— Сынок, не бяры, ён табе не нада. Я на месцы гэта і бросіў.
Прагналі нас метраў пяцьдзесят — выбег дзіцёнак. Ішоў ззаду канваір. Гаворыць… Старушка ззаду ішла, дык ён ёй кажа:
— Прывядзі яго!
Пацанёнка таго. Яна пайшла. Калі б разумная старуха, дык яна б за гэтага пацанёнка ды ў лес. Чорт бы за ёю пабег. Мы тут пачалі б разбягацца. А яна пайшла, за ручку таго дзіцёнка і прывяла сюды, у калону к нам.
Ідзём дальша. Маці на мяне кажаць:
— Сынок, лезь у куст.
— Мамачка, — кажу я, — штыхом як дасць!.. Парнёць усё роўна.
Я ўжо разбіраўся. Дзесяты год мне быў ці ўжо адзінаццаты. Я дзевяці год у першы клас пайшоў: малы быў нейкі.
Добра. Я не палез у куст. Прыгналі нас у зямлянкі. У першую зямлянку пайшлі старухі нейкія. Мы адышліся метраў трыццаць — ужо гэтая першая — др-др-др! — гарыць. Хто ў другую пойдзе? Сталбом сталі людзі. А ў іх палкі былі — ці яны павыразалі, ці ім давалі гэткія, чорт іх ведае. Лупцуюць ззаду там.
Гляджу — мая маці першая пайшла ў гэтую зямлянку. Ну, раз мама пайшла, мусіў і я. Я за ёю другі — шмыг. Яна як ішла — было два перарубчыкі, паленцы такія. Нехта картошку сыпаў, ці што. Яна лягла туды так во неяк. (Паказвае.) А я сеў. Тут яшчэ старушка… Ці яны ўкідалі іх — хто іх ведае. Мы не відзелі. Мусіць, маёй маме першай папала, дык яна і шмыганула сюды… Насела, насела, насела людзей — дзеці і бабы старыя. Я сеў, і мне думка такая цюк у галаву: «Я знаю, што заб'юць, дык няхай з мамай заб'юць». Ён толькі стаў у дзвярах… Нешта там стаў пароцца ў аўтамаце. Пачаў ён ляскаць, а я гэтым маментам брык за маму. Так во лёг і слухаю, як у мяне будзе пуля… Яшчэ не разбіраўся, — думаў, што яна будзе як чарвяк тачыцца, гэтая пуля. Можа, я так мінуту паляжаў. Ён — др-др-др! — пачаў страляць. Пастраляў… Толькі ў маёй братавай — а брата там забілі, на поплаве, — было дзіцёначка малое на грудзях прывязанае, дык тое толькі «кува! кува!» закрычала…
Усё. Кончылася.
Прыносяць салому сюды, у гэтую зямлянку. Салома чуваць… Я ж то жывы. Салому — шарах сюды і запаліў. Дым гэты тут пайшоў. Ляжу я так во, зажымаюся. Згарэла гэтая салома.
— Ё. т. м., не гарыць!
I гергечуць па-нямецку.
Згарэла салома, адышліся, мінуты дзве — гранату сюды. Граната гэтая разарвалася. Тут усё гэтае — паленне, бочка нейкая ляжала, жалеззе — усё на нас узвярнула. У дзверы ён туды папаў. Тыя, што былі пабітыя, тых паразрывала. Другую яны ўкінулі. Але гэта я ўжо мала чуў: як выстрал нейкі, як пісталетны. Я яшчэ пачуў гэта. Маці, не ведаю, чула ці не…
Добра. Праляжалі… Колькі мы там праляжалі?.. Я чую: матка дышыць, жывая!.. Я ўжо яе прашу:
— Мамачка, не дыхай. — Такі страх дзіцёнку, што я кажу: — Мамачка, не дыхай.
Добра. Тут падойдуць, палічылі гэта: «Айн, цвай, драй, фір, зэгс…»
Тут дзеўкі едуць… Каровы рыкаюць. Здаецца, устаў бы і пайшоў, каб толькі не чапалі… Яны адступалі гэта ўжо, немцы, на Усохі ехалі. I паліцаі з імі. Каровы рыкаюць, дзяўчаты пяюць ваўсю…
Пытанне — А што за дзяўчаты?
— Адкуль жа я магу знаць? Я ляжу. Як толькі пачуў, што зямля дух-дух-дух, дык я пробаваў уставаць. Матка не ўставала. Я ўстану, толькі чую: зямля дух-дух-дух. Я кажу:
— Мамачка, ідуць ужо ізноў!
Я ўсё страх даваў ёй. I сам баяўся… Я раскажу вам яшчэ адно… Гэта я прапусціў. Падыходзяць да зямлянкі гэтай, дзе пабітыя.
Гавораць:
— Тут міны наведзены.
А мне, малому, думалася, што гэта яны яшчэ і міны пры гэтым навялі. Я чую. Якое ж тут расстаянне? Я глядзець толькі не магу: не крануся ніяк. Гэтыя немцы не заходзілі, пайшлі. Сяйчас прыходзяць два немцы яшчэ. Людзі пабіты. Гранаты парвалі. Усё. А яны там нешта ляп-ляп нечым. Жалеззе… I самі з сабой: «Гер-гер, гер-гер…» Але дыхання то мы не здзержым! Я ляжаў так во носам у зямлю, а маці трошкі бокам ляжала. Дзе ж ты здзержыш дыханне! Яны забавіліся неяк доўга. «Ляп-ляп-ляп!..» Маці вазьмі ды чхнула… I адзін пачуў.
— Што-та дышыць!.. — То па-нямецку гаварылі, а то па-руску: — Што-та дышыць!
