Выбрать главу

Нешта падобнае раскажуць вам і Міншчына, і Віцебшчына (былыя Лагойскі і Бягомльскі, Расонскі і Асвейскі раёны), і іншыя мясцовасці Беларусі.

Выконваць свой «план абязлюдзення», «вызвалення ад насельніцтва жыццёвай прасторы на ўсходзе» фашысты пачалі з першых дзён вайны.

Але асабліва злавесны размах набыло гэта напрадвесні 1942 года на Акцябршчыне.

Гомельскую вобласць выбралі мы для запісаў у 1971 годзе, бо лета было тады выключна сухое. Ведалі па такой жа працы ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях, што прыйдзецца дабірацца да самых далёкіх вёсак. А яно, хай і падсушанае, прыўзнятае меліярацыяй, але ўсё ж такі — Палессе…

Хоць і ведаеш пра тое, што Беларусь — нафтавая рэспубліка, і ўжо не першы год, аднак калі на свае вочы тое бачыш, будзеш зноў і зноў шукаць вачыма вышкі, вялізныя бакі — такое ўсё незвычайнае сярод цустой палескай зеляніны.

Трохі ўбаку — абавязковыя газавыя факелы.

Ведаеш, што гэта дарагая, «нерэнтабельная» краса, але не глядзець — не можаш.

I глядзіш па-асабліваму: сваімі, але ўжо і не толькі сваімі вачыма. Такое адчуванне, што ты ўжо бачыў гэтае палыханне пад палескім небам — але палыханне начное, трывожнае. Адзін з нас партызаніў на Палессі, але не ў яго асабістай памяці тут справа. А ў той памяці, якую мы збіраем і з якой хутка і непазбежна зжываешся, як амаль што з уласнай.

Людзі з вогненных вёсак…

«Я не з гэтай, але таксама з вогненнай вёскі», — сказала нам віцебская сялянка. I колькі іх на Беларусі — вёсак, якія страшна, жудасна парадніў агонь! «Я — таксама…»

Не аднаму, мабыць, чалавеку начныя водбліскі мірных газавых факелаў нафтавага Палесся не даюць заснуць. Бо яму бачыцца тады і іншае, такое:

«…Знадворку запалілі нас. Вот узялі так, пырскнулі на гэты клуб, і гэты клуб пайшоў гарэць. I вот адзін наш… ён у акно, у раму як даў і вылецеў з сынам. Сын быў роўны з ім. I яшчэ жанчына… Яны як ляцелі ключэм цераз гэтае акно, дык немцы па іх вочарадзь выпусцілі — тыя, што каля жалезнай дарогі ляжалі. Яны беглі ўсе, як гусі якія, ключэм, так яны ўсе і паляглі, гэтыя людзі. А я ззаду ў акно выпала, і тут канаўка ж была, і кусцікі былі такія…»

(Тэкля Круглова з гарадскога пасёлка Акцябрскі.)

«…Запалілі Кавалі. На гэтым маменце. I гэтыя ж мужчыны паўзлазяць на крышу, глядзяць і бачаць, як лаваюць дзяцей і кідаюць у агонь…»

(Матруна Грынкевіч з вёскі Курын Акцябрскага раёна.)

«…Той канец дзярэўні заняты, а наш канец яшчэ свабодны. Мы і пайшлі на пасёлак, што каля самага лесу. Потым у алешнічак. I тут нас мо баб пятнаццаць ляжала ў гэтым алешніку. Ужо ўпалі і ляжалі. Не бачылі, як яны палілі… Толькі чутна — сільна крычалі, народ крычаў. Не чутна, што яна там адна гаворыць, толькі: «А-а-а-а!» Толькі голас ідзёт, ідзёт голас, а потым і ўсё — анямелі…»

(Ганна Падута з Лаўстыкаў на Акцябршчыне.)

«…Я адпаўзла так метраў, можа, са сто ад вёскі і ляжу ў жыце… Я далекавата была ад іх, адтуль, дзе іх палілі, — метраў, можа, з чатырыста… Ляжу я і слухаю, а іх там з аўтаматаў: та-та-та-та — строчаць, строчаць з аўтаматаў, як завялі ўжо ў хату… А потым бачу — гараць ужо хаты і вёску ўсю асвяціла. Відна стала, бо ўжо цямнець збіралася…

А потым, калі аціхла ўсё, я ў жыце ўстала, вярнулася на сваё селішча і пагукала, можа, дзе хто ёсць. Аніхто не адзываецца, толькі тавар раве, ды каты мяўкаюць, ды сабакі брэшуць…»

(Кацярына Крот з Лозкаў Калінкавіцкага раёна.)

Гэта ўсё ў нашых людзей вельмі ж блізка, на самым кончыку памяці:

«Калі так цягнецца, — гаварыла нам жанчына ў мазырскіх Касцюковічах, — дык думаеш, мо гэта ўжо скончылася. Аяк зноў, вось так напомняць… здаецца, што зноў пачынаецца…»

Тыя тысячы кіламетраў, якія малады шафёр Мікола Сулейка накруціў на колы абкомаўскага «газіка», пакуль мы ездзілі па Гомельшчыне, калі перанесці іх на карту, выцягнуцца ў ламаную лінію, на канцах і вуглах якой Гомель — Рэчыца — Калінкавічы — Мазыр — Лельчыцы — Петрыкаў — Капаткевічы — Азарычы — Акцябрскі… I калі гэта палічыць ствалом дрэва, дык галіны і галінкі яго — ужо тыя вёскі, куды нам якраз і трэба было ўвесь час адгаліноўвацца: Горваль — Глыбаў — Першамайск — Крынкі — Ліскі — Алексічы — Лозкі — Прыбылавічы — Вялікія Сялюцічы — Тонеж — Капцэвічы — Навасёлкі — Вялікае Сяло — Лучыцы…

Асабліва многа такіх вёсак вакол Акцябрскага — больш за трыццаць.

