявой ды вясковай, страшэнна разбалочанай за некалькі дзён залішне шчодрых дажджоў.
На такой дарозе мы і сустрэлі патрэбнага нам старшыню сельсавета. Ехаў кудысьці на матацыкле.
I вось сядзім у яго кабінеце, быццам апусціўшыся ў светлую цішыню, пасля дажджоў зноў залітую сонцам. Цішыню гэтую яшчэ больш падкрэслівае час ад часу далёкі гул якога-небудзь наземнага або, яшчэ радзей, нябеснага матора. I не чувадь з альховых кустоў салаўінае песні, якая і тут нас сустрэла, быццам усё адна, тая самая ўсюды. Усё гэта цяпер за вокнамі, дзе млеюць у парнасці старыя сосны і густа буяе над балацінкай алешнік.
А ў нашай светлай цішыні нябачна зудзіць разгубленая аса і шархаціць на стале магнітафон.
Васіль Іванавіч, чарнявы, спаважны мужчына, расказвае.
«…Першага мая раненька акружылі нашу дзярэўню з гэтай стараны і адтуль, адкуль вы ехалі. Свабодны выхад быў нам тока ў возера. Двароў тады было больш: цяпер з Малгацямі семдзесят адзін, а тады было каля ста. А ў нас на ноч аставаліся начаваць партызаны. Правялі мітынг 30-га, а ноччу зняліся і пайшлі. Немцам была тут свабода. Усіх людзей сабралі там, дзе я вас сустрэў, дзе цяпер калгасны двор. Ну, а патом пачалі там расстрэльваць. Партызанскіх сямей, такіх людзей, каторыя былі звязаны з партызанамі. Пастроілі ў дзве шарэнгі і — кулямёты.
Пытанне: — А вы тады дзе былі?
— Стаялі каля плота. Усё на маіх вачах было. Адводзілі толькі ад нас і расстрэльвалі. А патом яшчэ аднаго дзядзьку ўзялі і расстралялі. I прыйшла вочарадзь да мяне. Ну, мне тады было яшчэ толькі трынаццаць лет. Прыходзіць адна жанчына, звязана была каторая з немцамі, і паказвае:
— Гэты імеець звязь з партызанамі. Ён мяне бярэ за варатнік і туды, дзе пабітыя. Немец, пераводчык дажа, але ў форме нямецкай. Таўкнуў мяне і ззаду вочарадзь з аўтамата па мне. Я ўпаў. Сначала я, канечна, не знаў, жыў я ці не — пакуль гэта нямножка прышло ў сазнанне. Папалі мне ўсе тры кулі во ў гэтае месца, у паясніцу. Пачустваваў я, што ўродзе нічога, не больна, жыў яшчэ. А патом слышу, што пачалася ў мяне боль, паявілася. Нага не слышна стала. Паляжаў я так нямнога — ідзёць немец ззаду. Падышоў, кругом мяне абышоў, сагнуўся — чую — сапіць нада мною. Відаць, слухаў, жывы я ці не жывы. Паслухаў ён, а я, канечна, чакаў, што ён пачуе, што я жывы, і заб'е мяне. А ён, відаць, пасчытаў, што я ўжо забіты, і пайшоў далей. Далі каманду капаць яму.
Пытанне: — Авы чулі, што яны там гаварылі? — Тут жа радам, дзе мы ляжалі, там і яму нам капалі. Капаць, канечне, заставілі нашых мужчын, сваіх. Маладыя ўсе былі ў партызанах або ў арміі. Адны старыя дома, такія, што ўжо былі нягодныя служыць. Ну, чую, што вот ужо нас будуць укладваць у яму. Думаю: тут жа свае будуць укладваць, папрашу я іх, каб хоць наверсе палажылі. I каб паменш прысыпалі…
А патом — ракета! Аказваецца, у Малгацях нехта праізвёў на іх выстрал. Нас там так і кінулі пабітых, каманду далі старым — закопваць, а самі ў Малгаці. I там поўнасцю ўсіх спалілі. Каго ў кварціры ўбівалі, каго жыўцом.
А патом я чую — пачалі ўжо жанчыны плакаць, крычаць. Думаю: што-та тут не так, верна, іх ужо, немцаў, тут няма. Ляжу я і спачатку думаю, што, можа, мяне і не закапаюць. Удасца, то папрашуся ў лес мяне занесці, калі гэта ўжо можна будзе. Усе крычаць, плачуць… I тады я ўжо адчаяўся павярнуць трохі галаву. Туды, дзе ўсе гэтыя людзі ляжалі пабітыя. Людзі вот так ляжалі, а я вот так — наўпоперак, а ззаду за мною — яшчэ адзін пацан, разам у школу хадзілі, у нагах маіх ляжаў, забіты быў. Бацька яго быў у партызанах. А тут гляджу — бягуць нашы суседкі. Я прашу: