Калі я валіўся, дык пуля во сюда ў плячо, сюда і сюда — чатыры пулі ў мяне. Я так і мёртвы быў.
Колькі я там ляжаў, не знаю. А патом усхапіўся. А ў мяне галасавыя звязкі паўрадзіла, дык я хачу: «Я — жывы!» А яно не гаворыцца, нічога не гаворьвдца. Думаю, нада хавацца. А не знаю, што ў мяне яшчэ і рука перабіта. Каб не ўбачылі з акна, я — раз на каленцы. I тады чую — у-ух, у мяне рука! Я руку так сюда і папоўз пад печ. А падпечча гэта якраз напроці акна. Думаю, ногі відна. А там мост стары, хата старая была, я масніцу падымаю…
А, праўда, вот яшчэ што. После мяне забілі старыка. Я бачыў яшчэ, як яго піхалі, а ён у дзверы ўпіраўся. Дык калі я ўжо прачнуўся, дык гэты стары ляжаў якраз каля мяне, ногі ўпоперак гэтай масніцы. Калі я лез назад з падпечча, ён ужо здубеў, ногі гэтыя… Дык я яго адсунуў і масніцу падняў, і, руку дзяржаўшы — туда, галавой проста. Як бадануў туда ў пясок, во да сех пор улезла ў пясок. Давай гэта левай рукой пясок з вушэй, з зубоў. Тады знаю: трэба мне закрыць маснічыну. Я давай левай рукой, давай — хлоп на месца. Там нейкая была карзіна плеценая, поўная яец і накрытая зверху пакуллем такім. А мяне то ў дрож, то ў холад, то ў дрож, то ў холад! Патом чую — абратна ідуць.
— Ох, как мне гэта, — гавора, — на бацінкі апеціты харошыя!
Гэта ён пра бацінкі, што ў маладога на нагах, — ён у Фінляндыі быў, калі вайна была, і прынёс свае з арміі. Так гэта пагаварылі і патом, чую, умануліся, пайшлі адсюль.
Цераз некаторы час ідуць яшчэ. I глядзяць: кагда я пад печ гэтую поўз, у мяне кроў сцежку здзелала, дык яны думалі, што там, і гранату — туда! Кінулі гранату. Дык яна як жахнула, дык аж куры закудахталі. А дым ка мне з гэтай самай, з гранаты. Дык мне ўжо ў яме аж недзе дзявацца…»
Гэта — у хатах. А тыя, што вырваліся, бягуць па полі — тых даганяюць кулямётныя чэргі.
«…Ну, дык мы пайшлі, — працягвае гучна, усё гучней Анастасся Касперава, — а яны як пачалі за намі страляць услед, дык, вы паверыце, папар быў павораны, па гэтаму папару беглі — так білі, колькі нас там ужо сямей вышла, мусіць, тры ці чатыры, — і так б'юць, што дажа бег з намі сабака аднаго хазяіна, дык так, бедны: дзе пуля ўрыецца, ён — туды… Вот яны білі, білі, так з усіх старон — і з той стараны людзі бегчы сталі, і з естай, і спераду. А ўперадзе бег у нас сын той жэншчыны, ён службу ўжо адслужыў, дык ён махнуў, што «лажыцеся!». I чую, як ззадзі ў мяне ўпалі. Адна жэншчына гавора, прашчаецца:
— Сынок мой, прашчай!
Дык я вот так паднялася, зірнула — праўда, ён ляжыць, яна на каленцах над ім. Патом бачу — уперадзі той зноў падняўся і скамандаваў, махнуў нам і сам падняўся, бо ён ужо бача, што яны нас жывых возьмуць. Ну, мы ізноў пабеглі. Так я бягу, так я і вяду ўжо гэтых дваіх дзяцей — хлопчыка і дзевачку. Меншых. А яны так сыплюць, так сыплюць! Ета дзевачка вырвала ў мяне руку і пабегла ўперад у лес. Пабегла. А мы ўжо з гэтым хлопцам маім. Як дабеглі — я ўжо ранена, але я не знаю, што я ранена, — бяжыць дзевачка з лесу назад ка мне і кажа:
— Мамка мая! Я думала, цябе ўжо забілі, дык і я назад іду, каб і мяне забілі. — I кажа: — А што ў цябе?
А-а-а, гляджу, што ўжо… I шагам пайшла ў лес. Ужо не стала бегчы, так ужо сэрца маё… Я і пайшла. Вот і ўшла, і сям'я гэтая ўшла, і дзеўка мая старшая…
Пытанне: — А той, што камандаваў вамі?
— I той увайшоў у лес. Ждановіч Міша. Патом ён быў у парцізанах. Бегла нас дванаццаць чалавек, а чатыры на хаду ўбіла. Як ускочылі ў лес, Міша стаў нам перавязкі рабіць. Мне зрабіў перавязку, патом сястры сваёй. Стаім. Такая стрэльбішча ідзе — невазможна цярпець. Адкуль вазьміся — хазяін мой! Скок ка мне.
— Ой, — кажа…
Гэта ён кроў убачыў, што гэта я ранена. Да гэтага я нічога не помніла, а тут мне так ві-і-дна, што хазяіна ўбачыла! Бо думала: што ж я буду рабіць з дзецьмі без хазяіна!
