Выбрать главу

I ляжу я там, і не чуствую нічога, ужо і памяць пацярала. На некаторае ўрэмя я зусім адключылася. Пачалося ў нас у вёсцы ў дзесяць гадзін, да нас яны прышлі ў гадзіну, а прачнулася я аж на захадзе сонца. Помніла, што я жывая, паднялася, паварушылася, паглядзела, што і ён жывы. А суседка нашая як уцякала, дык выкінула клуначак. А маё ўсё пагарэла, усё пагарэла…

Адна дзеўка ў хаце засталася, а страха як згарэла, як асела ўсё, дык яна толькі: «Ы-ы-ы!» — стагнала там. Храпяне. I зноў храпяне… Доўга даходзіла… Бо яна не ранена была. Доўга храпла, яй-богу. Ужо ўся хата абгарэла, а яна ўсё храпла…

Ну, я паднялася, паглядзела, тут жа два крокі і — яе хата. Узяла я той суседчын клуначак, развязала. Ну, мы ж голыя. А я чуствую, што тут я ранена, тут у мяне вырвала. Развязала я той клуначак, знайшла яму штаны, з падцяжкі зрабіла вяроўку і падвязала іх, ручніка знайшла, перавязала яму тут. А яму граната ўпала вот тут пад коленкі: і вены, і ўсё яму тут паперарывала, ён ніяк не мог устаць. Дык я вазьму вось так на адну руку палажу і на другую і так яго цягла. Цягла я тры кілометры яго на сабе. Працягну, астанаўлюся, а патом і змаглася, не магла цягчы. I такія чуствы былі, хлопцы, і такія чуствы!.. Чуствавала я, што яны будуць ісці. Я ў хмызнячок яго, наламіла галля, зняла з сябе адзяяльца, я тое адзяяльца на два перарвала: палавіна сабе на галаву, а другую — яго накрыла. А потым я тую палавіну адзяяльца, што на мне, яшчэ раз напалавіну перарвала, падаслала яго, палажыла і пайшла.

«Ну, — думаю, — яшчэ кілометры два да атрада, дабяруся туды, там дадуць помач».

Камандзір атрада быў Міхайлоўскі…

Сані далі, запраглі каня. I Міхайлоўскі прыказаў мне:

— Сядзь. А калі будуць яны прадзвігацца сюды, немцы, дык ты тады з лошаддзю не ўцякай, кідай лошадзь, а сама — у лес, каб не злавілі цябе.

Я папрасіла, каб мне каго-небудзь далі — ехаць пад Хвойню.

— Ну, — кажуць, — калі ты ўжо данесла яго, то цяпер і давязеш.

Але паехалі мы, майго ўзялі. Сейчас жа яму і матрац з печы гарачай, і валёнкі. Я і сама голая была, абрываная ўся, кроў цячэ…

Мой нічым не ўладзеў. Не бачылі, дык думалі, што ён хоць што-небудзь памагаў мне ісці. Ён прыходзіў у памяць, прыходзіў, ну, а як на печку яго палажылі, дык там нейкае зярно ляжала. Бедны, так і сплыло тое зярно. Да грамачка кроў выскачыла, усе жылы парваліся. Дык ён усё прасіўся. Скажа два словы… Адключаўся ўсё ўрэмя. Прыходзіў у памяць, казаў:

— Хлопцы, спасайце мяне, я ваш брат буду.

Ну і што, ужо назаўтра партызанскі атрад далажыў, што дзвіжуцца немцы на гэтую дзярэўню. Куды мне? Мяне адправілі, далі мне партызаны падводу. Не далі, а проста прыказалі людзям адвезці мяне ў Курын. Там быў тожа атрад, і Лапцейка быў, урач. Штоб здзелаў майму перавязку, аказаў помач. Прывезлі мяне туды, ён паглядзеў, гаворыць:

— Мая ты міленькая, ён жыць не будзе. У яго ні аднаго грама крыві не асталося…

Пака тое-сёе, за пяць мінут вот далажылі, што немцы ў Доўгіх Нівах і нада з Курына выязджаць.

Пака я выйшла, усе людзі да аднаго чалавека ў лес пабеглі. Ну, дзвіжуцца немцы, а людзей асталася я адна ў хаце. Урач мяса тое паабразаў з яго, перавязку зрабіў, абінтаваў. Не знаю, што мне рабіць, не знаю, куды ўжо і бегчы. I толькі ўжо выю, выю… Гавару: «Госпадзі, лучша б я пагібла ў гэтым, у сваёй дзярэўні…» Не знаю, што і рабіць. Сяджу.

Дзякуй богу, бог нанёс мужчын хваенскіх. Ішоў гэта Рамецкі Рыгор, Уладзімер Міхалкаў… Багата, багата мужчын ішло. Пазналі мяне, сяйчас мне тут помач аказалі. Пабеглі па дварах, знайшлі саначкі мне. Палажылі, гэта, мой матрац, палажылі яго і давезлі да Глебавых Палян. Немцаў дажыдалі ў Курыне, дык мяне ўжо далына туды павязлі. Давезлі мяне да Глебавых Палян, там людзі былі, але ўсе начаку. Усе гэта ў лес выбіраюцца. Пераначавала я, мне саветуюць людзі:

— Едзь у Вежын, там сорак двароў толькі ў лесе. Там немцы, можа, і не нойдуць.

Заехала я ў Вежын. Ужо ўсе людзі былі на вуліцы. Яны ўжо чулі, што Хвойню спалілі і ў Курыне пабілі, папалілі.