«Фільтрацыя», «акцыя», «экспедыцыя» — па-рознаму яно называлася ў розных раёнах Беларусі, але азначала адно: масавае знішчэнне насельніцтва, запланаванае загадзя.

I Гітлер і яго памагатыя па разбоі і расісцкім канібальстве многае гаварылі адкрыта. Але яшчэ больш хавалі да той пары, «калі можна будзе» (пасля перамогі над галоўнымі праціўнікамі) прыступіць да «канчатковага ўрэгулявання».

Гітлер:

«Цяпер важна, каб мы не раскрывалі сваіх мэт і ўстановак перад усім светам. Да таго ж гэта і непатрэбна зусім. Галоўнае, каб мы самі ведалі, чаго мы хочам… Матывіроўка перад светам нашых дзеянняў павінна зыходзіць з тактычных меркаванняў. Значыцца, мы зноў будзем падкрэсліваць, што мы вымушаны былі заняць пэўны раён, навесці там парадак і ўстанавіць бяспеку. Мы былі вымушаны ў інтарэсах насельніцтва клапаціцца пра спакой, харчаванне, камунікацыі і г. д. Адсюль і ідзе наша рэгуляванне. Такім чынам, не павінна быць разгадана, што справа датычыцца канчатковага ўрэгулявання. Тым не менш мы ўсё ж будзем ужываць усе неабходныя меры — расстрэлы, высяленні і г. д.».

I яшчэ:

«Рускія ў сучасны момант аддалі загад аб партызанскай вайне ў нашым тыле. Гэта партызанская вайна мае свае перавагі: яна дае нам магчымасць знішчаць усё, што паўстае супраць нас».

Борман:

«Пагроза, што насельніцтва акупіраваных усходніх абласцей будзе размнажацца хутчэй, чым раней было, вельмі вялікая… Менавіта таму мы павінны прыняць неабходныя меры…»

Меры?.. Страляць кожнага, хто хоць бы коса глянуў! — крычыць яфрэйтар Шыкльгрубер — Гітлер. А Кейтэль перакладае гэта на генеральскую мову загаду:

«Фюрэр распарадзіўся ўсюды пусціць у ход самыя крутыя меры… Пры гэтым трэба ўлічваць, што на адзначаных тэрыторыях чалавечае жыццё нічога не значыць, а запалохаць можна толькі незвычайнай жорсткасцю…»

I вось нямецкія рэгулярныя войскі пачалі тут, на Акцябршчыне, рэалізоўваць тую «зручную магчымасць»: пад выглядам барацьбы з партызанамі выконваць даўні і галоўны свой «план».

Для ваенных і гаспадарнікаў «зручна» было, што і партызан, як яны спадзяваліся, паменшае, мясцовасць стане «чыстай», даступнай. Але галоўнае — наогул менш будзе гэтых славян, гэтых беларусаў, рускіх, украінцаў… Яшчэ ў пачатку 1941 года, выступаючы ў Вевельсбургу, Гімлер выклаў мэту «рускай кампаніі» ў такіх лічбах: расстрэльваць «славянскае насельніцтва» — кожнага дзесятага, каб паменшыць іх колькасць на трыццаць мільёнаў. Чаму б загадзя, не чакаючы канчатковай перамогі, не пачаць на справе «зніжаць біялагічны патэнцыял» усходніх народаў? Справа гэтая ўжо распачата — у канцлагерах і ў лагерах для ваеннапалонных. Перанесці гэта і ў вёскі, адкуль кожная нацыя чэрпае найбольш «чалавечых рэсурсаў».

«Згодна з планам, — гаварылася на адной з нарад у стаўцы Гітлера, — прадугледжваецца высяленне 75 працэнтаў беларускага насельніцтва з тэрыторыі, якую яны займаюць».

I «высяленне» пачалося. З першых дзён вайны, акупацыі. Масавае знішчэнне і высяленне людзей з раёна Белавежскай пушчы, карная аперацыя «Прыпяцкія балоты» ў ліпені — жніўні 1941 года. Яшчэ больш жудасны размах набыло гэта ў Акцябрскім раёне, дзе пачалося з вёскі Хвойня. Праўда, належала гэтая вёска да суседняга Капаткевіцкага раёна, але на нямецкіх картах быццам лічылася за Акцябрскім. I таму з яе пачалі. Расклад, інструкцыю, план выконвалі са злавеснай дакладнасцю. Прыехалі і забілі 1350 чалавек. За што? Бо на іхняй карце Хвойня — Акцябрскага раёна. Так і тлумачылі гэта і паліцаі і самі немцы. Тлумачэнні павінны былі падтрымліваць у насельніцтва веру, спадзяванні, што знішчаюць, караюць «за віну», а не «ўсіх падрад». Фашыстам, вядома, не хацелася, каб людзі кінуліся ў лясы. Дастань іх потым адтуль! Вось і «тлумачылі». Забілі Алексічы, вялікую вёску каля Хойнікаў, і пусцілі чутку: памылкова, не тую хацелі, а зусім у іншым раёне — таксама Алексічы, але тыя сапраўды «вінаватыя»! Знішчылі Лозкі і зноў: мы хацелі Галявічы, бо каля іх партызаны цягнік падарвалі, да іх гэта бліжэй было. А тут, у Лозках, памылачка выйшла!