Мы так сядзелі, сядзелі, страшна так — б'юць, страляюць, страшна, страшна! Ну куды ж нам? Пасядзелі, пасядзелі, пайшлі мужчыны нашы — як жа шашу перайсці? Пайшлі шашу глядзець. Перайшлі гэтую шашу, сядзелі, сядзелі ў тым лесе, камары, камары — невазможна, засякаюць нас, ні агня няма, нічаго ў лесе, ускочылі як стаім. Пайшоў хазяін, знайшоў пастухоў там з другой дзярэўні. Тыя ўжо нам далі агню, спічак. Спічкі ўжо тыя ўскраснулі, агонь разлажылі, хоць куромель ад камароў — нельзя дзецца дзе. Голад жа ў лесе, дык хазяін пойдзе куды, а іх абстраляюць…
Пытанне: — Колькі ў Борках забілі людзей?
— Людзей, мусіць, тысяча восемсот, кажуць, там напісана на помніку: тысяча восемсот сорак тры.
Пытанне: — Дык яны хадзілі з хаты ў хату і так забівалі?
— З хаты ў хату. А ў той дзярэўні — Закрынічча — сабіралі ў адну хату, у другую і білі. А нас так пабілі — па хатах. Пабілі, а потым запалілі.
Пытанне: — А паліцэйскіх як?
— А паліцэйскіх у школу, не ў школу, а ў сарай у школьны, і спалілі. Жыўём, жыўём і з сем'ямі.
Пытанне: — А многа тых паліцэйскіх было, што спалілі?
— А чалавек дзесяць было іх тут…»
Вось так забівалі, забілі самую вялізную з беларускіх Хатыняў — больш за 1800 жанчын, дзяцей, мужчын вёскі Боркі Кіраўскія.
Пасля нападу на Савецкі Саюз галоўнае ўпраўленне імперскай бяспекі ўзялося за распрацоўку «генеральнага плана «Ост», палажыўшы ў аснову «ўказанні», «ідэі» верхаводаў фашысцкага рэйха — Гітлера, Гімлера, Розенберга і іншых.
Сам план «Ост» не знойдзены: ён, відавочна, знішчаны. Захаваліся дакументы, якія каменціруюць, дапаўняюць, ацэньваюць гэты план.
Вось вытрымкі з аднаго такога дакумента, які выходзіў з «Усходняга міністэрства»:
«1/214, дзяржаўнай важнасці
Зусім сакрэтна! Дзяржаўнай важнасці!
Берлін. 27.4.1942.
Заўвагі і меркаванні па «Генеральнаму плану «Ост» рэйхсфюрэра войскаў СС.
Яшчэ ў лістападзе мне стала вядома, што галоўнае ўпраўленне імперскай бяспекі працуе над Генеральным планам «Ост». Адказны супрацоўнік галоўнага ўпраўлення імперскай бяспекі штандартэнфюрэр Эліх назваў мне ўжо тады прадугледжаную ў плане лічбу — 31 млн. чалавек ненямецкага паходжання, якія будуць пераселены…»
«Усходняе міністэрства» ў асобе начальніка аддзела каланізацыі доктара Ветцэля, падлічыўшы і пералічыўшы палякаў, украінцаў, насельніцтва Прыбалтыйскіх савецкіх рэспублік і назваўшы тэрыторыі, якія трэба неадкладна каланізаваць, дае «сустрэчную лічбу». Апетыт канібалаў расце — 31 млн. ужо мала.
«Такім чынам, агульная лічба насельніцтва пералічаных абласцей (якія мяркуецца адразу ж засяліць нямецкімі каланістамі. —Аўт.) складае 51 млн. Колькасць людзей, якія згодна з планам будуць выселены, павінна быць у сапраўднасці значна вышэйшай, чым прадугледжана. Толькі калі ўлічыць, што прыкладна 5–6 млн. яўрэяў, што жывуць на гэтай тэрыторыі, будуць ліквідаваны яшчэ да правядзення высялення, можна згадзіцца з названай у плане лічбай — 45 млн. мясцовых жыхароў ненямецкага паходжання. Аднак з плана відно, што ў названыя 45 млн. чалавек уключаны і яўрэі. З гэтага, такім чынам, выцякае, што план зыходзіць з яўна недакладнага падліку лічбы насельніцтва.
…Калі ўлічыць, што на тэрыторыях, якія разглядаюцца, застанецца 14 млн. мясцовых жыхароў, як прадугледжваў план, дык трэба выселіць 46–51 млн. чалавек».
У гэтую лічбу не ўваходзяць рускія і беларусы, а з імі, — можна ўявіць, якія Асвенцімы і Хатыні меліся наўвазе!..
У прыведзеным дакуменце ёсць спасылка на аднаго з супрацоўнікаў ведамства Розенберга, прафесара доктара Абеля. «Абель бачыў толькі наступныя магчымасці вырашэння праблемы: або поўнае знішчэнне рускага народа, або анямечванне той яго часткі, якая мае выразныя адзнакі нардыцкай расы. Гэтыя вельмі сур'ёзныя палажэнні Абеля заслугоўваюць вялікай увагі. Справа не толькі ў разгроме дзяржавы з цэнтрам у Маскве. Дасягненне гэтай гістарычнай мэты ніколі не азначала б поўнага вырашэння праблемы. Справа заключаецца хутчэй у тым, каб разграміць рускіх як народ»…