— Едзь, — сказалі мне, — цераз поле, там будзе дзярэўня Грабнікі. Ты ў тую дзярэўню едзь — тожа дзярэўня ў лесе…

Толькі я ад'ехала ад Вежына, ну, да Грабнікаў не даехала, як палучыўся стрэл у Вежыне… Потым расказвалі людзі з Вежына, хто жывы астаўся, што вывелі ўсіх людзей на вуліцу, пашчыталі і вось так паставілі ў вочарадзь. I цераз два, цераз тры чалавекі — аднаго сюды, другога туды, аднаго сюды, другога туды. Дзве лінейкі зрабілі. Адну лінейку павялі ў хату, запалілі, а гэтая стаіць сярод вуліцы. Коржычыха… яна была з хлопчыкам і дзевачкай. Дзевачка асталася пры ёй, а хлопчыка ў хату: у другую вочарадзь яго паставілі. З тых дзеравень, дзе людзей папалілі, скот астаўся. Сорак чалавек іх аставілі, з Вежына, каб скот гнаць.

Ну, а я даехала да Грабнікаў. У Грабніках тожа ніводнага чалавека няма ў хаце. Праехала я праз усё сяло, няма куды зайсці… Адна жанчына толькі. Прышла, нейкіх каржоў напякла, бедная, сваім дзецям у лес. I гаворыць яна мне:

— Мы ўжо трэці дзень, як выехалі. Як Курын спалілі, дык і мы выехалі з сяла. Усе жывом у гэтым, у лесе.

А ў мяне цёця была, родная маміна сястра, у Акцябры[2]. Я думаю: «Ну, Акцябр яшчэ стаіць». Партызаны сказалі, што немцы ў Рабкоры, на станцыі. А яшчэ ў Акцябры іх не было. Паеду, думаю, туды, бо падыходзіць на трэці дзень… на другі, праўда, а я яшчэ нічога не ела, не піла… З Грабнікаў я паехала на Акцябр.

Прыязджаю я ў Акцябр, гэта зімой, у тры часы. Ужо цераз два часы будзе цёмна. Мая цётка, як угледзела, што я абгарана ды ранена, ды на майго мужыка паглядзела.

— О, госпадзі, — гаворыць, — куды ты мне яго прывезла! Гэта ж ты прывезла мне, каб маю сям'ю уністожыць. Немцы агледзяць ды скажуць, што партызанская сям'я, партызана хаваем…

Цямнее… Яй жа богу, што б я не ўстала!.. Цямнее, аянакажа: «Ідзі…»

Пытанне: — Яна — ваша цётка?

— Родная цётка, маміна сястра. Во людзі як напалоханы!.. Я гавару ёй: «Цётка, дайце мне платок вязаны, бо ў мяне з адзяяла касыначка, разарвала на дзве, холадна. Я, — кажу, — дабяруся дзе-небудзь, дык я вамвярну».

— А куды ты дабярэшся? Немцы цябе зараз жа ўністожаць. Куды ты з гэтым раненым дабярэшся. Ты вот едзь у лес, а то цераз яго ты і людзей пагубіш…

Паехала я ў лес. Еду, а куды — не ведаю. Надаела ўжо. Думаю: «Хоць бы які канец ужо!..» I сілы няма. Была я бярэменная, два месяцы да родаў было. I такая абгарана… Еду я, еду… Да, мяне папярэдзілі ў Акцябры, што ў Рабкор не заязджай. Язджай лесам кругом, і там казарма ў лесе, пуцявыя жывуць. Дык там, гавораць, пяць сямей, туды едзь нанач… А ў Рабкоры немцы стаялі. Гэта было тры кілометры, а можа, і не было. Вязу яго санкамі, а ён кідаецца, бедны, брэдзіць — з гарачкі гаворыць. Даехала я, гэта, да казармы, тожа ўваходжу — стаіць на крыльцы жанчына.

— А мая ж ты, — кажа, — залатая жэншчынка! Не заязджай сюды, бо нашых ужо мужчын пабралі ў падводы. Учора, — кажа, — немцы пабралі ў падводы мужчын і сказалі: «Еслі ў вас, гэта, хто паявіцца… Сняжок чысты, і калі трапіначка будзе, дык гэта, кажуць, у вас партызаны былі. I вы іх корміце. Каб ні слядочка!» — I гаворыць тая жанчына яшчэ: — Яны вось, немцы, толькі што паехалі, на засаду паехалі. У нас тут между Дзёменкамі і Рабкорам цёмны ёсць гэтакі лес… Ну, дык на табе, — кажа, — спічкі, і вось так едзь. Там гумно, і там накладзеш агню. Адкрыта не кладзі, бо, — кажа, — немцы паехалі туды, на засаду ў Цёмнае. Ну, я ўжо ўзяла гэтыя спічкі, ехала, ехала… Стамілася — госпадзі! — нідзе мне не давялося перадыхнуць… Тады снег бальшы, бальшы быў, і дзяржала повярху, па сарачу[3]. Стаіць ёлка. Я туды спусцілася — пад тою ёлкай снегу няма, знізу яно сухое, галлё, наламіла я галля і ўжо наклала агню. I сяджу. Што мяне ўжо стрэціць — то і дзякуй богу. Не баялася смерці. Я думала, што ўсіх падрад уністажаюць. Ужо і не баялася».

«Я думала, што ўсіх падрад уністажаюць», «не баялася смерці» — звярніце ўвагу на гэтыя словы. Словы такія не раз будуць гучаць у расказах многіх, і яны шмат што тлумачаць. Чалавек, бачачы такое, пачынае думаць, што ўжо ўсюды, «на ўсім свеце» так…