— Скажы маме маёй, няхай хоць піць прынясе.
Яна не паслухала: у яе тады забілі бацьку, яна прама туды бегла. Патом другая бяжыць суседка. Гэтая, праўда, паслухала, пабегла і сказала мацеры маёй. Прыняслі мне піць, а я кажу:
— Нясіце мяне куды-небудзь быстрэй. Немцаў няма, паехалі ў Малгаці.
Пытанне: — А мама ваша дома была?
— Не, усе стаялі там, і кулямётамі абстаўлены былі. I немцы сабе там выбіралі, хто ім трэба. Каб ніхто не разбегся. I выбралі тых, каторыя ім трэба былі.
Пытанне: — I маці бачыла ўсё гэта?
— Не, не бачыла. Маці стаяла з гэтай стараны хлява, а мы — з гэтай. Я відзеў усіх, калі білі, бо білі ў агародзе пад акном.
Ну, яна мяне ўзяла… Я быў ужо ладны, а маці — старая, лет пад шэсцьдзесят было, — ну і несці. I брат быў дваюрадны ў мяне. Той памагаць ужо ёй. Нясуць. Я ж ладны ўжо. Тады ж не было ніякіх падвод, хоць бы на тачку якую ўзялі.
А тут, кажуць, немцы вярнуліся назад. А я тады крычу:
— Дзявайце мяне куды-небудзь!..
Ну, куды ж мяне дзяваць? Поле, дзярэўня. А яны мяне тады ў адрыну ды пад сена. А там наверсе яшчэ адзін хлопец ляжаў, схаваўшыся. Чую — там разгавор: «Паляць дзярэўню». На вышках гавораць. «Прыдуць, — думаю я, — запаляць, і я згару».
— Нясі мяне, — кажу на маці, — хоць назад на тое самае месца…
А патом падалася каманда, і яны, немцы, паехалі.
I мяне тады панеслі ў лес. Маці, брат, і сястра была яшчэ старэйшая. У яе былі малыя дзеці, дык ёй трэба было дзяцей насіць. Трое дзяцей было. I мяне памагаць несці. Тады занеслі і ў байню[7] палажылі. У лесе байня стаяла ў нас. А самі пайшлі туды, дзе ўсіх пабілі. У мацеры маць мацерыну забілі, патом дзядзьку з пяццю дзяцьмі, сястру з мужам, другую сястру, пляменніцу… Пабілі нашай радні многа. Усе пайшлі туды, дзе трупы. Патом ужо, калі ўсё ўспакоілася, началі кожны сваіх закопваць. А я там і астаўся, адзін у той байні.
Патом мне стала плоха. Назаўтра прыйшлі і мяне знайшлі — я ўжо ляжаў на палу. Урачэй жа не было. Кроў ішла, сколько яна ўжо магла… Назаўтра толькі адну перавязку зрабілі мне зноў — вот і ляжы. Больш былі ў лесе. Ноччу ў лесе, а после абеду дамоў. Таму што экспедыцыя была, нападалі немцы больш зранку. После абеду яны не ездзілі. Медыкаменты партызаны даставалі.
Пытанне: — А што гэта за жанчына была, што на вас паказала?
— А яе няма, яе расстралялі. Жыла тут у нашай дзярэўні такая, відзіма, думала нешта, настроена так была. Патом яе расстралялі немцы, бо яна ўказала сястру аднаго паліцэйскага. У той жа дзень яе забілі, як і ўсіх, але яе паследнюю: паліцэйскія настаялі…»
Маці Васіля Іванавіча, калі яна несла яго, ледзь жывога падлетка, было, ён сказаў, каля шасцідзесяці. Нам і не падумалася, што яна яшчэ можа жыць, таму і не спыталіся пра гэта. Васіль Іванавіч прагаварыўся сам. Жыве, здаровая. У сваёй хаце, побач з ім.
Домне Васільеўне восемдзесят восьмы. А яна яшчэ, як спрадвеку гаворыцца, дай бог усім добрым. Засталі мы яе ў сынавым садзе, каля вулляў, у цянёчку, які ўсё-такі не ратаваў ад паўдзённай парнасці.
— Пчол пільную, — сказала бабуля. — Нікога дома няма. Камары тут заелі.
Рой не ўцячэ — старая гаспадыня на пасту. Яшчэ надзіва рухавая і гаваркая. Васіль Іванавіч застаўся ў садзе, а яна павяла нас у сваю хату, што трохі воддаль ад сынавай.
— Усё я вам, хлопчыкі, раскажу, усё падробна.
I расказала. То седзячы трохі, то ўстаючы, жэстыкулюючы, мяняючы голас, калі пераймала кагосьці, то павышаючы яго, то пераходзячы амаль на шэпт, калі ёй зноў было горка і страшна — так, як тады.
«…Быў сход перад гэтым днём, перад Першым маем, парцізане яго праводзілі. Атрад Данілы Райцава. Сход правялі, парцізане пайшлі, толькі нашы засталіся.