Другі нечым — я не ведаю, жалеза якое ўзяў ці палку, — і засеклі, у якім месцы хто-та дыхнуў.
Матку гэтую чакаюць… Ну, я за маткай качнуўся. А другі гаворыць:
— Ё. т. м., хто тут можа дышаць? Сматры — рукі, ногі валяюцца, хто тут можа дышаць?..
Пытанне:
— Дык яны то па-нямецку, то па-руску гаварылі?
— Самі сабой па-нямецку, а гэтыя словы сказалі па-руску.
Добра. Я гэта чую, малы, ляжу. Сяйчас жа яны шмыг адгэтуль і пайшлі. Страшна ім стала, ці што?..
Ціха стала. Усё. Забягуць, паглядзяць… Тыя, што ехалі пазней. Падводчыкі гэта ці хто.
Ляжым мы. Стала вечарэць. Гэта пад абед было, як нас адтуль, з месца, узялі. Стала вечарэць. Яны, наверна, пост кінулі ў Будзенічах, пулямётчыка ці са два. Ну, і некалькі партызан нарвалася на гэты пост. Яны тожа тады, хлопцы гэтыя, ішлі насмела. Гэта ж лес быў такі. I нарваліся. Завязалася драка. Такая драка, што гэтыя самыя немцы — усе адтуль пачалі ў Будзенічы садзіць.
А мы ляжым. Усё баяліся гэта. Мама мая ўжо тут апомнілася. Гаворыць:
— Сынок, вылазь!..
А яны апомніліся, сталі з пушак біць, з Усох ці з Ікан там.
— Як пападзе снарад, сынок, дык і заб'ець нас. У мяне ў памяці другое:
— Мамачка, яны ж міны навялі! Я ж чуў, як яны гаварылі. Я ж не разбіраўся, што гэта за міны такія і як іх наводзяць. Кажу:
— Мамачка, яны міны… Я ўзарвуся… А яна:
— Лезь, сынок, снарадам пападзе, то і заб'е.
Ну, я і вылез. Па гэтых людзях грэб, грэб, грэб і пералез. Стаў каля вушачка і гляджу. А немцы гэтыя бягуць. «Гер-гер-гер…» Сюды гэта. Ужо цемнавата. Фанар во такі павесяць, ракету — відна, хоць ты шчытай… А я ля вушачка схаваўся, ля зямлянкі, і стаю. I кажу:
— Мамачка, скарэй! Мамачка, скарэй!..
Ну, мамачка старэйшая за мяне, разлежалася… «Паднімуся, — казала потым, — і павалюся, паднімуся і павалюся…» I мокрая. Мы ж мокрыя з дажджу. Потым раскраталася.
Як толькі яна вылезла, дык я і пабег. Проста ні страху ніякага… Дзе ж ты — ужо ўцякаеш ды будзеш баяцца? Пабег і якраз папаў у жыта. Метраў з дваццаць. У шнурок жыта. У жыце я ўжо жду.
— Мамка, скарэй! Мамка, скарэй!
А яна паўзець ды паўзець… Я пажду яе і далей. А яна мяне і дагоніць. Выскачылі мы зноў на гэты поплаў. Відна: ракету гэтую павесяць. А пулямёты рэжуць!..
Яна кажа:
— Заб'юць. Я кажу:
— Усё роўна ўжо, пабягу я. Як жа ж мяне заб'юць, дык ты сядзі тут!..
Я і пабег, як клубок пакаціўся цераз гэты поплаў. Дабег да лесу… I ўжо трывожуся, баюся. Якраз папалі мы на гэтае месца, адкуль нас бралі… I чаму гэтакі напрамак здаўся нам?.. Паждаў я мацеру, прыбегла маці. Пасцілкі, усё раскідана… Знайшла яна тут, на гэтым месцы, круглы кацялок, сухароў, мусіць, з пяць знайшла і солі такую во торбачку. У каго-та засталася. Яна ўзяла. А я ўсё пішчу:
— Мамачка, быстрэй! Мамачка, быстрэй! Са страху гэткага вырваўшыся.
Добра. Куды ж нам ісці?.. Лес чужы, а ноч ужо стала, цёмна. Метраў, мусіць, пяцьдзесят, а можа, больш мы прайшлі. А потым ляглі і спім во так…
Яшчэ ноччу як мы ішлі, дык крот гурбячок нароець, а мне ўжэ здавалася, што гэта міна… Кажу:
— Мамачка, міна!
Мы абыйдзем яго, гэты гурбячок. А потым ляглі пад ёлачкі.
Прасыпаемся, а ўжо абед — гэтулькі мы спалі. Добра. Я ўжо стаў казаць:
— Мама, есці хачу!
Дык яна мне сухар. Я яго трошкі пахрустаю. А куды ісці — не знаем, куды ісці. У лес, каб толькі ў лес, каб на край не папасці нідзе.
Вот прайшлі мы… А тут партызаны! Падыходзім.
— Адкуль вы? — кажа.
Дык я ўжо кажу: так і так, ад немцаў уцяклі.
Яны нам улілі круп трошачкі. Такая во сечка. Мы ўжо зусім другія людзі сталі — мы ўжо гарачага паспыталі.
I зайшлі мы на Гарэлы Востраў…
А потым і армія наша скора прыйшла.
Хадзілі мы з мамай і плакалі. Там, дзе пабітыя ў Будзенічах. Сказалі нам, што і брат мой забіты…»
Гарыць раён
У музеі пасёлка Акцябрскі можна ўбачыць вось такія лічбы:
Перад вайной жыхароў у Акцябрскім раёне было — З2 тысячы. У канцы 60-х гадоў — 25 тысяч.