Назаўтра чуць свет… Я заўсёды выходжу і ўсё слухаю, што дзе стукаюць, дзе страляюць… Выйшла і думаю: «Госпадзі, што гэта такое, што нешта блішчыць перад намі?» Разгледзела, ажно гэта немцы ў касках сваіх, і светлая адзежа на іх. Прабяжыць і заваліцца, прабяжыць і заваліцца… Цераз нескалька ўрэмя яны мяне замецілі і началі паліць. Я назад у хату.
— А дзеткі, кажу, а немцы прышлі! А стары мой крычыць:
— У цябе ўсё немцы! Сядзі ты, калі сядзіш. У цябе ўсё немцы.
А я крычу:
— Скарэй, немцы!
А яны з гары і адтуль вунь пачалі паліць — якраз у нашу хату… У мяне ж была сям'я: я, тры мальцы, адна дочка была ўжо замужам.
— Лажыцеся на палу каля печы!
I праўда — паляглі ўсе. I ляжалі. А яны ўжо так збілі хату, так збілі — усё пасеклі, і печку… Білі з двух старон з пулямёта. А тады яны відзяць, што не выбягаюць, не бягуць, а так прама да нас у хату. Мы тады яшчэ там жылі, дзе школа, дзе ліпы растуць.
— Матка, парызан, парызан!..
А я рукі сашчапіла, стаю, во так і кажу:
— Няма парцізан.
Яны і на хату, яны і ўсюдых, пад палом — усюдых лазяць іскаць. А што тут іскаць, калі поўная хата дыму.
— Выбірайцеся, выбірайцеся!
Выгналі нас на дарогу і паставілі. Кругом акружылі, кругом. Пагналі. Старыка прыкладам у спіну, прыкладам у спіну. Мяне, праўда, тады не білі — не буду гаварыць дарма. А старыка білі. Толькі мы падходзім туды на гару, дзе магазін там быў, гляджу — бяжыць баба і крычыць:
— А людцы ж мае, а таткі ж мае, а што ж вы нарабілі, а вы ж маю дачку забілі!..
Тут адзін падбег ды трах ёй сразу, дык яна брык і ляжыць…
I вядуць людзей, і вядуць, і б'юць напавал. Каго ад азяра вядуць. Тады хаваліся ў азяро.
Гляджу: ажно, госпадзі, мой стары каня запрагае! Запрог стары каня, палажылі пулямёт на калёсы яму, а тады да воза яго за руку прывязалі. I пагналі. Тут пагляджу — кароў тураць, тураць адсюль, забіраюць, забіраюць…
Тады ракеты сталі кідаць. Ракеты пакідалі — кінулі расстрэльваць ужо. I пабеглі. А там ужо, у Малгацях, запалілі. I людзей, людзей, — каго жывога спалілі, каго ўбілі — усіх рашылі, усю дзярэўню рашылі.
Пытанне: — Вас усіх паставілі, сын гаварыў? А мужчын адвялі ад вас?
— Усіх, усіх паставілі. Сыноў адвялі, каля другое пастройкі паставілі. А я вот так села. (Бабуля паказвае, рухава сеўшы на падлозе.) Аднаго ўнучка ўзяла во сюды, а другога, меншага, во сюды палажыла. I сяджу. I прыказ нам далі: «Еслі не будзеце даваць знаць у Смалоўку, калі парцізане прыходзяць, — усіх рашым». Ну, хто ж яму будзе што гаварыць?.. Я відзела, як маю матку, родную маю, нявестку з тром дзецям… I была ў палажэнні, паследнюю нядзельку хадзіла ўжо. I матка. Стаіць на дарозе… Адзін паліцай, з Загуззя, хлопае па плячы яе, нявестку:
— Проска, гавары, дзе твой Яўхім?
А яго забралі па ўтарой мабілізацыі, нет дома. Адзін брат быў у парцізанех, меншы, а той, старшы, Яўхім, пайшоў. А гэта жонка старшага. Не сына майго, а брата. Я ж думала так, што не будзе ён ёй нічога рабіць, — свой жа, з Загуззя. А ён будзе біць іх. Старуху, ужо семдзесят год было, і нявестку… Ну, за што ён іх?..
А сама я з месца не злезу — нікуды. Мы сядзім каля сцяны, а яны на дарозе. Тады тыя, хто застаўся жывы, пабеглі, а я з месца не злезу. I ўжо бачу, што мае ляжаць. Во, падбягаець ка мне адна жанчына:
— Дамнутка мая, а твой жа Васютка жывы! Просіць піць.
А я гавару:
— А ці жыва мая мамка?.. (Плаа.) А што дзелаць мне?
А я не ўстану. У мяне спічкі: як хацела печку затапляць, так і дзяржу іх усё ўрэмя ў руцэ. I я папаўзла, і папаўзла, і слёзы тыя ліліся… (Бабуля — проста надзіва лёгка — лажыцца на падлогу і паказвае, як папаўзла.) Прыпаўзла, а ён паднімаецца, галаву падняў. А так і з вушак кроў, і з носа кроў, і з рота кроў — і ўсё. I так во:
— Ма-а… Ма-а… Вазьмі мяне адсюль… Даб'юць немцы…